Лінкі ўнівэрсальнага доступу

39-гадовыя сужэнцы Кейт ды Джэры Маккены, чыя чатырохгадовая дачка Мэдлін нечакана зьнікла ў часе адпачынку сям’і ў партугальскім курорце Прая-дэ-Луж, перадалі цацкі дзяўчынкі беларускім сіротам.


“Мы хочам, каб цацкі нашай Мэдлін у якасьці калядных падарункаў атрымалі тыя маленькія беларусы, якія ў выніку самых розных прычынаў пазбаўленыя шчасьлівага дзяцінства”, цытуе словы бацькоў Маккенаў брытанская “Daily Mirror”. Паводле брытанскіх выданьняў, калядныя падарункі, да кожнага зь якіх прышпіленая фотакартка Мэдлін, павінны атрымаць выхаванцы жодзінскага ды бабруйскага дзіцячых дамоў.

Як пішуць брытанскія мэдыі, акцыя арганізаваная дабрачыннай арганізацыяй “Samaritan’s Purse” і нядаўна створаным дабрачынным фондам “Мэдлін”. Мэта кампаніі – прыцягнуць увагу ўсяго сьвету да трагічнага лёсу гэтай дзяўчынкі і заахвоціць яе пошукі сярод жыхароў самых розных краін.

Сёньня безь перабольшаньня можна сьцьвярджаць, што дзяўчынку шукаў і працягвае шукаць увесь сьвет. З тэлеэкранаў з заклікам дапамагчы знайсьці Мэдлін зьвярталіся футбалісты Дэвід Бэкхэм ды Ранальдынью, грошы ў пошукі ахвяравала стваральніца “Гары Потэра” Джоана Роўлінг і многія іншыя вядомыя асобы.

На сёньняшні дзень сьледзтва ў Брытаніі ды Партугаліі сьхіляецца да вэрсіі, што Мэдлін была выкрадзеная пэдафіламі. Паводле партугальскай паліцыі, выкрадальнік мог схаваць, а потым вынесьці дзяўчынку ў вялікай тэніснай сумцы, якая належала бацьку Мэдлін – Джэры Маккену. Камісар партугальскай паліцыі Паўла Рэбэлю перакананы, што дзяўчынка, хутчэй за ўсё, была забітая пэдафілам ў часе спробы спыніць яе крыкі. Тым часам брытанскія прыватныя дэтэктывы не выключаюць, што Мэдлін жывая.
XS
SM
MD
LG