Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльны шок-2007: льготы, цэны, сямейны бізнэс


Якія найбольш адметныя падзеі 2007 году характарызуюць сацыяльны стан беларускага грамадзтва? Што дадалося ў жыцьці сярэднестатыстычнага беларуса і чаго ён пазбавіўся?


Ці не найбольшым шокам для беларускага грамадзтва стала рашэньне аб скасаваньні сацыяльных ільготаў для цэлага шэрагу катэгорый грамадзянаў Беларусі. Сярод тых, каго пры канцы 2007-га ўраўналі ў правах плаціць па-максымуму за праезд у грамадзкім транспарце, за камунальныя паслугі, за лекаваньне ў санаторыях і набыцьцё ўласна пілюляў – прадстаўнікі практычна ўсіх сацыяльных праслоек: пэнсіянэры, студэнты, “аўганцы” і “чарнобыльцы”, асобныя групы інвалідаў і нават дзеці да трох гадоў.

Ці можа забіраць льготы ўлада, якая іх не давала?

Спробы абараніць свае сацыяльныя правы зборамі подпісаў, у пікетах і на мітынгах вялікага плёну не далі: улада вырашыла – улада і рэалізавала задумы без усялякіх рэфэрэндумаў. Як лічыць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева, само па сабе такое рашэньне апраўданае і насьпела даўно:
Ёсьць студэнты, якія адначасна маюць і два мабільнікі і “БМВ”... На кожнага трэба глядзець індывідуальна.


“Я лічу, што тут патрэбная адрасная дапамога. Давайце зірнем на катэгорыю навучэнцаў, студэнтаў. Я цудоўна разумею, што многія зь іх маюць патрэбу ў падтрымцы – і ў сэнсе праезду, і ў сэнсе харчаваньня. Ім трэба будзе дапамагчы. І мы спадзяемся, што ва ўказе кіраўніка краіны шмат якія пазыцыі будуць улічаныя. Але ёсьць студэнты, якія адначасна маюць і два мабільнікі, і “БМВ”, і г.д. Усяляк зараз наша грамадзтва жыве – хтосьці багацей, хтосьці бядней. На кожнага трэба глядзець індывідуальна. Зрэшты, гэта цывілізаваны падыход. Адпаведную прапанову мы ўнесьлі, і міністар працы і сацыяльнай абароны таксама запэўніў, што гатовы супрацоўнічаць з дэпутатамі, калі пачне дзейнічаць працоўная група у падрыхтоўцы адпаведнай дакумэнтальнай базы”.

Наіўна было б лічыць, што тыя, хто трапіў у сьпіс на адрасную дапамогу, задаволеныя рэвізіяй ільготаў. Як кажа праваабаронца, удзельнік ваенных дзеяньняў у Аўганістане Алег Воўчак, абсалютную бальшыню скасаваных ільготаў забясьпечыла не цяперашняя ўлада, а савецкая ці першыя ўлады незалежнай Беларусі. А значыць, не падначаленым Лукашэнку іх і забіраць:

“Можна перайсьці на іншы спосаб, як гэта робіцца ў Амэрыцы і г.д. Салдатам, вэтэранам плацяць штомесяц пэўную пэнсію і людзі самі вырашаюць, што зь ёй рабіць – ці таблеткі купіць, ці на праезд патраціць, альбо ўвогуле сабраць і паехаць на Гаваі адпачыць. Я кантактаваў з амэрыканскімі салдатамі, якія ў Віетнаме колісь ваявалі. І зь іхных словаў, самае цікавае, што, апрача ільготаў, у іх усё роўна не забралі магчымасьці раз на год праводзіць бясплатнае лекаваньне ў бясплатных клініках. Там зусім іншы ўзровень павагі.
Юрыдычна Лукашэнка ня мае рацыі. Гэтыя льготы ніхто ня мае права ў Рэспубліцы Беларусь так проста ўзяць і скасаваць. Яны бестэрміновыя.


Таму я проста перакананы: сваім рашэньнем Лукашэнка выкліча вялікі гнеў. Дый юрыдычна ён ня мае рацыі. Гэтыя льготы ніхто ня мае права ў Рэспубліцы Беларусь так проста ўзяць і скасаваць. Яны бестэрміновыя. І ня толькі ў нас такая сытуацыя, у чарнобыльцаў таксама. Таму ня так усё проста”.

Хто разьвязаў рукі дзяржаўным кантралёрам?

Беларускія прадпрымальнікі паводле вызначэньня ня маюць ня толькі ільготаў, але нават намёкаў на ўсялякія паслабленьні. Адпаведным указам Лукашэнкі ад Новага году дробныя гандляры маюцца пераарыентавацца на сямейны бізнэс, беручы ў наёмныя работнікі выключна сваякоў. Першыя прыкметы незадавальненьня былі адзначаныя летам на рынку “Ждановічы”, калі пераводу на сямейныя рэйкі папярэднічалі спробы канфіскацыі маёмасьці з гандлёвых кропак. Дарадца Міжнароднай фінансавай карпарацыі Валеры Фадзееў кажа, што цяпер актыўнасьць кантралёраў пяройдзе ў папяровае рэчышча, аднак і самі прадпрымальнікі павінны валодаць адпаведным узроўнем юрыдычнай пісьменнасьці:

“Прыкладам, прычыны канфлікту, які ўзьнік у “Ждановічах”, палягаюць нібыта ў адсутнасьці дакумэнтаў, у прыватнасьці, накладных. Так, насамрэч ёсьць афіцыйныя дакумэнты, якія павінны прысутнічаць, яны вызначаныя пастановамі ўраду, указамі прэзыдэнта. Але бываюць сытуацыі, калі неабгрунтавана дзейнічаюць нашы кантралёры, ня ўлічваюць сытуацыю. У прадпрымальніка, прыкладам, могуць быць 2-3 гандлёвыя кропкі, на адной можа і ня быць, а да іншай прэтэнзій няма. Але гэта ня ўлічваецца. Таму многае залежыць ад таго, як сябе паводзяць нашы кантралёры”.

Карэспандэнт: “Але ж не абавязкова адразу да канфіскацыі даходзіць?”

“Калі яны гавораць пра канфіскацыю, то гэта не зусім так. Яны могуць арышт накласьці на пэўныя тавары, а канфіскацыя зараз можа быць толькі па суду. Калі гавораць, што падатковая інспэкцыя сканфіскавала тавар, то гэта не зусім правільна. Цяпер толькі суд можа сканфіскаваць тавар”.

Як кажа колішні старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2001 году Ўладзімер Ганчарык, пералічваць галіны, у якіх сёлета беларусаў чакалі непрыемныя сюрпрызы, можна вельмі доўга. Пасьля таго, як у стасунках з асноўным энэргетычным донарам – Расеяй, Беларусь перайшла на рынкавыя адносіны і давялося плаціць па рэальных рахунках, уверх папаўзло ўсё – ад камунальных плацяжоў да хлеба і малака:
У СССР бутэлька гарэлкі і вараная каўбаса каштавалі прыблізна аднолькава. А цяпер як? Як каўбаса “адарвалася”?


“Кошты на тую ж каўбасу ўжо сталі “занябёснымі”. Можна зрабіць простае параўнаньне: памятаеце, калі ў СССР бутэлька гарэлкі і вараная каўбаса каштавалі прыблізна аднолькава. А цяпер як? Як каўбаса “адарвалася”? Гэта не таму, што гарэлка ў нас танная, не пра гэта хачу гаварыць. А цукар, які ідзе на ўнутраны рынак? Тая ж рыба, якая ўжо мае такія астранамічныя цэны, што яе ня могуць людзі набыць. І так амаль па ўсіх харчовых катэгорыях. Вазьміце праблему аздараўленьня, калі бальшыня людзей ня зможа лекавацца ў санаторыях і дамах адпачынку, таму што ўлады цяпер рэалізуюць зусім іншую сыстэму аздараўленьня. Так што, тут перакос зусім відавочны”.

Колькі “намёртва прывязаных” да заводаў-гігантаў?

Найбольшыя адхіленьні ў коштавай амплітудзе сёлета перажыў рынак нерухомасьці. Як кажуць у агенцтвах нерухомасьці, у параўнаньні з пачаткам году, на канец 2007-га попыт зьнізіўся так, што, як апавяла рыэлтар аднаго са сталічных агенцтваў Тацяна Скурко, цэны на 1-пакаёвыя кватэры ўпалі ў сярэднім на 10-12 тысяч даляраў, на 3-пакаёвыя – на 20 тысяч. Яна перакананая, што ў суадносінах попыту на жыльлё і платаздольнасьці насельніцтва цэны на нерухомасьць урэшце дасягнулі столі:

“Цэны вымушаныя падаць, таму што ў іншым выпадку рынак ня будзе рухацца; ён ужо перанасычаны прапановамі па завышаных коштах. Хто хацеў набыць раней, у каго былі грошы, ужо набыў. Улетку была зусім нізкая актыўнасьць, зараз крыху большая, але справа ўсё роўна слаба рухаецца. Таму мы бярэм на дамову толькі аб’екты, дзе гаспадары прапануюць рэальны кошт, а не касьмічны. І пасьля перакананьня: калі хочаш прадаць – трэба ставіць сувымерны кошт. Таму што іншыя варыянты бессэнсоўныя, толькі трацяцца грошы на рэкляму, а кватэра “завісае” на месяцы, на паўгода. Выключэньнем хіба што вялікія катэджы, там шмат нюансаў у іх ацэнцы. Бо аддзелка розная можа быць, а ня толькі мэтраж. А што тычыцца кватэраў, то тут усё больш стандартна. Цяпер кошты вымушана зьніжаюцца, але невядома, ці надоўга. Што будзе пасьля Новага году – ніхто ня можа сказаць. Адны думаюць, што зноў падскочаць, але ня так моцна, іншыя мяркуюць, што ўпадуць ажно на 20%. Карацей, усё можа быць”.

Многія экспэрты лічаць: калі б у Беларусі былі рэалізаваныя рынкавыя рэформы, дзяржаве не давялося б бесперапынна шукаць крыніцы фінансаваньня і выцягваць пад рознымі прычынамі сродкі ў шараговых грамадзянаў. Аднак ці можна адмовіцца ад бясконцых “уліваньняў” у загадзя стратныя прадпрыемствы, альбо ў сельскую гаспадарку, рэнтабэльнасьць якой параўнальная з нулявой? Ці можна спыніць працэс закопваньня грошай?

Вячаслаў Козел – колішні супрацоўнік Менскага трактарнага заводу, а пасьля кіраўнік Свабоднага прафсаюзу МТЗ – хоць і перакананы, што заводы кшталту трактарнага ў такім маштабе цяпер непатрэбныя, але пакінутая ад савецкіх часоў спадчына намёртва прывязала да сябе беларусаў:

“Хто яго ведае – патрэбны цяпер такі завод ці не патрэбны? Але справа ў тым, што трактарны завод – гэта ня тое, што якаясьці там фабрыка мяккай цацкі. Гэта ж шматтысячны калектыў, і калі дадаць сем’і працаўнікоў, а плюс яшчэ філіялы па краіне, дзе вырабляюцца пэўныя дэталі... Паводле грубых падлікаў, дзесьці 500 тысяч грамадзянаў Беларусі корміцца ад гэтага трактарнага заводу. Гэта вельмі многа! Таму не так проста адказаць на пытаньне: патрэбен ён ці не? Есьці ж усім хочацца, і калі яго, дапусьцім, закрыць, куды людзей падзець? Гэта ў цяперашніх умовах практычна немагчыма. Можа, ён у такіх памерах і сапраўды не патрэбен, але ж куды падзецца?”

Рэарганізацыі буйных прадпрыемстваў з улікам залежнасьці ад заводаў-гігантаў наўрад ці ў агляднай будучыні магчымая: у іншым выпадку колькасьць лішніх людзей у краіне вырасьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. А статыстыку працаўладкаванасьці беларусаў урад захоўвае з асаблівым “піітэтам”.
XS
SM
MD
LG