Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выніковая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 20 сьнежня.


Сёлета ў краіне быў бум аграгарадкоў. Яны ўзьнікалі ў розных мясьцінах на яве альбо ў плянах. Толькі пад патранатам прэзыдэнта іх 70. Вядомы эканаміст-аграрнік, акадэмік Іван Нікітчанка ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя, як адзін з кіраўнікоў тагачаснага Дзяржаграпраму, запачаткоўваў нараджэньне фэрмэрскага руху. З тых часоў пачынаецца і перадгісторыя аграгарадкоў, узгадвае суразмоўца.

Нікітчанка: “Схапіліся за тое, што было. У нас былі сьвінакомплексы — аж 119 і паўсотні па жывёле. Былі грошы, гаспадаркі, і людзі неяк жылі. А пасьля развалу Саюза сэрвіс увесь прапаў, мэдыцына ліквідавана. Лукашэнка падняў пытаньне — трэба адрадзіць вёску. Мы ім прапанавалі правесьці зямельную рэформу — аднавіць права ўласнасьці на зямлю. Людзям даць фінансавую падтрымку, каб маглі будаваць жыльлё і ўсё неабходнае. Даць ім грошы пад заклад — зямля магла быць закладнай маёмасьцю. Гэта не прынялі. Лукашэнка ў душы праціўнік прыватнай уласнасьці...”

Што атрымалася ў выніку, я зразумеў цягам году ў часе вандровак па краіне. Слава пра вёску Геранёны, што на Івейшчыне, за савецкім часам грымела далёка за межамі Гарадзеншчыны — сьвінакомплекс на 100 тысяч галоў з гнойнай лужынай плошчай да гектару. Затое атракцыён “чортава кола” ды ўласнае тэлебачаньне, за што тысячныя Геранёны празвалі Нью-Васюкамі. Плюс намэнклятурныя сувязі тагачаснага дырэктара Баўма, якога называлі “царом”. Сучасная намесьніца дырэктара СВК па ідэалёгіі Зінаіда Канецкая ўспамінае.

Канецкая: “Народ быў распушчаны, бо ўсё пачыналася з галавы. Кожны на сябе цягнуў...”

Пазалетась у Геранёнах узьнік аграгарадок. Між іншым, з тых, якія патрануе асабіста прэзыдэнт. Дзяржава надбаўкамі на закупачныя цэны, нафтапрадукты, мінэральныя ўгнаеньні выдаткавала спачатку 5 млрд. рублёў, а ў мінулым годзе тры. У тае ж спадарыні Канецкай, калі яна пра гэта распавядала, блішчэлі вочы.

Канецкая: “За кошт таго, што пачалі карміць, — 5500 кг малака на карову, на сьвінагадоўлі 520 грамаў сутачны прывес...”

Тым часам сьпяшаюся на ўскраіну вёскі, дзе ўзьнікае цэлы раён так званых прэзыдэнцкіх дамкоў — галоўнае, чым зьбіраюцца замацоўваць геранёнцаў на сяле. У сям’і Макоўскіх хата, як лічыцца, здадзеная пад ключ. На яе будаўніцтва выдаткавалі 50 тысяч даляраў. Сужэнцы стаялі на чарзе два дзесяцігодзьдзі. Маюць трое дзетак. Муж, трактарыст, цэлымі днямі на працы. Жонка, 44-гадовая Натальля, працуе выхавацелькай у дзіцячым садку. Вядзе мяне па пакоях. Кажа, жадае, каб яе маналёг пачуў асабіста Лукашэнка.

Макоўская: “Праз 10 гадоў толькі зможам выкупіць асабняк. Каб 50 тысяч гэтых мела на руках, зрабіла б цукерку. Самім прыйшлося столь, шпаклёўку рабіць, шліфаваць. Вы бачылі, які маленькі хлеў?! У гэты хлевушок ровар для дзіцяці паставіць, рыдлёўку ды грабелькі. Дый у хаце дарабіць — няма столькі грошай. Нашыя сьвіньні ў чужых людзей стаяць. У гэтым годзе і курэй не маглі трымаць — а куды падзець? А чаму няма ніводнай дзьвярной ручкі — мабыць, для кагосьці і дробязь?! Канешне, ідуць на адкат гэтыя грошы. Прэтэнзіі нікому не выставіш — столь робіць адна арганізацыя, ацяпленьне — іншая. Ня маем парканаў, а бульба, буракі, бачыце, ляжаць на зямлі — няма куды класьці...”

42-гадовы жыхар Літвы Генадзь Александровіч, які таксама прыехаў дабудоўваць дом, дзе жыве яго родная сястра, у зьвязку з убачаным словаў не выбірае. Тым больш што мае магчымасьць параўноўваць з Нарвэгіяй, дзе быў на заробках.

Генадзь: “Тут будоўля, як кажуць, “на шару”: звонку прыгожа, а ўнутры гаспадару трэба дакладна штук дзесяць “зялёных” укласьці! Да аграгарадка тут, як да Масквы ракам!”

І яшчэ знакавыя словы, якія я пачуў ад 24-гадовага выпускніка Горацкай сельгасакадэміі Алеся Амбражэвіча:

Амбражэвіч: “Дзяржаўных датацый няма — ня будзе аграгарадка...”

Зараз патэлефанаваў у Геранёны — аказалася, датацыі там скончыліся. Так што гэтыя словы спадара Нікітчанкі пра аграгарадкі ў наступным годзе, відавочна, страцяць актуальнасьць...

Нікітчанка: “Гэта адкрыты сэйф, набіты грашыма — бяры, колькі хочаш...”

У вёсцы Маляцічы Крычаўскага раёну будаўніцтва аграгарадка толькі плянуецца ў 2008. Так што памянёных мільярдаў ня сьвеціць. Перада мной пустыя, перакошаныя хаціны з закалочанымі ваканіцамі. Фэрма з прабітым дахам, дзе калісьці трымалі козы. Дарога без пакрыцьця, якая ад чыгункі хутка прыводзіць у цэнтар вёскі. Тут двухпавярховы дом з выбітымі шыбамі, дзе яшчэ нядаўна жылі настаўнікі сярэдняй школы. У той школе і цяпер да 150 вучняў. Побач яшчэ адзін такі ж, толькі пафарбаваны ў ружовы колер. 71-гадовы былы мэханізатар, спадар Уладзімір Бараболка, з 68-гадовай жонкай, спадарыняй Адай, сьмяюцца...

Спадарства: “Калі хочуць на паперы аграгарадок, дык зробяць. Як хату гэтую пафарбавалі. Развалілі ўсё, пацякло ў людзей — во з гэтага двухпавярховага. Дык яны пафарбавалі, дрэвы паабразалі, а ўсярэдзіне — ніхто не жыве!”

Карэспандэнт: “Дык для каго фарбавалі?”

Спадарства: “Ну як жа — побач сельсавет (сьмех ). Паказуха! А тут праз хату пэнсіянэры, моладзь уцякае з Маляціч...”

У якасьці меркаваньня “другога боку” — размова са спадарыняй Ляўрэнавай. Да мінулай восені Тамара Андрэеўна 6 гадоў узначальвала сельсавет. Яе словы — узровень, так бы мовіць, афіцыйнага аптымізму.

Ляўрэнава: “Няма пытаньняў. Ужо працуюць. Малайцы! І бяз грошай можна рабіць... А як? Не, я інтэрвію вам даваць ня буду. Вы зь нічога робіце чорт ведае што. І аграгарадок пабудуюць!”

48-гадовая Галіна Уладзіміраўна Краўцова доіць каровы 24 гады запар. Абслугоўвае рэкордную колькасьць — аж да сотні. З самымі высокімі ў вобласьці надоямі. Дэпутат сельсавету. Пра яе кажуць — “прыгалубленая ўладай”. Яе пэсымізм уражвае ўдвая.

Краўцова: “ Летам па 1150—1200 літраў у суткі надойвала. Працаваць едзем на 4 раніцы, пасьля на 11.30. У мінулым месяцы 470 рублёў зарабіла. Дык у мяне “кляснасьць”, а даяркі па 80—115 рублёў маюць. Таму дома ў мяне 4 каровы, конь з жарабём. Сьвіньні прадаю, а так бы не пражыла. Без выходных, у адпачынкі не хаджу — грошы патрэбныя. А пішуць, што я атрымліваю каштоўныя падарункі — ніколі! У 50 на пэнсію! Во чакаю, бо сказала, што калі такая павага, працаваць больш не буду!”

З-за створаных вяскоўцам умоваў у суседнім Чэрыкаўсукім раёне, у Верамейках, гэтым летам пачаўся страйк. Мясцовыя двойчы перакрывалі дарогу непажаданым гасьцям з Магілёву. Былі шматлікія скаргі ў інстанцыі. Вірлівыя сходы, на якія прыяжджалі высокапастаўленыя вэртыкальшчыкі. Жонка экс-дырэктара сьвінакомплекса Валянціна Івіцкая мне нават раззлавана сказала:

Івіцкая: “Дый не дадуць вам напісаць!”

Сытуацыю з тутэйшым аграгарадком у незалежным друку называюць узорна-паказальнай са знакам мінус для ўсёй Беларусі. У сярэдзіне 80-х мінулага стагодзьдзя ў Верамейках збудавалі, паводле савецкіх традыцый гігантаманіі, сьвінакомплекс аж на 54 тысячы галоў. На пачатку стагодзьдзя з-за шматлікіх парушэньняў тэхналёгіі, кадравых ператрусаў, а таксама падаражэньня камбікармоў ды энэрганосьбітаў вытворчасьць мяса зьменшылася ўдвая. У такіх варунках і ўзьнік мінулым годам у Верамейках аграгарадок. Новае кіраўніцтва прапанавала перадаць сьвінакомплекс Магілёўскаму камбінату сельгаспрадуктаў, cкараціўшы кадры, а сёлета пазбавіла работнікаў дапамогі і льготаў. Гэта й спарадзіла выбух. Расказвае 30-гадовы лідэр стыхійна ўзьніклага страйкама, сацыял-дэмакрат, цяпер былы апэратар па перагоне жывёлы Раман Раждзественскі.

Раждзественскі: “Нам стала вядома, што з 500 рабочых павінна было застацца 50. Матывавалі тым, што прадпрыемства можа працаваць зь меншай колькасьцю людзей. Гэта няпраўда, бо як яны плянавалі скараціць ачышчальныя збудаваньні на 30 тысяч галоў? Магла быць для раёна экалягічная катастрофа...”

Апошнім часам, як расказалі мне ў Верамейках, на сьвінакомплексе відавочна пачаў квітнець крымінал. Пра гэта піша незалежная журналістка, спадарыня Шарабурка.

Шарабурка: “Сталі прыяжджаць фуры на забой жывёлы — па 80 галоў звозяць мяса без дакумэнтаў. Кажуць — вязуць у Расею. І хтосьці штосьці сказаць ня можа — пойдзеш “за асфальт”. Ноччу крадуць 10 сьвіней па 30 кг, якія рыхтаваліся ў групу адкорму. Прычым яны віск мусілі падняць, а тут ніхто ня чуў — выходзіць, уколы зрабілі. Для адводу вачэй памянялі начальнікаў — Кальмаева на Капашылава. Прыйшоў з абяцанкамі — вы маеце рацыю, да вас дрэнна ставяцца. А сам пабудаваў саўну, новы гараж. А першае, што ён купіў, — новую “Ніву-шэўрале”, на якой лёталі ён сам і ягоная жонка па ўсім раёне, калі не было за што карміць сьвіньні, выплачваць заробкі...”

У поўны заняпад прыйшла ў Верамейках і мясцовая “сацыялка”. 51-гадовую супрацоўніцу службы аховы, спадарыню Пянькоўскую лічаць тут праваабаронцай. Яна няўрымсьлівая — ніякае бязладзьдзе не схаваецца ад яе. Кажуць, што пры адным зьяўленьні кабеты чыноўнікі ўцякаюць — Тамара Міхайлаўна словаў не выбірае.

Пянькоўская: “Аграгарадкі робяцца не для людзей. На прамзоне ў нас жанчыны па 30—40 гадоў. Аміячная зона перавышае норму, працуюць уручную — цягаюць на сабе тачкі па 50 кг. У душы бруд, антысанітарыя, вада іржавая. Дахі штогод рамантуюць, штогод цякуць.У пад’ездах бруд, вада. З ЖКХ прыслалі мне паперу, што заменяць трубы ў 2007 — як цяклі, так і цякуць. Ацяпленьне да каго даходзіць, да каго не. Робячы “гарадок”, заклалі грошы на цэмэнтныя “паказушныя” платы. Вынішчаецца ўклад — 3—4 гады ў людзей было каля 300 кароў, здавалі па вядры-другім малака, якое каштуе 300 рублёў за літар, хоць у крамах за тысячу. Сьмецьце з двароў не вывозіцца па 2 тыдні, выносяць у лес. І гэта не аграгарадок!”

Нефармальны ж лідэр верамейцаў Раман Раждзественскі зьбіраецца з аднадумцамі ўпарта стаяць на сваім, бо, кажа ён...

Раман: “Магчымасьць сацыяльнага выбуху ў Верамейках была і захоўваецца, калі дзеючае кіраўніцтва ня зьменіць палітыку што да сваіх сялян. Нам трэба карміць дзяцей. Ніхто ня можа прадбачыць, на што здольны галодны чалавек, даведзены да краю. Да тае пары, пакуль працоўныя будуць скардзіцца, вэртыкальшчыкі вымушаны будуць захоўваць прадпрыемства. Апусьцяць рукі — яго проста ліквідуюць...”

І яшчэ адна паказальная сустрэча ў аграгарадку ў Ганчарах, што ў Лідзкім раёне Гарадзеншчыны. З 70-гадовым, яшчэ дзеючым трэнэрам па клясычнай барацьбе, спадаром Іванам Матусевічам. Ён выхаваў срэбнага прызёра Эўропы, 20-гадовага цяпер Валерыя Паленскага, таксама ганчароўца.

Матусевіч: “Бог адзін ведае, што будзе далей. Аграгарадок? Былі такія, калі ўзбуйнялі вёскі. Вёскі разбурылі. Нічога гэта, думаю, ня дасьць. Хто прыдумаў аграгарадкі? Наогул, нават і не Хрушчоў у Савецкім Саюзе. Гэта марыў Гітлер, як ён заваюе Ўкраіну, будуць немцы будаваць такія гарадкі, дзе людзі будуць рабамі, а начальнікамі германцы — вышэйшая раса. Згоняць людзей у адну кучу, і каб яны рабілі — аграканцлягеры”. (Сьмяецца.)

Пры канцы — ізноў размова з акадэмікам Іванам Мікалаевічам Нікітчанкам.

Карэспандэнт: “Як вы ацэніце вынікі году — гэта параза, альбо сам факт існаваньня аграгарадкоў яшчэ дае спадзяваньні на пэрспэктыву?

Нікітчанка: “Няма ніякай пэрспэктывы. Нават калі б пабудавалі цудоўныя дамы, людзей туды не заманіць. Людзям трэба, куды дзіцёнка дзець, дзе навучаць і куды яму вярнуцца. Вось калі б была рэформа, бацька ведаў, што зямлю не адбяруць, дык сын ці дачка пабудавалі б побач дом і іх стала б шмат — тады б праца была, і зямля дагледжаная. А зараз гэта ня выйсьце. Кажуць, палічы ягадкі ўвосень, але, на мой погляд, лічыць не выпадае...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG