Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная “аБЛОГа” 20 сьнежня


Агляд сеціва.


Наведнікі форумаў парталу tut.by абмяркоўваюць працэс з пазову Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і газэты “Новы час”. Журналісты мусяць заплаціць М.Чаргінцу 51 мільён рублёў. Такое рашэньне прыняў суд Першамайскага раёну Менску ў справе аб абароне гонару і годнасьці чыноўніка.

lelic: “Не зразумеў... А што менавіта ў гэтым артыкуле магло гіпатэтычна закрануць пачуцьці спадара Чаргінца? Усё вельмі нават правільна і нават вельмі карэктна!”

akselbant: “Я ведаў Чаргінца яшчэ да ягонага дэпутацтва... Нармальны ж быў чалавек. А цяпер – лепш бы Мікалая Іванавіча ніколі ня бачыць. Таму што цяжка будзе ўстрымацца ад “камплімэнтаў”, а гэта, улічваючы цяперашнюю любоў некалі адважнага баявога афіцэра да “абароны гонару і годнасьці”, можа пацягнуць на вялікую суму. Абсалютна карэктна Тамковіч выказаўся і аб “правільным” саюзе пісьменьнікаў, і аб карысьці ад чыноўных пасад...”

†††: “Што ж, у суду таксама з гонарам усё стабільна... Задаволілі пазоў: 1 мільён павінен Тамковіч, 50 мільёнаў – газэта. Квітней, Беларусь!”

На сайце газэты “Наша ніва” абмяркоўваецца выказваньне старшыні КДБ Беларусі Юр’я Жадобіна, які ў сераду заявіў: “У так званую супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў уваходзіць усяго 1 767 асобаў. Мы іх усіх ведаем пайменна, і іх ня робіцца ні больш, ні менш”.

Я пракамэнтаваў: “Во, гэта ўвойдзе ў гісторыю. Супольнасьць дэструктыўных элемэнтаў... Ну ён і пракалоўся: “І іх ня робіцца менш”. Гэта будзе з Жадобіным давеку, як пацукі з Сухарэнкам. Заўтра гэта будзе ўва ўсіх сусьветных СМІ”.

Джузэпэ Фр’яг: “Па якіх прынцыпах (мэтадах, прыкметах і г.д.) вызначаюцца “дэструктыўныя элемэнты”? Той, хто згвалціў Канстытуцыю, якім будзе – “структыўным” ці “дэструктыўным” элемэнтам? Той, хто стала парушае правы чалавека ў краіне, якім будзе? Той, хто называе адукаванага і законапаслухмянага чалавека “элемэнтам”, кім ёсьць?”

Як ёсьць напісаў: “Падлічыць колькасьць супрацоўнікаў КДБ – вось і будзе колькасьць дэструктыўных элемэнтаў у РБ. Яшчэ пакуль ня ўсіх ведаем пайменна, але працуем над гэтым. Хто, колькі і праз каго ўкідвае грошы, ім паказаў нядаўны візыт Пуціна. Мы ўяўляем пагрозу бясьпецы рэжыму, які ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі”.

Сайт “Тузін гітоў” цытуе генэральнага прадусара ОНТ Ягора Хрусталёва, які апавядае аб праекце “Нашы песьні. Вэрсія 2007”. Першая перадача павінна выйсьці ў эфір ОНТ ужо на наступным тыдні. Сярод плоймы поп-выканаўцаў гэтым разам свае песьні засьпявалі гурт “Крама” ды Зьміцер Вайцюшкевіч. Ягор Хрусталёў кажа, што гэтых выканаўцаў ня вельмі проста было схіліць да ўдзелу ў тэлешоў:

“Як я адразу прапанаваў Вайцюшкевічу, той кажа: толькі за грошы! А Ігар Варашкевіч некалькі разоў нават адмаўляўся. Казаў: я вось выступлю, а мне пачынаюць гаварыць, што ідэю прадаў... Урэшце Дзіма пагадзіўся і сьпяваў “Зорку Вэнэру”, а Ігар з “Крамай” – новую вэрсію “Стэфкі”.

На блогу Горадні сёньня можна прачытаць пра тое, што падчас традыцыйнага сьвяточнага шэсьця, якое бярэ пачатак ад 2005 году, у Горадні ў пераднавагоднія дні выберуць найлепшага Дзеда Мароза. Як будуць выбіраць самага-самага, не паведамляецца. У касьцюмаваным шэсьці возьмуць удзел больш за 150 Дзядоў Марозаў і Сьнягурак”.

Maggie_ гэтак камэнтуе паведамленьне: “А вось у галовы дзяцей гэтае шэсьце прыўнясе бардак! Дзед Мароз жа павінен быць адзін-адзіны на сьвеце?!”

Image цікавіцца: “Парад быў санкцыяваны? Заяўка ў прадвызначаныя законамі тэрміны, адказныя асобы і г.д.”


Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG