Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Карпа прывезьлі зь Верцялішак, а індычку — з Польшчы — пад крысом”


Як, зь якім настроем людзі рыхтуюцца адзначыць Божае нараджэньне і што для іх азначае гэтае сьвята? Апытаньне на вуліцах Горадні.


Спадар: “Як і для ўсіх людзей, гэта для мяне адно з самых галоўных сьвятаў”.
Зьбіраемся сям’ёю, сяброў запрашаем, суседзяў. Стараемся, каб дванаццаць страваў было, ня менш

Карэспандэнт: “А як вы яго адзначаеце?”

Спадар: “Зьбіраемся сям’ёю, сяброў запрашаем, суседзяў. Стараемся, каб дванаццаць страваў было, ня менш, усе, якія належыць — ставім на стол”.

Карэспандэнт: “А сьпіртное ўжываеце?”

Спадар: “Калі госьці прыходзяць такія, што п’юць, то п’ем, а калі не, то, значыцца, ня п’ем”.

Спадарыня: “Ведаеце: шмат гора і шмат злосьці набралася ў людзей, яны аддзяліліся адно ад аднаго і ставяцца непрыхільна адно да аднаго. А гэтае сьвята, яно дае магчымасьць у яднаньні з Богам адчуць любоў адзін да аднаго”.

Спадарыня: “Мы як усе: кладзем на стол сьвяточны абрус, сена, запальваем сьвечку, як сымбаль сьвятла. Радасьць у душы адчуваеш. Увогуле хацелася б, каб усе веры аб’ядналіся, падабаецца, калі Вялікдзень і ў каталікоў, і ў праваслаўных у адзін дзень”.

Спадарыня: “Гэта — сямейнае сьвята, уся радзіна зьбіраецца: дванаццаць страваў каб было на стале абавязкова, гэта ўжо ідзе з пакаленьня да пакаленьня”.

Карэспандэнт: “А што асноўнае на стале, што вам найбольш падабаецца гатаваць на гэтую вячэру?”

Спадарыня: “Гатаваць? Заліўную рыбку”.

Карэспандэнт: “А сёлета штосьці, па-мойму, не відаць было карпа ў крамах у горадзе. Дзе вы яго знайшлі?”
Гэта вялікае сьвята для нас, мы адзначаем яго дома ў сямейным коле

Спадарыня: “Гэта ня ў горадзе мы бралі, у Верцялішках, мы езьдзілі на вёску, мы заўжды ў гэтай краме карпа жывога бяром. І на кожнае Раство мы карпа запякаем і заліўны робім — дзьве стравы”.

Спадарыня: “Гэта вялікае рэлігійнае сьвята нараджэньня Ісуса Хрыста. Для ўсіх нас Ісус Хрыстос ратаўнік і збаўца, таму ўсе рыхтуюцца, я думаю, да сьвята з натхненьнем і вялікай радасьцю”.

Маладая спадарыня: “Гэта вялікае сьвята для нас, мы адзначаем яго дома ў сямейным коле. Увечары зьбіраемся за сталом безь мясных страў, безь вяндліны, толькі рыбныя стравы гатуем і сьвяткуем. А на наступны дзень можна калядную індычку есьці”.

Карэспандэнт: “А ці можна яе купіць у горадзе?”

Маладая спадарыня: “Мы прывезьлі з Польшчы сабе”.

Карэспандэнт: “Дык з Польшчы забаронена ж вазіць мяса”.

Маладая спадарыня: “Так, забаронена, але мы схавалі. Ну, і як бы так і сьвяткуем…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG