Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колькасьць апазыцыянэраў пераваліла за 3 мільёны”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Віншаваньні з Калядамі і Новым годам ад слухачоў Свабоды:

Спадарыня: “Віншую вас з Калядамі і Новым годам, якія надыходзяць. Жадаю шчасьця, здароўя і даўгалецьця ў вашай нялёгкай працы”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадарыня: “Калі ласка, паведаміце праз радыё, дзе можна набыць новыя дыскі Данчыка”.

19 сьнежня ў Менску прэзэнтавалі ўсе студыйныя альбомы Данчыка. Іх перавыдалі на кампакт-дысках. Раней гэтыя альбомы існавалі толькі на вінілавых кружэлках.

На пытаньне слухачкі адказвае кіраўнік праекту, прадусар Беларускай музычнай альтэрнатывы Віталь Супрановіч:

Супрановіч: “У Менску дыскі можна знайсьці на Ўправе БНФ і ў офісе ТБМ. Таксама можна набыць на канцэртах, якія ладзіць Беларуская музычная альтэрнатыва. З рэгіёнаў можна замаўляць праз сайт knihi.net. Таксама можна зьвяртацца наўпрост да нас. Можна тэлефанаваць мне на нумар 6490888”.

Слухачы Свабоды працягваюць камэнтаваць заяву старшыні КГБ Юрыя Жадобіна, што апазыцыя не нясе ніякай пагрозы нацыянальнай бясьпецы. “У так званую “супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў” уваходзіць усяго 1767 асобаў”, — дадаў Жадобін.

Таксама аўтары тэлефанаваньняў выказваюць сваё стаўленьне да скасаваньня льготаў.

Пётра Сьцяпанавіч: “Генэралу Жадобіну скажу наступнае: “У сваім дакладзе вы памыліліся, калі заявілі, што апазыцыянэраў ня стала болей. Пасьля 17 сьнежня, калі пэнсіянэраў, інвалідаў, студэнтаў і чарнобыльцаў пазбавілі льготаў, колькасьць апазыцыянэраў пераваліла за 3 мільёны. Усе гэтыя людзі ня будуць папаўняць шэрагі палітычных партыяў. Гэта — народная апазыцыя”.

Уладзімер Дарагуж: “Якая радасьць! Учора я ехаў у мэтро. Ды не па нейкім льготным квітку, а як усе маладыя і здаровыя — набыў за 600 рублёў жэтон. Зноў адчуў сябе маладым. Здаецца, скінуў сама меней 15 гадоў. А калі казаць сур’ёзна, то так нам, пэнсіянэрам, і трэба”.

Ларыса, Менск: “Мы ўсё пра сумнае, пра льготы… А я вось перакананая, што ў 2008 годзе льготы вернуць. Можа, не ў старым варыянце. Будзем спадзявацца”.

Спадар: «Як бы Лукашэнка ні вылузваўся, гаворачы пра сваю любоў да простага народу і клопат аб ім, але каштоўнасьці чалавека вызначаюцца не словамі, а справамі. Скасаваньне льготаў — падарунак, які атрымаў просты народ ад свайго правадыра. А што вы, даражэнькія, чакалі ад гэтага чалавека? Сваіх суайчыньнікаў называў “вашывымі блохамі”, якія рохкаюць ля карыта, міністраў знаходзіў на памыйцы, усхваляў рэжым Гітлера, абяцаў, што свой народ за цывілізаваным сьветам не павядзе. І не павёў. “Праславіў” краіну да такой ступені, што ад нас адвярнуўся ўвесь сьвет”.
XS
SM
MD
LG