Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр пакістанскай апазыцыі, былая прэм’ер-міністар Пакістану Бэназір Бгута загінула ў чацьвер у выніку выбуху ў горадзе Равалпіндзі.


Выбух здарыўся пасьля выступу Бгута на мітынгу яе прыхільнікаў, які праходзіў у гарадзкім парку. Разам зь лідэркаю пакістанскай апазыцыі загінулі да 20 чалавек, дзясяткі людзей параненыя.
Бгута была дастаўленая ў шпіталь, але ў хуткім часе пасьля гэтага Бабар Аван, сябра Сэнату Пакістану і паплечнік Бгута, выйшаў да журналістаў і прыхільнікаў Бэназір і аб’явіў:
“Я толькі што размаўляў з хірургам, доктарам Масадыкам, і ён пацьвердзіў, што Бэназір Бгута загінула пакутніцкай сьмерцю”.
Таксама сёньня ў Равалпіндзі быў адкрыты агонь па мітынгу прыхільнікаў другога лідэра апазыцыі – экс-прэм’ера Наваза Шарыфа. 4 чалавекі загінулі і 12 былі параненыя.
У кастрычніку, калі Бэназір Бгута толькі вярнулася ў Пакістан з выгнаньня, на яе быў учынены замах. Выбух бомбы здарыўся, калі Бгута ехала машынаю зь лётнішча па дарозе, запоўненай сотнямі яе прыхільнікаў. Пры тым выбуху загінулі 130 чалавек.
Мы гатовыя ахвяраваць нашымі жыцьцямі і нашай свабодай...

Пасьля кастрычніцкага замаху Бгута заявіла, што не баіцца сьмерці:

“Калі гэта азначае, што мы павінны ахвяраваць сваімі жыцьцямі, сваёй свабодай, каб уратаваць Пакістан і ўратаваць дэмакратыю, а мы ўпэўненыя, што толькі дэмакратыя можа ўратаваць Пакістан, тады мы гатовыя ахвяраваць нашымі жыцьцямі і нашай свабодай, бо мы не гатовыя аддаць нашу вялікую нацыю ваеўнікам”.
Пасьля ваеннага перавароту, учыненага ў 1999 годзе генэралам Пэрвэзам Мушарафам, Бэназір Бгута знаходзілася ў выгнаньні. Але ў яе заставалася шмат прыхільнікаў у Пакістане.
Сёлета прэзыдэнт Мушараф пайшоў на лібэралізацыю рэжыму, лідэрам апазыцыі Бэназір Бгута і Навазу Шарыфу, якога Мушараф у 1999 годзе адхіліў ад улады, было дазволена вярнуцца, былі абяцаныя свабодныя выбары. Партыя Бэназір Бгута – самая масавая ў краіне.
Пасьля вяртаньня ўлады пасадзілі Бгута пад хатні арышт, але потым былі вымушаныя выпусьціць. Выпрабаваньні не пахіснулі яе намераў. 3 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі яна заявіла:
“У цяперашніх умовах ня можа быць ніякіх справядлівых выбараў. Мы хочам справядлівых выбараў, мы лічым, што павінны быць справядлівыя выбары, і мы ўпэўненыя, што, калі ўмоваў для справядлівых выбараў няма, грамадзтва павінна іх дамагчыся”.
У 1979 годзе бацька Бэназір, прэм’ер-міністар Пакістану Зульфікар Алі Бхута быў адхілены ад улады ў выніку ваеннага перавароту і пакараны адсячэньнем галавы.
Сёньня загінула яго дачка. Назіральнікі перасьцерагаюць, што забойства найпапулярнейшага апазыцыйнага лідэра можа прывесьці да маштабных хваляваньняў у Пакістане – краіне, дзе жыве 160 мільёнаў чалавек і якая валодае ядзернай зброяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG