Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінькевіча асудзілі на паўтара году турмы


Кастрычніцкі суд Магілёвe разгледзеў крымінальную справу палітвязьня, актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча. Камэнтары праваабаронцаў і палітыкаў – у эфіры “Начной свабоды” і на сайце.


Хроніка судовага паседжаньня

Перад паседжаньнем судовую залю спрабавалі запоўніць студэнтамі — міліцыянты называлі іх практыкантамі. Аднак праціснуцца ў залю ім не далі паплечнікі Артура Фінькевіча.
За час зьняволеньня ў мяне пагоршылася здароўе.

Падтрымаць палітвязьня прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек. Сярод іх прадстаўнік амбасады ЗША Луіс Крышак, а таксама палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец, Аляксей Шэйн. Прыехаў і бацька Зьмітра Дашкевіча Валянцін. У судзе была і маці Артура.


Да 18 гадзінаў суд пад старшынствам судзьдзі Натальлі Крашкінай заслухаў дзяржаўнага абвінаваўцу, Артура Фінькевіча ды больш за дзесяць сьведак.

Дзяржаўны абвінаваўца заявіла ў судзе, што Артур Фінькевіч за час свайго зьняволеньня ня стаў на шлях выпраўленьня. Яна спасылалася на неаднаразовыя парушэньні Фінькевічам парадку знаходжаньня ў спэцкамэндатуры і вынесеныя за гэта спагнаньні.

Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, Артуру Фінькевічу вынесьлі чатыры вымовы і два афіцыйныя папярэджаньні. 22 кастрычніка на яго завялі крымінальную справу.

Артур Фінькевіч часткова прызнаў факты абвінавачваньня, аднак зазначыў: усе парушэньні ён зрабіў з паважных прычынаў.

Фінькевіч заявіў, што справа, якую разглядае суд, палітычна матываваная. За час зьняволеньня на яго чынілі беспрэцэдэнтны ціск. Адміністрацыю спэцкамэндатуры раздражнялі рэгулярныя наведваньні беларускіх палітыкаў ды прадстаўнікоў замежных амбасадаў. Пра перасьлед з боку адміністрацыі ён паведамляў у незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

“За час зьняволеньня ў мяне пагоршылася здароўе. У дзень, калі мяне зьвінавацілі ў алькагольным ап’яненьні, а потым завялі крымінальную справу, я выпіў шмат настойкі глогу і мэдычны прэпарат “Новапасіт”, — казаў на судзе Артур Фінькевіч.

На пачатку суду Артур Фінькевіч выказаў просьбу адкласьці разгляд справы, бо ён сябе кепска адчувае — баліць сэрца і высокі ціск. У суд выклікалі хуткую дапамогу. Цягам гадзіны мэдыкі вырашалі, ці можна яму ўдзельнічаць у працэсе. Паводле судзьдзі, мэдыкі далі дазвол на працяг суду.
Шкада, што ў 21 стагодзьдзі яшчэ існуе такая сацыяльная катэгорыя, як палітзьняволеныя

Сьведкі абвінавачваньня, супрацоўнікі спэцкамэндатуры, ў сваіх паказаньнях адмаўлялі факты прадузятага стаўленьня да Артура Фінькевіча. Яны казалі, што стаўленьне да яго было як да ўсіх зьняволеных.

Сваё меркаваньне пра суд над Фінькевічам выказаў прадстаўнік амбасады ЗША Луіс Крышак:

“Гэта вельмі шкада, што ў 21 стагодзьдзі яшчэ існуе такая сацыяльная катэгорыя, як палітзьняволеныя. Гэты працэс, мне здаецца, — крок да замацаваньня гэтага статусу, і гэта крок назад”.

Знадворку ў судовую залю даносіліся воклічы “Жыве Беларусь”, “Свабоду Фінькевічу”. Сярод тых, хто не патрапіў у залю і падтрымліваў Фінькевіча звонку, быў і Павал Севярынец:
Працэс — чарговая спроба запалохаць беларускую моладзь

“Працэс — чарговая спроба запалохаць беларускую моладзь. Паказаць, што так будзе з кожным, хто будзе пісаць на платах “Мы хочам новага прэзыдэнта”, “Жыве Беларусь” і “Малады Фронт”. Але беларускую моладзь не зламаць, спыніць яе ня ўдасца”, — сказаў Свабодзе Павал Севярынец

Да суду Артур Фінькевіч знаходзіўся ў сьледчай турме № 4 Магілёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG