Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры аргкамітэту па стварэньню партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя правялі калядную вечарыну на сядзібе Партыі БНФ.


Калядная вечарына пачалася пад гукі гімну “Магутны Божа”. Пасьля сумеснай малітвы перад прысутнымі выступілі Павал Севярынец, Аляксей Шэін, Віталь Рамашэўскі ды іншыя.

У 2007 годзе сябры аргкамітэту ў стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі правялі агульнанацыянальную кампанію ў абарону свабоды сумленьня разам з хрысьціянскімі цэрквамі, у асноўным, пратэстанцкімі. Вернікі сабралі больш за 43 тысячы подпісаў за адмену закона аб рэлігіі.

Апроч таго, быў рэалізаваны праект “Пакаяньне”, прымеркаваны да 90-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і 70-годзьдзя піку сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Гэта й сустрэчы зь вязьнямі ГУЛАГу, хрысьціянамі-вернікамі, экскурсіі ў Курапаты, канфэрэнцыі, антыкамуністычны форум.

Кампанія “Сьвятыні” – праца ў перадачы касьцёлаў і цэркваў вернікам, якія ў іх раней адабралі і дагэтуль не вяртаюць.

Пачалася кампанія “Шлях да Беларусі” – гэта шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, каб садзейнічаць вяртаньню беларусаў да сваіх вытокаў.

У наступным годзе стартуе кампанія ў абарону сям’і – за паважлівае стаўленьне адзін да аднаго ў сям’і, супраць абортаў.

Павал Севярынец
назваў “Свабодзе” імёны "ды-джэяў Адраджэньня” ў 2007 годзе.

“Ды-джэі Адраджэньня” – гэта тыя людзі, якія вераць у Бога, любяць Беларусь і гатовыя самаахвярна дзейнічаць на гэтай ніве – праводзіць шоў Беларушчыны, арганізоўваць палітычныя і грамадзкія акцыі. Узнагародзяць Аляксея Вяргейчыка, пераможцу ды-джэйскіх курсаў; Анатоля з-пад Мазыра, Алеся Круткіна, Аксану Рудовіч, Кірылу Шыка, Зьмітра Хведарука, Людвісю Атакулаву...”

Аляксей Шэін паведаміў, што Беларуская хрысьціянская дэмакратыя будзе пашырацца за кошт моладзі.

“Мы бачым дзьве асноўныя групы людзей. Гэта вернікі, якія ўжо далучаюцца да дзейнасьці хрысьціянскай дэмакратыі. Па-першае, гэта вернікі розных хрысьціянскіх супольнасьцяў, якія раней ніколі не займаліся грамаджзкай дзейнасьцю і ня ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці. Другая група – гэта маладыя людзі, якія таксама цяпер знаходзяцца ў стадыі жыцьцёвага пошуку. Мы гатовыя прапанаваць ім ідэю, якая дае аптымістычнае бачаньне будучыні, якое даюць вера ў Бога і ў краіну, у якой гэтыя маладыя людзі жывуць”.

На вечарыне прэзэнтаваўся новы дыск з хрысьціянскімі песьнямі па-беларуску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG