Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



У Беларусі скасавалі льготы для шэрагу катэгорыяў грамадзян краіны: дзяцей, інвалідаў, пэнсіянэраў, донараў. Слухачы працягваюць камэнтаваць гэтую тэму:

“Неабходна міністраў, чыноўнікаў, дэпутатаў і іншых, якія адабралі 17 сьнежня 2007 года льготы ў нямоглых і безабаронных “ліквідатараў,” пэнсіянэраў, інвалідаў, студэнтаў і ў іншых падобных катэгорый грамадзянаў, адправіць на працу на 3—4 месяцы ў 30-кілямэтровую забруджаную радыяцыяй чарнобыльскую зону з пражываньнем у намёце па 27—30 чалавек сярод тых, хто паліць і ўжывае сьпіртное. Гэта для таго, каб яны змаглі пабачыць, што робіцца ў іх пад нагамі, што яны топчуць, нібы сланы".

Спадар: “У законе Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 году аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, артыкул 3, пералічаныя наступныя катэгорыі грамадзянаў, якія маюць права на сацыяльныя льготы. Пункт 2.6: “асобаў каманднага і шараговага складу органаў унутраных спраў, ДБ, байцы і камандны склад зьнішчальных батальёнаў і атрадаў абароны народа, якія ўдзельнічалі ў апэрацыях па ліквідацыі нацыяналістычнага падпольля на тэрыторыі Ўкраіны, Беларусі і прыбалтыйскіх рэспублік у пэрыяд са студзеня 1944 па сьнежань 1951 году”. Як бачым, тых, хто душыў нацыянальную барацьбу за незалежнасьць сваіх нацыянальных рэспублік, закон шануе і льготы ім пакінуў. Цікава, ці ведае рэдакцыя “Свабоды”, што гэта за “атрады абароны народа” і чым яны займаліся ў пэрыяд з 1944 па 1951 гады? Дзякуй”.

На пытаньне адказвае гісторык Ігар Кузьняцоў:

“Гэта своеасаблівыя добраахвотныя атрады, створаныя з камуністаў і камсамольцаў дзеля змаганьня з нацыяналістычным падпольлем. Што разумелася пад нацыяналістычным — невядома, бо іх заўжды называлі бандытамі. Усе гэтыя афіцыйныя структуры, а таксама іх памочнікі, фактычна змагаліся са сваім народам”.
Я тэлефаную наконт мітынгу студэнтаў у Менску. Яны сваімі дзеяньнямі дабіваюцца вучобы за мяжой, каб уладкаваць сваё жыцьцё ў Амэрыцы і назад не вяртацца

Працягваем праграму наступным выказваньнем:

Спадарыня: “Я тэлефаную наконт мітынгу студэнтаў у Менску. Яны сваімі дзеяньнямі дабіваюцца вучобы за мяжой, каб уладкаваць сваё жыцьцё ў Амэрыцы і назад не вяртацца. Так што ня вешайце нам локшыны на вушы. Вы дапамагаеце таму, хто лье бруд на наша грамадзтва. Так што з вамі ня мае сэнсу размаўляць”.

Выказваньне камэнтуе адзін з актывістаў Маладога фронту Зьміцер Хведарук. Нагадаю, што Зьміцер Хведарук днямі быў выпісаны са шпіталю пасьля таго, як быў зьбіты супрацоўнікамі спэцслужбаў падчас адной з акцыяў пратэсту:

“Сапраўды і Зьміцер Дашкевіч, і я езьдзілі ў Амэрыку, але мы вярнуліся. Што да зьнявагі грамадзтва, то ў нас няма грамадзянскай супольнасьці, няма грамадзянскай актыўнасьці. Усё гэта прыроўніваюць да злачынства. І мы намагаемся стварыць такую актыўную грамадзянскую супольнасьць, якая была б здольная адстойваць свае правы”.

“Як будзем сьвяткаваць 90-годзьдзе БНР? Якiя мерапрыемствы будуць?” З нагоды гэтай гадавіны адбудзецца шэраг самых розных мерапрыемстваў. Пра некаторыя, якія будзе рабіць Партыя БНФ, расказвае намесьнік старшыні партыі Вінцук Вячорка:

“У нас складзеная адмысловая праграма, якая прадугледжвае дзясяткі падзеяў. Перадусім гэта сьвяткаваньне самога 25 сакавіка — юбілею БНР. Напярэдадні адбудзецца форум “За незалежнасьць”. Прадугледжваецца таксама шэраг адукацыйных праграмаў, выданьняў, асьветніцкіх тураў, канцэртаў і гэтак далей”.

СМС-віншаваньні з Калядамі і Новым годам мы атрымалі ад слухачоў Віталя, Цімоха, Франка, Васiля Шалухiна, Мікалая са Смаргоні, Уладзімера Краўцэвіча з Гародні, сям’я Ляшнеўскіх зь Менску. У працяг тэмы і наступныя тэлефанаваньні:

Вольга Міхайлаўна: “Паважанае Радыё Свабода, віншую ўсіх супрацоўнікаў вашага радыё са сьвятам Божага нараджэньня і з Новым 2008 годам. Жадаю вам і вашым блізкім посьпехаў у працы, здароўя, шчасьця, свабоды ў роднай Беларусі. Няхай бадзёра гучаць у эфіры галасы палітыкаў, аналітыкаў, жанчын і мужчын. У мінулым годзе ў Вас было шмат цікавых сустрэчаў у эфіры: гэта і Олбрайт, і Мілінкевіч, і Нямцоў, і Навадворская — усіх не пералічыць. Спадзяюся на такі ж плённы 2008 год. Жыве Беларусь, жыве наша “Свабода”!”

Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар, “Свабода”! Віншую журналістаў Радыё Свабода з Калядамі! Зычу вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасьця, плённай працы на журналісцкай ніве. Перадаю свае шчырыя віншаваньні слухачам “Свабоды”. Дзякуй”.

Валеры Курневіч, Барысаў: “Я згодзен з тым слухачом, які казаў: “Хоць сёньня я і не паэт, але “Свабодзе” шлю прывет”. Хачу таксама далучыцца да яго такімі радкамі:

Каб у грамадзтве была згода,
Усім патрэбна нам свабода.
Свабода слова — як сьвежы вецер,
Яна праўду ўсім нясе на сьвеце.
Са свабодай будзем знацца,
Беларусы будуць “людзьмі звацца”.
Свабода нам дае і лекі,
У духоўны строй вяртаюцца калекі.
Са свабодай веру ў маю Беларусь.
Таксама веру — у строй яе Эўропа прыме
І па-братэрску нас абдыме.
Вытокі нашы ды крыніцы, карані
Глыбока гістарычныя.
І падставы быць разам ёсьць —
Яны геаграфічныя
.

Зусім мала часу засталося да Новага году. Можа, 2008 год будзе лепшым для беларусаў, і ўлада адпусьціць папругу і супонь на хамуце. Жадаю рэдакцыі добрага здароўя, таксама быць моцнымі, мужнымі людзьмі бяз страху і папроку”.

XS
SM
MD
LG