Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: прысуд Фінькевічу — “росквіт беззаконьня”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Пачнём праграму з водгукаў на судовыя працэсы.

20 сьнежня Кастрычніцкі суд Магілёву пакараў Артура Фінькевіча адным годам і шасьцю месяцамі зьняволеньня. Судзьдзя Натальля Крашкіна прызнала хлопца вінаватым у парушэньні, якое прадугледжана крымінальным артыкулам “Ухіленьне ад адбываньня пакараньня”.

20 сьнежня суд Першамайскага раёну Менску задаволіў пазоў Мікалая Чаргінца пра абарону гонару і годнасьці. Журналіст Аляксандар Тамковіч і рэдакцыя газэты “Новы час” павінны выплаціць Чаргінцу 51 мільён рублёў.

Спадар: “Судовая расправа над Фінькевічам і выйграны суд Чаргінца — самы сапраўдны росквіт беззаконьня ў судовай уладзе на Беларусі”.

20 сьнежня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі адзначыў 90-годзьдзе ад дня ўтварэньня. Раней старшыня КГБ Юры Жадобін заявіў, што апазыцыя не нясе ніякай пагрозы нацыянальнай бясьпецы. “У так званую супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў уваходзіць усяго 1767 асоб. Мы іх усіх ведаем пайменна, па прозьвішчах, і іх не становіцца ні больш, ні менш”, — заявіў Жадобін.

Спадарыня:

“Юбіляры ў цывільным
Прапясочаць усіх дашчэнту,
Каб сябе праславіць сьпісам
Дэструктыўных элемэнтаў.

Аб вашым слаўным юбілею
Пацукі ня ведалі,
Таму і не павіншавалі
З працоўнымі пабедамі.

Дзяўбуць указы Канстытуцыю,
Там яма, тут канава,
Пакуль на подзьвігі натхняюць
Дзяржынскі і Цанава”.


Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі слухачоў Свабоды скасаваньне льготаў. Паводле Закону аб упарадкаваньні льготаў, які пачаў дзейнічаць 17 сьнежня, розных відаў льготаў пазбавіліся каля трох мільёнаў жыхароў Беларусі.

Спадар: “Неабходна ўладам і іх прадстаўнікам зрабіць 17 сьнежня 2008 года сьвяточным днём, бо яны змаглі адваяваць ільготы ў найбольш бездапаможных і безабаронных катэгорый грамадзянаў — у ліквідатараў ЧАЭС, якія ўжо непрацаздольныя інваліды, у студэнтаў і пэнсіянэраў, у “аўганцаў” і ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, дый у іншых такіх жа катэгорый грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”.

Спадарыня: “Паважаныя інваліды, прыміце навагоднія віншаваньні ад уладаў і дэпутатаў на скасаваньне льготаў. Тым больш, калі ў вас ёсьць дзеці, то льготаў вам ня будзе. Высновы: лепей, калі дзяцей няма. Найлепей было б, калі б улады паважалі рынкавыя законы эканомікі і іх выконвалі. Такім чынам эканоміка будзе на пад’ёме і будзе праўдзівая стабільнасьць. Дзецям будзе праца і дастойны заробак, бацькам — паважаная старасьць. А зараз цешцеся тым, каго выбралі. За што змагаліся, на тое і нарваліся. Пойдзем на выбары ці не? Абярэм учарашніх ці не?”

Працягнем агляд тэлефанаваньняў водгукам на працу Радыё Свабода:

Спадар: “Бясконцыя паўторы, лабіраваньне інтарэсаў гандляроў, якіх, саромеючыся, перайменавалі ў “прадпрымальнікаў”, мелкатэм’е, кастрацыя тэлефонных званкоў, аднабокасьць і мэтанакіраванасьць, якая ў большасьці разыходзіцца з жорсткаю праўдай, павярхоўнасьць аналізаў сацыяльных характараў, укладаў, пэнсіяў, крэдытаваньня, падаткаў і падобнае да таго зрабілі вашу станцыю местачковаю і, мякка кажучы, малацікаваю, як і наша жыцьцё”.

Скончым праграму такім тэлефанаваньнем:

Анастас Семяновіч: “Зычу вам і Вашым сем’ям здароўя, дабрабыту ў 2008 годзе. З Калядамі! Будзем разам з вамі спадзявацца на датэрміновыя выбары новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта будзе вялікая радасьць для ўсяго народа. Шаноўнае спадарства, жадаю вам моцнага-моцнага здароўя і больш сьветлых дзён на радасьць роднай Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG