Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Попыт на пэтарды будзе расьці


Усяго 45 дзён на год, ад 1 сьнежня да 15 студзеня, згодна з пастановай ураду ў Беларусі дазволены гандаль пэтардамі. Менавіта перад навагодняй ноччу попыт на гэтую прадукцыю павышаецца: людзі хочуць сустрэць сьвята як мага гучней.


Каб набыць пэтарды ў Менску, ёсьць два варыянты: або пайсьці ў краму, дзе арганізаваны легальны продаж, або накіравацца на кірмаш і купіць гэты тавар “з рук”.

У краме “Сьвятлафор” непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы ўстаноўлены адмысловы мэталёвы сэйф, на паліцах якога даволі вялікі асартымэнт. На маніторы можна пабачыць, як будзе выглядаць фаервэрк з набытай пэтарды. Аднак прадаюцца піратэхнічныя сродкі, як пазначана на шыльдзе, толькі грамадзянам ад 18 гадоў. Гэта адзінае абмежаваньне. Пакупнікамі могуць быць і дзеці, але толькі разам з дарослымі.

Прадавец Алег кажа, што ўсяго дазволена да продажу 10 найменьняў – ад пістонаў да фаервэркаў.

Вялікага наплыву пакупнікоў Алег чакае за пяць дзён да Новага году. А пасьля 15 студзеня ўвесь тавар будзе адвезены на спэцыялізаваны склад.

Алег выдатна ведае пра нелегальны продаж пэтардаў на менскіх рынках:

“Мы іх называем “чорнымі” дылерамі, якія прадаюць несэртыфікаваную прадукцыю. “Чорныя” дылеры прадаюць з багажнікаў, падаткаў ня плацяць. Прадаўцы не навучаныя, і няясна, якую прадукцыю вы купляеце. Яна можа быць і вільготная, і мокрая. Яны нават рэкамэндуюць пакласьці на батарэю, што недапушчальна, бо там жа парахавы зарад. Яны павінны захоўвацца ў пэўных месцах з пэўнай тэмпэратурай. Усё адпаведна патрабаваньням пажарнай бясьпекі”.

Іншы шлях – на рынак. На “Экспабеле” маладыя хлапцы напаўголасу выгукваюць мінакам: “Фаервэркі! Салюты!”. У аднаго зь іх я й набыў за 5 тысяч пачак пэтардаў пад назовам “Чорная сьмерць”. Трэба толькі запаліць пушку і адкінуць ўбок. Пэтарда разрываецца з моцным “ультрагромападобным” выбухам. Гэты пачак нелегальны гандляр дастаў з глыбокай кішэні. Размаўляць для запісу хлопцы доўга не пагаджаліся. Чаму ж яны гандлююць нелегальна?

“Не даюць ліцэнзіі, не даюць сэртыфікату. Зьвярталіся, пыталіся. Не даюць. Ну тлумачаць, без прычыны. Усё, забаронены тавар, неліцэнзаваны тавар”.

“Чамусьці некаторыя людзі могуць узяць ліцэнзію на гэта, а я не магу і ён ня возьме. І кожны, хто тут стаіць, ня можа. Чаму? Ёсьць афіцыйныя фірмы, ім даюць ліцэнзію, а звычайным людзям не даюць. Бо для гэтага трэба быць сябрам “таты”.

Хлопцы кажуць, што, каб пачаць легальны продаж, трэба заплаціць вялікія грошы. Я пацікавіўся: а што можна купіць у нелегалаў?

“Можна купіць усё, залежна ад таго, якія ёсьць грошы. Гатовыя грошы патраціць на піратэхніку – мы дапаможам на свой страх і рызыку”.

Прадстаўніцу галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Тацяну Касьцюк абурае продаж пэтардаў на вуліцы:

“Нельга прадаваць. Нельга гэтага рабіць. Гэта ўжо нелегальны спосаб рэалізацыі. Ну, вязуць нейкім нелегальным спосабам і прадаюць. Гэта ўжо справа міліцыі, органаў МНС”.

Вядома, што калі выбухі піратэхнічных сродкаў нанесьлі шкоду здароўю ці маёмасьці грамадзянаў, то гэта можа скончыцца крымінальнымі справамі. Да адміністрацыйнай адказнасьці будуць прыцягваць грамадзянаў, якія наладжваюць “пальбу” ў грамадзкіх месцах. Такія паводзіны будуць кваліфікавацца як дробнае хуліганства. За гэта могуць даць штраф – дзьве базавыя велічыні – або арыштаваць на тэрмін да 15 сутак.

Паводле начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Менску Аляксандра Найдзенкі, сёлета пэтардаў прадаецца нашмат меней і да навагодняй ночы супрацоўнікі МУС ўжо падрыхтаваліся:

“Міліцыі будзе дастаткова, каб паўплываць на гэтую сытуацыю. Пад кожнай ялінаю, там, дзе мерапрыемства, супрацоўнікі міліцыі разьбітыя на квадраты – дзесяць на дзесяць. Таму будзем рэагаваць. І вось тыя месцы зь мінулага году возьмем пад кантроль”.

Карэспандэнт: “У кожны ж двор не паставіш міліцыянтаў?”

“Хопіць, міліцыянтаў хопіць”.

Паводле спадара Найдзенкі, на рынках “Ждановічы” і “Экспабел” канфіскавана каля 20 тысяч штук пэтардаў, якія прадаваліся нелегальна. Ён кажа, што займаюцца гэтым бізнэсам пераважна студэнты.

“Вось я прыкідваю, калі каштуе 20 даляраў, прадае за 35”.

А як жа трапляе піратэхніка ў нелегальны продаж, калі яе ўвоз вельмі строга кантралюецца?

“Можа, там і мытня збой дае. Фактычна гэта ж усё празь мяжу”.

Пасьля 15 студзеня пэтарды павінны быць адвезеныя на спэцыяльныя склады. Але, калі некаму захочацца зрабіць фаервэрк у іншы час, можна зьвярнуцца да фірмаў, якія маюць спэцыяльныя дазволы на піратэхнічныя шоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG