Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Харчы падаражэлі амаль у 2 разы”


"Абеды ў Івянцы" - выніковая праграма за 2007 год.


Пры канцы мінулага году, пад самыя Каляды, пэнсіянэрка Галіна Шакаль адмовілася была ад задумы разбагацець на гандлі. Некалькі гадоў яна разам з сынам трымала намёт на цэнтральным пляцы Івянца. Гандлявалі садавіной і гароднінай, якія набывалі на аптовым рынку ў Ждановічах.

Але цягам 2007-га спадарыня Шакаль працягвала гандляваць.

Пад самыя Каляды 2007-га пэнсіянэрка зноў заяўляе, што кідае гандаль.

Карэспандэнт: “Вы зараз гандлюеце?”

Шакаль: “Не. На двары халодна, дык я дома сяджу. Толькі да новага году, а пасьля будзем закрывацца”.

Карэспандэнт: “Памятаеце, на пачатку 2007 году вы казалі, што гандляваць ня будзеце, але гандлявалі…”

Шакаль: “Жыць неяк трэба, а ўладкавацца на іншую працу няма дзе”.

Карэспандэнт: “Зусім гандаль прыбытку не прыносіць?”

Шакаль: “А які тут можа быць прыбытак? Крамаў у мястэчку шмат, а заробкі ў людзей малыя. Адкуль у чалавека могуць быць грошы на розныя прысмакі?”

Карэспандэнт: “На пачатку 2007 я пытаўся пра пляны. Вы сказалі, што хочаце перакрыць дах...”

Шакаль: “Шыфэр так і ляжыць. Я дах так і не перакрыла. Ніяк не магу сабраць грошы. Можа, трэба там будзе мяняць яшчэ кроквы — гэта ня ўсё так проста”.

Карэспандэнт: “Як пражылі 2007 год?”

Шакаль: “Для нас быў радасны, бо ў мяне нарадзілася ўнучка”.

Карэспандэнт: “Ці лёгка зараз гадаваць малыя дзеці? Ці хапае той кампэнсацыі, якую дае дзяржава?”

Шакаль: “На што яе будзе хапаць? Сёньня, каб набыць аднаму дзіцяці боты, трэба 90 тысячаў. Казалі, што дзіцячае
Сёньня, каб набыць аднаму дзіцяці боты, трэба 90 тысячаў
харчаваньне на пятага дзіцёнка будзе бясплатным, aле нічога не даюць”.

Гасьцюю ў сталага ўдзельніка праграмы “Абеды ў Івянцы” пэнсіянэра Мікалая Куксо. Гаспадару амаль 80. Да пэнсіі працаваў адвакатам, настаўнікам і агітатарам-прапагандыстам.

Спадар Куксо любіць казаць праўду ў твар. Пры любой нагодзе ён адстойвае свае апазыцыйныя погляды. У лазьні любіць пераказваць зьмест праграмаў Радыё Свабода і прачытанага ў “Нашай ніве”.

Размову за кубкам кавы пачынаем з пытаньня пра вынікі 2007 году.

Куксо: “Пражылі безь ніякіх значных посьпехаў. Алей каштаваў 2 зь нечым тысячы — цяпер 5 і болей. Сыр “Галяндзкі” быў 9 тысячаў, цяпер — цягне пад 15. Самы танны хлеб быў 830 рублёў, цяпер — 1060 рублёў. Сала на пачатку году было 4 тысячы на кірмашы, а цяпер — 6 500. Мяса было 7 тысячаў, цяпер — 8,5 тысячаў”.

Карэспандэнт: “На колькі падвысіліся пэнсіі?”

Куксо: “Аднаго разу на 7%, а другі — на 9%”.

Карэспандэнт: “Што робяць людзі, каб выжываць?”

Куксо: “Кожны варушыцца, як можа. Прыкладам, я цэлую восень капаю грады. Гэта нягледзячы на тое, што мне хутка 80 гадоў. Згроб паўпарку лісьця, бо ўгнаеньняў няма. У мяне ў хаце цёпла. Сухастоіна зьявіцца ў парку — я папрашу дазволу і сьпілую яе. Яшчэ за бальшавікамі зрабіў уласнае вадзяное ацяпленьне. Але, каб яно працавала, патрэбны брыкет. Брыкет я не набываю. Замест яго бяру торфакрошку. Тут у нас і Дом культуры, і сельсавет. Яны брыкет спаляць, а сьмецьце застаецца. Ня йдзе ў іхныя печы крошка. А для мяне гэтае сьмецьце — сама тое. Скрынямі важу гэтую крошку”.

Карэспандэнт: “Ці спрабавалі вы падлічыць, колькі эканоміце грошай на паліве?”

Куксо: “Прычэп дроваў каштуе пад 300 тысячаў. Гэта роўна маёй пэнсіі”.

Карэспандэнт: “Як зьмяніліся настроі ў людзей за год?”

Куксо: “Настроі крыху мяняюцца. Калі раней пэнсіянэр езьдзіў на сваё лецішча за паўцаны, а цяпер будзе плаціць за поўны квіток, дык ён штораз, калі будзе ехаць, узгадае падарунак, што ў яго льготы адабралі. Нас улада вельмі цікава абнадзеіла. Кажуць, што некалі дадуць большы заробак і падвысяць пэнсіі. Атрымліваецца, што воз наперадзе, а конь — ззаду. Спачатку адабралі льготы, а кампэнсацыя будзе потым”.

Карэспандэнт: “А ці здарылася нешта добрае? Якія станоўчыя вынікі жыцьця Івянца?”

Куксо: “Улада сьвяткавала дзень народзінаў Дзяржынскага, дык узарвалі асфальт, паклалі брук і плот паправілі каля помніка. Хіба толькі гэта”.

Валер Мазура працуе рэжысэрам Івянецкага дому культуры. Калі ён быў госьцем праграмы “Абеды ў Івянцы”, распавядаў пра сваю мару — паставіць на сцэне ДК “Ідылію” і “Рэвізора”. А яшчэ спадар Мазура казаў, што не баіцца адкрыта выказваць свае дэмакратычныя погляды. Не баіцца, бо, маўляў, няма да чаго прычапіцца — “свае абавязкі я выконваю якасна і прафэсійна”. Валер Мазура падсумоўвае вынікі 2007 году.

Карэспандэнт: “Як зьмяніўся ваш заробак за гэты год? Ці падымалі яго? На колькі падымалі?”

Мазура: “Кажу як ёсьць: не падняўся ў мяне заробак. Пры канцы году адчуў недахоп грошай. Да канца месяца не хапіла прыкладна 350 тысячаў. Я пайшоў вучыцца на кіроўцу. Заплаціў за курсы і адчуў недахоп грошай”.

Карэспандэнт: “Колькі каштуе навучаньне?”

Мазура: “600 тысячаў і паліва за свой кошт. Калі падлічыць, усё разам будзе каштаваць 1 мільён рублёў”.

Карэспандэнт: “Як выходзіце з гэтай сытуацыі?”

Мазура: “Эканомлю. Хацеў памяняць абутак. Але выглядае, што буду насіць леташні. Хутка Новы год, пачнуцца “ёлкі” — будзе нейкі дадатковы заробак”.

Карэспандэнт: “Колькі можна зарабіць на навагодніх сьвяточных імпрэзах?”

Мазура: “Дзед Мароз на ёлцы — 20 даляраў”.

Карэспандэнт: “Памятаю, на пачатку году вы сказалі такую фразу: паглядзім, як будуць расьці кошты на газ, калі надта імкліва, замест газавага катла паставіце дрывяны. Ці прыдаўся вам кацёл на дровах?”

Мазура: “Карыстаюся газавым. Пакуль яшчэ да гэтага не дайшло. Што да коштаў на энэрганосьбіты, напэўна, яны істотна не зьмяніліся. Але калі палічыць сплаты за газ, за тэлефон, за кватэру, атрымліваецца вялікая сума. Цяпер за ўсё гэта разам на 30 тысячаў болей”.

Карэспандэнт: “Калі вы былі госьцем нашай праграмы, сказалі, што ёсьць жаданьне паставіць на сцэне дому культуры “Рэвізора” і “Ідылію”. Ці наблізіліся вы да сваёй запаветнай мары?”

Мазура: “На жаль, не. Для гэтага патрэбныя прафэсійныя акторы. Прафэсіяналаў няма. У нас у раёне зьявіўся калектыў “Дубінскія фанабэры”. Увесь матэрыял гумарыстычнага калектыву пабудаваны на мясцовых рэаліях. Акторы — звычайныя людзі. Знайшлі свой твар: гумар адрозьніваецца ад агульнапрынятага. Безумоўна, адрозьніваецца і ад расейскага”.

Карэспандэнт: “А як мястэчка год пражыло?”

Мазура: “Катаклізмаў ніякіх не было. Працягваюць разбурацца нашыя дарогі. Кладуць газ. Яго кладуць на тым месцы, дзе ходнікі. Асфальт пасьля гэтага ніхто не аднаўляе”.

Увесь год мы сачылі за тым, як мяняецца стан прыватнага беларуска-кіпрскага прадпрыемства “Кандытарская фабрыка “Іўкон”.

Да пачатку 2007 году асноўным рынкам збыту была Расея. Пасьля таго як у суседняй краіне назвы цукерак зарэгістравалі як гандлёвыя маркі, экспарт зьменшыўся напалову.

Супрацоўнікі прадпрыемства кажуць, што паколькі фабрыка прыватная і не атрымлівае фінансавай дапамогі зь бюджэту, тут з уласнай ініцыятывы пачалі шукаць новыя рынкі і эканоміць.

Паводле вынікаў 2007 году на “Іўконе” маюць новую вытворчую лінію, новую сыстэму ўліку і эканоміі электраэнэргіі і новыя рынкі збыту — краіны Цэнтральнай Азіі.

Госьцем адной з праграмаў “Абеды ў Івянцы” быў начальнік кацельнай Віктар Прусевіч. І вось апошняя сустрэча ў 2007-м…

Карэспандэнт: “Як зьмяніўся ваш дабрабыт за гэты год?”

Прусевіч: “На тым самым узроўні. Лепей ён ня стаў. Калі такія кошты, то пра што лепшае можна казаць? Кошты скачуць,
Кошты скачуць, асабліва на харчы — страшна становіцца
асабліва на харчы — страшна становіцца. Калі жонка некалі пойдзе ў краму і пакіне там 20 тысячаў, то сёньня за тое самае яна аддае 40 тысячаў. Я жыву па мінімуме. У мяне сын вучыцца на платным. Кошты на навучаньне растуць кожны сэмэстр. Адкладаеш, каб толькі сабраць гэтыя 500 даляраў”.

Карэспандэнт: «Ці зьмяніўся ваш заробак за гэты год?”

Прусевіч: “Зьмяніўся. Паднялі на 60 тысячаў. Ад мінулых прэзыдэнцкіх выбараў ніхто нашыя заробкі не падвышаў”.

Карэспандэнт: “А што вы можаце падараваць на сьвяты жонцы і сыну?”

Прусевіч: “Жонцы — нічога, як і яна мне. У нас такая дамова. Мы адно аднаму кажам: “Прабач, я табе нічога не падару, як і ты мне”. А сыну мы дорым такія рэчы, якія патрэбныя ў жыцьці: шкарпэткі, пальчаткі, дэзадарант. Тое самае і астатнім дзецям. Толькі ўнукам дорым цукеркі і апэльсіны”.

Карэспандэнт: “Як зьмянілася мястэчка за год?”

Прусевіч: “Ёсьць зьмены. Людзі будуюцца, хаты ўзьнікаюць. Пачалі ўжо добраўпарадкаваць ня толькі цэнтар, але і аддаленыя вуліцы”.

Карэспандэнт: “У якім стане цяпер фабрыка?”

Прусевіч: “Нейкія рынкі страчваем, нейкія знаходзім. Запусьцілі новую лінію вырабляць цукеркі”.

Карэспандэнт: “А што з эканоміяй электрычнасьці? На пачатку году вы казалі, што ставіцца новае абсталяваньне. Пачалі дакладней разьлічваць, колькі энэргіі патрэбна прадпрыемству. Як зьмянілася сытуацыя за год?”

Прусевіч: “Эканомія — справа не аднаго дня. Шмат што зроблена, але гэта толькі кропелька. Асноўная праца наперадзе. Патрэбныя вялікія ўкладаньні. Мы — прыватнае прадпрыемства. Дзяржаўныя прадпрыемствы могуць разьлічваць на падтрымку дзяржавы, а мы — толькі на сябе”.

На пытаньне, што зьмянілася ў жыцьці за 2007 год, Іван Вальчэўскі можа распавядаць доўга.

Ён разьвітаўся са школай, дзе працаваў настаўнікам матэматыкі апошнія 37 гадоў. Ва ўласнай хаце ён памяняў кацёл, сантэхніку і зрабіў рамонт.

Карэспандэнт: “Калі паглядзець на ўзровень дабрабыту вашай сям'і на пачатку гэтага году і сёньня, што зьмянілася?”

Вальчэўскі: “Паменшыўся, бо няма заробку, які я атрымліваў у школе. У гэтым месяцы перад пэнсіяй у нас засталося 50 тысячаў. Ежы мы меней набываць ня сталі, але ўсё, што атрымліваем, ідзе на харчаваньне”.

Карэспандэнт: “Якія кошты былі на пачатку году і якія цяпер?”

Вальчэўскі: “Шмат якія харчы падаражэлі амаль у 2 разы. Да нас заходзіў чалавек, які займаецца скупам сьвіней, а пасьля гатовае мяса на рынку прадае. Калі раней на вёсцы можна было набыць жывой вагой па 3 800 кіляграм, то сёньня меней чым за 4 500 рублёў ніхто не аддае. Адпаведна і мяса на рынку падаражэла. Раней, калі я заходзіў у нашую прыватную краму “Парк”, там заўсёды было людна. Цяпер — добра, калі 2—3 чалавекі. Гэта паказьнік таго, што народ не жыве лепей”.

Карэспандэнт: “А як людзі выходзяць з гэтай сытуацыі?”

Вальчэўскі: “Хтосьці абмяжоўвае сябе ў ежы, хтосьці — у адзеньні. Цяжэй за ўсё тым, у каго дзеці сёньня студэнты ці школьнікі старэйшых клясаў — іх трэба апрануць і адправіць”.

Карэспандэнт: “Рост коштаў… а тут Каляды. Ці знойдуцца ў людзей грошы на харчы, каб прыгатаваць 12 страваў?”

Вальчэўскі: “На гэтыя харчы заўсёды знаходзяцца грошы нават у самых бедных. І ў бедных і ў заможных сем'ях стол будзе
Перад сьвятамі ў крамах усё гудзе, а пасьля 2 тыдні там ціха — людзі патрацяць усё, каб быць як усе
накрыты амаль аднолькава. Перад сьвятамі ў крамах усё гудзе, а пасьля 2 тыдні там ціха — людзі патрацяць усё, каб быць як усе”.

Карэспандэнт: “За 2007 год ці здарылася ў жыцьці Івянца нешта станоўчае?”

Вальчэўскі: “Дарогу да школы адрамантавалі. Касьцёлы адрамантавалі”.

Карэспандэнт: “Яшчэ адна сталая ўдзельніца нашай праграмы — вашая котка Марта. Як для яе 2007 год прайшоў? Вы яе так і працягваеце карміць путасу?”

Вальчэўскі: “Путасу купляем. Варым не па два кавалачкі, а па адным”.

Карэспандэнт: “Ці зьмянілася цана путасу?”

Вальчэўскі: “Быў кіляграм 1 800, цяпер — каля 4 тысячаў. Атрымліваецца, што падаражэў у 2 разы”.

Карэспандэнт: “Звычайна людзі на наступны год складаюць пляны. Як зьбіраецеся пражыць 2008 год?”

Вальчэўскі: “Вялікія пляны ў мяне. Пляную дом звонку атынкаваць, перакрыць страху і памяняць у хаце чацьвёра дзьвярэй”.

Пяцітысячны Івянец знаходзіцца ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці за 60 кілямэтраў ад сталіцы. Рэйсавы аўтобус сюды цягнецца 2 гадзіны. Квіток каштуе 5,5 тыс. Аплата праезду не мянялася з канца 2006 году.

Падсумуем і мы вынікі жыцьця мястэчка. У 2007-м у Івянцы пачалася рэстаўрацыя касьцёла Сьвятога Міхаіла. А помнік нэаготыкі, “чырвоны” касьцёл Сьвятога Аляксея адсьвяткаваў сваё стагодзьдзе.

На цэнтральным пляцы адчынілася праваслаўная царква сьвятой Эўфрасіньні. Яе будавалі 11 гадоў.

За 2007 год з розных прычынаў у мястэчку зачыніліся 3 кавярні. І цяпер, каб паабедаць у Івянцы, трэба альбо загадзя нарабіць канапак, альбо ісьці ў госьці да знаёмых.

А добрых знаёмых у Івянцы за 2007 год стала ў разы болей.
XS
SM
MD
LG