Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць Каляды ў блізкім і далёкім сьвеце?


Каляды сьвяткуюць і ў Багдадзе
Каляды сьвяткуюць і ў Багдадзе

Сьвет сустракае Каляды разнастайнымі фэстывалямі, сьвяточнымі канцэртамі і балямі. Што цікавага адбылося на Каляды ў розных краінах сьвету?


Вена ўжо адкрыла сэзон калядных баляў. Пасьля доўгага перапынку аднавіўся Венскі фэстываль музыкі часоў сярэднявечча і барока “Resonanzen”, тэма якога сёлета – “Імправізацыя, прадстаўленьне, экстаз”. Праграма венскіх баляў традыцыйная: на пачатку – прывітальны кактэйль, пасьля выступы артыстаў Венскай опэры і балета, банкет і танцы да 5 гадзін раніцы.

У лёнданскім Таўэры на фэстывалі “Сярэдневечныя каляды” можна пабачыць, як сустракалі Каляды пры каралеўскім двары Эдуарда І. А цяпер у Лёндан зьбіраюцца самыя знакамітыя мімы, ілюзіяністы і танцоры з усяго сьвету – на самы вялікі ў сьвеце міжнародны фэстываль “Mime” –фэстываль пантамімы і цырку, дзе таксама выступаюць і тэатры плястыкі і балету. У ліку самых цікавых падзеяў фэсту – плястычная камедыя абсурду “Гэты цудоўны сьвет” францускага тэатра B.P.Zoom, музычна-плястычная кампазыцыя “Mozart Preposteroso!” брытанскага міма Ноля Раэ, акрабатычны спэктакль францускай трупы “Collectif Petit Travers”.

Па ўсёй Эўропе на старых гарадзкіх плошчах у сталіцах і невялікіх мястэчках – традыцыйныя калядныя кірмашы. На іх прыходзяць ня толькі каб набыць калядныя падарункі, але і пачаставацца мясцовымі каляднымі ласункамі – гарачымі вафлямі, незвычайнымі блінамі, калядным печавам, якое робіцца на вачах, гарачымі каштанамі і вустрыцамі, кілбаскамі і парсюкамі, засмажанымі цалкам на вогнішчы, і, вядома, півам і гарачым віном. На гэтых кірмашах таксама ладзяцца каткі, зімовыя атракцыёны, канцэрты і спэктаклі.

Хаця сёлета каляднае надвор’е не пацешыла Эўропу сьнегам, у Парыжы сёлета Эйфэлева вежа засыпаная сьнегам сантымэтраў на трыццаць – праўда, штучным. Наведнікі ходзяць па гэтым глыбокім сьнезе ў сьнегаступах.

Санта-Кляўс пасяліўся ў Азіі

А “Вялікі сьвет ільда і сьнегу” учора адкрыўся ў Кітаі – у чаканьні Алімпіяды 2009. Гэта фэстываль, для якога створаны парк на тэрыторыі 40 тысяч гэктараў каля Харбіну. З сотняў тысячаў тон ільду і сьнегу зробленыя скульптуры, якія дэманструюць гісторыю Алімпіяды. У парку 6 пэйзажных рэгіёнаў – у іх ліку, да прыкладу, рэгіён сьвятаго агню Алімпіяды і рэгіён пачуцьцяў аб Алімпіядзе – і ўсё гэта са сьнегу і льду.

І вось яшчэ цікавая калядная падзея з Азіі – хаця, як усім вядома, Санта-Кляўс жыве ў Ляпландыі, у Фінляндыі, ад сёлета ў яго зьявіцца, магчыма, яшчэ адно месца сталага жыхарства – гара ў Кіргістане.

Швэдская кампанія “Sweco”, якая займаецца лягістыкай і кансалтынгам, даказала, што Фэрганскі хрыбет – ідэальнае месца для старту Санта-Кляўса, каб ён з найменшымі выдаткамі сіл аленяў і як мага хутчэй пасьпеў прывезьці падарункі дзецям усяго сьвету.

Улады Кіргістану паставіліся да гэтага сур’ёзна, перайменавалі вызначаную гару ў гонар Санта-Кляўса, распачалі там будаўніцтва яго новай рэзыдэнцыі і наступны год у краіне абвясьцілі годам Санта-Кляўса.

У Прыбалтыцы музыка і Калядны мір

Каляды сёньня сьвяткуюць бальшыня жыхароў Польшчы і балтыйскіх краінаў. У віленскіх касьцёлах – калядны фэстываль сакральнай і клясычнай музыкі. Канцэрты, уваход на якія пераважна бясплатны, адбываюцца раніцай, удзень і ўвечары.

У адрэстаўраваным віленскім касьцёле Сьвятой Кацярыны, да прыкладу – канцэрты ісляндскіх выканаўцаў і францускага шансону (праграма “Вулачкамі Манмартру”), а таксама – канцэрты беларускага гітарыста Ігара Дзедусенкі.

У Латвіі ўжо традыцыйна (трэці год запар) адбываецца фэстываль “Эўрапейскія Каляды”. Адкрыўся фэстываль у Домскім саборы ў Рызе францускімі творамі эпохі барока, а таксама музыкай францускага кампазытара-містыка Аліўе Мэсіяна. На фэстывалі будуць выканаўцы і творы з розных эўрапейскіх краінаў.

У Эстоніі, як і яшчэ ў пяці краінах паўночнай Эўропы, Каляды пачаліся, як звычайна, з Каляднага міру, які ўчора абвясьціў мэр сталіцы з вакна талінскай ратушы. Сярэдневечная традыцыя Каляднага міру трывае ад часоў швэдзкай каралевы Хрысьціны. Калядны мір у Эстоніі працягваецца да дня Сьвятога Канута, апекуна першай эстонскай гільдыі рамесьнікаў (13 студзеня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG