Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кожны дзень усё даражэе...”


Ці падвысіліся кошты на харчы напярэдадні навагодніх сьвятаў? Апытаньне нашага карэспандэнта на гарадзенскім рынку “Цэнтральны”.


З самай раніцы на рынку “Цэнтральны” шматлюдна, нягледзячы на сьцюдзёнае надвор’е. Гарадзенцы адсьвяткавалі каталіцкія каляды, а цяпер рыхтуюцца да сустрэчы Новага году. Вось бачу, як сярэдняга веку спадар набыў цытрусавых і незадаволена ківае галавой.

Карэспандэнт: “Відаць, кошты на цытрусавыя зьмяніліся?” — пытаюся ў яго.

Спадар: “Яшчэ дзён 10 таму гэтыя абхаскія мандарыны каштавалі дзьве тысячы рублёў, а зараз — пяць. Каму б такое расказаць... Я разумею, калі кошты падымаюцца на 5—10%, але ж не на 150 і не на 200%...”

Карэспандэнт: “Але ж купляць усё роўна давядзецца на сьвяты?”

Спадар: “Зразумела, што куплю, дзяцей жа без падарункаў пакідаць нельга, дый традыцыю трэба захоўваць”.

Старэйшая спадарыня выбірае мяса й незадаволена пераходзіць ад аднаго гандляра да другога. Пытаюся ў яе, ці падвысіліся перад сьвятамі кошты на мяса.

Спадарыня: “На мяса ўжо даўно кошты вырасьлі. Вось я ялавічыну ўжо купляю па 16 тысяч, праўда, сьвініну не бяру, бо мне яе нельга”.

Карэспандэнт: “Дык, можа, было б прасьцей купіць усё ў краме?”

Спадарыня: “Ой, там таксама дорага. Там наагул кожны дзень усё даражэе. Я вось жыву на вуліцы Пралетарскай і хаджу ў краму, дык там на адны й тыя самыя харчы кожны дзень іншыя цэны”.

Да нашай размовы далучаецца яшчэ адна спадарыня, якая прыйшла сюды па мяса.

Спадарыня: “Мяса дарагое, і харчы мясныя ўсе дарагія. А яшчэ садавіна дарагая. Гародніна так сабе, бульбы мы нарыхтавалі, а вось садавіна, асабліва сухафрукты — наагул... Людзям, каб не было халестэрыну падвышанага, трэба есьці сухую курагу ды арэхі грэцкія, а яны каштуюць 25 тысяч за кіляграм. Дык што гэта за кошты?”

Маладая спадарыня з сынам прыглядаюцца да кілбасаў. Мы разгаварыліся, і я пытаюся, колькі яна выдаткуе грошай, каб падрыхтаваць сьвяточны стол на Новы год.

Спадарыня: “Самы звычайны стол для сям’і з чатырох чалавек, прычым самы звычайны, без асаблівых прысмакаў, абыходзіцца прыкладна ў 300 тысяч”.

Карэспандэнт: “А зарабляеце вы колькі?”

Спадарыня: “Дзьвесьце тысяч у мяне заробак, праўда, муж зарабляе трохі болей”.

Карэспандэнт: “Відаць, няпроста пасьля сьвятаў вам давядзецца да наступнай зарплаты?”

Спадарыня: “Мы звычайныя рабочыя людзі. Цяжка нам даводзіцца, вельмі цяжка. І наагул мы не падтрымліваем нашага прэзыдэнта, але мы толькі звычайныя людзі й нічога ня можам зьмяніць”.

Міхал Карневіч, Горадня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG