Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты мусяць заплаціць М.Чаргінцу 51 мільён


Такое рашэньне прыняў суд Першамайскага раёну Менску ў справе пра абарону гонару і годнасьці чыноўніка.


Мікалай Чаргінец прасіў суд спагнаць з журналіста 5 мільёнаў рублёў, а з газэты — 50. Першапачаткова памеры сумы былі вышэйшыя ў 20 разоў. Падставай для звароту ў суд стаў артыкул Тамковіча “Генэрал-сэнатар Чаргінец”. На думку чыноўніка, апісваючы службу ў міліцыі і ў Афганістане, аўтар згадаў ягонае імя ў нэгатыўным кантэксьце.
Для газэты гэта нашмат больш за гадавы бюджэт выхаду

Судзьдзя Алена Ананіч часткова задаволіла пазоў Мікалая Чаргінца. Яна пагадзілася з тым, што публікацыя Аляксандра Тамковіча ўтрымлівае зьвесткі, якія абражаюць гонар і годнасьць высокапастаўленага чыноўніка.

Нагадаем: артыкул Аляксандра Тамковіча “Генэрал-сэнатар Чаргінец” быў надрукаваны яшчэ 24 верасьня ў газэце “Новы час”. Пазоў у суд чыноўнік накіраваў амаль праз два месяцы пасьля публікацыі. Чалец Савету Рэспублікі прасіў у якасьці кампэнсацыі спагнаць з Аляксандра Тамковіча, які змагаецца зь цяжкой хваробай, 100 мільёнаў рублёў, а з рэдакцыі газэты — 500 мільёнаў.

Мікалай Чаргінец адмовіўся ад прапановы апублікаваць на старонках “Новага часу” ўласны артыкул, каб выказаць свае прэтэнзіі да газэты. Аднак ён зьнізіў памер сумы і прасіў ужо спагнаць з аўтара публікацыі 5 мільёнаў, а з газэты — 50 (гэта адпаведна 2 350 і 23 500 даляраў).

Прадстаўнікі газэты і Аляксандра Тамковіча назвалі патрабаваньні Мікалая Чаргінца надуманымі. Яны прасілі прызначыць лінгвістычную экспэртызу, каб экспэрты вызначылі, ці ёсьць у артыкуле абразьлівыя выказваньні. Судзьдзя не задаволіла ніводнага хадайніцтва.

Паводле судовага рашэньня, Аляксандар Тамковіч, які атрымлівае пэнсію па інваліднасьці, мусіць заплаціць 1 мільён рублёў, а газэта “Новы час” — 50. Рэдактар Аляксей Кароль паведаміў “Свабодзе”, што газэта ў кожным разе ня мае такіх грошай і, хутчэй за ўсё, больш выходзіць ня будзе.

“Для газэты гэта нашмат больш за гадавы бюджэт выхаду. Так што гэта пацьверджаньне таго, што галоўнай прычынай была ўсё ж ня крыўда, якую выклікалі быццам бы асобныя крытычныя заўвагі ў артыкуле, а тая ж тэндэнцыя на давядзеньне газэт да банкруцтва, каб яны перасталі выходзіць”.
Ва ўсіх выпадках, калі ў працэсах удзельнічалі высокапастаўленыя чыноўнікі, вынікі спраў былі амаль аднолькавыя

Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія сачылі за ходам працэсу, назвалі ўчынак Мікалая Чаргінца амаральным. Гаворыць намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец:

“На жаль, статыстыка такіх судовых працэсаў вельмі сумная. Ва ўсіх выпадках, калі ў працэсах удзельнічалі высокапастаўленыя чыноўнікі, вынікі спраў былі амаль аднолькавыя. Можна прыгадаць і пазоў Шэймана, і Тозіка, і Гайдукевіча, і Праляскоўскага, а цяпер і Чаргінца”.

Аляксандар Тамковіч заявіў “Свабодзе”, што ў сваім артыкуле грунтаваўся выключна на фактах. У артыкуле даваў толькі цытаты з публікацыяў М.Чаргінца, напрыклад — што падчас знаходжаньня ў Аўганістане ў таго на кухні стаяў кулямёт, а на акне ляжала граната.

“352 640 рублёў — гэта мая пэнсія. Няхай вылічваюць. Ну, відаць, такая вайна была, што на кухні стаяў кулямёт, а на акне ляжалі гранаты. Калі нехта ў гэта верыць, то няхай”.

Рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль паведаміў, што будзе абскарджваць судовы прысуд, нягледзячы на тое, што не спадзяецца на адмену рашэньня.

“Абскарджваць трэба хоць бы дзеля таго, каб гэта стала вядома шырэйшай грамадзкасьці і падкрэсьліла, што ў Беларусі дэфіцыт свабоды слова працягваецца і сытуацыя пагаршаецца”.
XS
SM
MD
LG