Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюцца да новых пратэстаў супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.


Пра гэта сёньня ў інтэрвію "Свабодзе" заявілі лідэры прадпрымальніцкіх аб’яднаньняў і рухаў.

Паводле лідэра рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, вырашыць праблемы прадпрымальнікаў можа толькі шматтысячная акцыя пратэсту, як гэта было ў 2005 годзе:

“І натуральна, мы ўжо будзем рыхтаваць Марш прадпрымальнікаў. Гэта ўжо відавочна. Акцыі пратэсту даюць нам магчымасьць абараніць бізнэс хаця б на мікраўзроўні. Калі дзяржава будзе павялічваць рэпрэсіі, наш адказ будзе прапарцыйным. Пратэсты будуць узмацняцца. Толькі гэта можа прымусіць уладу пачаць пошукі кампрамісу”.

Дагэтуль адбываюць 15-суткавы арышт лідэры кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў і Віктар Калей. Іх затрымалі 10 сьнежня падчас несанкцыянаванага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Паводле каардынатара кампаніі Алеся Таўстыкі, прадпрымальнікі рыхтуюцца да страйку і мяркуюць масава сысьці ў вымушаны адпачынак з 1 студзеня без аплаты падатку.

Сябра Каардынацыйнай Рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў заявіў, што 10-11 студзеня прадпрымальнікі плянуюць правесьці сход на Кастрычніцкай плошчы ў Менску:

“Указ №760 вынішчае бальшыню прадпрымальнікаў. У нас заўтра няма будучыні. Мы гэта разумеем”.

Цягам гэтага месяца кіраўнік краіны выдаў два дэкрэты – №8 і №9. Дазваляецца стварыць новы суб’ект гаспадараньня за пяць дзён, зьнятыя шэраг перашкодаў. Паводле эканаміста Сяргея Балыкіна, цяпер юрыдычныя асобы змогуць лепш канкураваць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Другі дэкрэт дае падатковыя льготы для сельскіх прадпрымальнікаў, якія таксама могуць узяць крэдыты без забесьпячэньня да 20 тысяч эўра.

“Але як гэта будзе працаваць на практыцы, цяжка сказаць. Магчыма, у нашай краіне зноў жа ня будзе крэдытных рэсурсаў. Як і раней, ёсьць падставы для пазасудовай ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня. Ёсьць шмат падставаў для адмовы ў рэгістрацыі. Іншая справа, што абыйсьці гэтыя абмежаваньні стала прасьцей. Многа якіх нарматыўных актаў прымалася ў падтрымку малога бізнэсу, і мала якія зь іх выконваліся”.

Паводле Сяргея Балыкіна, магчыма, што ўказ №760, які ад 1 студзеня дазваляе наймаць на працу толькі сваякоў, будзе адкладзены.

“Калі мы ўсе здолеем гэтага дабіцца, то гэта будзе даволі добра, бо ў гэты час можна правесьці нейкія перамовы, акцыі пратэсту. І зрабіць нейкія крокі, даволі добрыя, для сваёй дзейнасьці. Але, на жаль, нашы індывідуальныя прадпрымальнікі і наогул бізнэс, – што дробны, што буйны, – ня схільны праяўляць грамадзкую актыўнасьць. І калі прадпрымальнікі ня будуць змагацца за свае правы, то лёс іх будзе вельмі кепскі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG