Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ідзе пераднавагодні гандаль. У адрозьненьне ад камэрцыйных крамаў, дзяржаўныя не зацікаўленыя прывабліваць пакупнікоў зьніжкамі на тавары.


Звычайна ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” ня ўбачыш чэргаў — кошты тут, як той казаў, кусачыя. Але ня сёньня. Падыходжу да чаргі ў адну з крамаў адзеньня для моладзі і пытаюся ў маладых модніц, што яны зьбіраюцца набываць.

Дзяўчына: “Кофтачку прыгожую. Сюды прыйшла, бо мне заўсёды тут падабаецца, а сёньня яшчэ і таму, што тут зьніжкі на 50%”.


Карэспандэнт: “А дзе яшчэ ў Менску можна набыць тавары са зьніжкамі?”

Дзяўчына: “Ня ведаю”.

Яе сяброўка: “Магчыма, на “Полі цудаў”. Там што заўгодна купіш таньней”.

У іншых крамах “Сталіцы” таксама бачу абвесткі пра зьніжкі: на 30% патаньнеў модны абутак, на 15% — спартовая вопратка. Але чэргаў няма. Пакупніца, на выгляд гадоў 45, чымсьці незадаволеная. Пытаюся, чым.

“Усе гэтыя зьніжкі — толькі на куртачкі, кофтачкі для дзяўчынак. Тоненькіх, худзенькіх. А вось знайсьці нешта для жанчыны маіх гадоў і формаў па зьніжках, на жаль, немагчыма”.

Жанчына сказала, што працягне пошук у дзяржаўных крамах, дзе прызвычаілася апранацца.

"Зьніжкі загадам адміністрацыі адмянілі"

Іду ў ГУМ, які дагэтуль лічыцца флягманам беларускага гандлю. Сьціплы плякацік віншуе пакупнікоў з набліжэньнем Новага году. Лічбаў з працэнтамі, перакрэсьленых яркай палоскай, у вітрынах ГУМу не відаць.

Супрацоўніца ГУМу Ірына кажа, што дадатковыя зьніжкі напярэдадні сьвятаў яны не выкарыстоўваюць. Бо пакупнікоў хапае. А што да зьніжак увогуле, то яны ёсьць.

“Наш ГУМ яшчэ робіць зьніжкі, у адрозьненьне ад іншых унівэрсальных крамаў. У нас ёсьць крэдыты, ёсьць розныя хітрыкі, каб завабіць пакупніка. Яшчэ ёсьць дысконтныя карты — залатая, срэбная, плятынавая. У кожнай сэкцыі на пэўны тавар такое ёсьць. Купляеш на пэўную суму і атрымліваеш зьніжку, прыкладам, 10%. Праз радыёвузел пра гэта інфармуюць”.

Паглядзець на тавары са зьніжкамі мяне адправілі на трэці паверх. Там я знайшоў фіранкі на 25% таньнейшыя, чым звычайна. Некаторыя тканіны таксама прадаваліся са зьніжкаю 15%. Але шмат пакупнікоў у гэтых сэкцыях я ня ўбачыў.

У сэкцыі жаночага адзеньня, дзе пакупнікоў было досыць, касірка патлумачыла: у іх былі зьніжкі, хоць і невялікія, да 10%. “Але зь сёньняшняга дня іх увогуле загадам адміністрацыі адмянілі. Сказалі, што перад Новым годам усё і так добра раскупляюць”, — распавяла жанчына.
XS
SM
MD
LG