Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш як празь дзьве гадзіны ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі распачнуцца асноўныя ўрачыстасьці на ўспамін пра Нараджэньне Пана Бога.


Сьвятой Імшы папярэднічаюць хатнія ўрачыстасьці — вернікі дзеляцца аплаткамі і ладзяць вігілійную вячэру.

Сёньня ў Менску калядныя сьпевы гучалі ля помніка Адаму Міцкевічу. Гэта традыцыйная імпрэза, якую ладзіць Чырвоны касьцёл у дзень нараджэньня паэта. Гэтым разам удзел ва ўрачыстасьці ўзяў біскуп Антоні Дзям’янка:

“Мы завяршаем падрыхтоўку да ўрачыстасьці Божага Нараджэньня, і сёньня таксама асаблівая ўрачыстасьць, бо мы ўшаноўваем дзень нараджэньня Адама Міцкевіча. Ён нарадзіўся на зямлі нашай. А таксама ў сваёй паэзіі ўславіў мясьціны, у якіх нарадзіўся”.

Акрамя каталіцкіх сьвятароў, ля помніка Міцкевічу віталі жыхароў Менску дыпляматы з Польшчы, Украіны, Сэрбіі. Прысутныя называюць імпрэзу добрым пачаткам сьвяточнага дня.

“Да гэтага сьвята ўсе рыхтуюцца. Мусяць памыцца, лазьню наведаць. Стол накрываюць сенам. А па сену — бялюткі абрус і дванаццаць страваў”.

Спадарыня: “І ўсіх віншуем з гэтым сьвятам. Жадаем перадусім людзям міру. Каб людзі прыйшлі да Бога і рабілі дабро”.

Спадар: “ Сустракаць нараджэньне Пана Езуса – гэта вялікае, вялікае сьвята! Няхай добры Бог дапамагае і нам, і ўсім, усім добрым людзям!”.

На гэты час ва ўсіх касьцёлах у Беларусі завяршаецца падрыхтоўка да сьвята Божага Нараджэньня. Ксёндз Аляксандар Амяльчэня кажа, што людзі ідуць да споведзі, набываюць калядныя сьвечкі, падарункі для родных і сваякоў:


“Сёньня ва ўсіх касьцёлах адбываюцца службы — калядная пастырская Сьвятая Імша. А самае галоўная адбудзецца а 12 гадзіне ўначы. Яе ўзначаліць ксёндз-архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Гэта будзе спэцыяльная служба. Напачатку ён пакладзе фігуру нованароджанага Езуса ў бэтлеемскія ясьлі, якія падрыхтаваныя ля катэдры. І сёньня ўпершыню ў гісторыі сучаснай каталіцкай царквы адбудзецца ўрачысты фаервэрк на хвалу нованароджанага Езуса”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG