Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як атрымаць адрасную сацыяльную дапамогу?


Мясцовыя органы ўлады распачалі прыём грамадзян у зьвязку з адменай ільгот і пачаткам дзеяньня прэзыдэнцкага ўказу аб адраснай сацыяльнай дапамозе.


Каля дзьвярэй Управы сацыяльнай абароны Першамайскага раёну Менску поўна пэнсіянэраў. Шмат хто зь іх прыйшоў пацікавіцца ўмовамі атрыманьня сацыяльных выплат.
Зрабіў Лукашэнка: льготаў ніякіх, праезд дарагі, пэнсія малая

Карэспандэнтка: “Ці разьлічваеце Вы на сацыяльную дапамогу?”

Пэнсіянэр: “Вядома, чым больш, тым лепш”.

Пэнсіянэрка: “Разумееце, каб яе атрымаць, трэба мець пэнсію каля 180 тысяч. У нас атрымоўваюць больш. Таму каля 80% ніякай дапамогі мець ня будзе”.

Пэнсіянэрка: “Зрабіў Лукашэнка: льготаў ніякіх, праезд дарагі, пэнсія малая”.

Карэспандэнтка: “Дык, можа, вы атрымаеце такую дапамогу?”

Пэнсіянэрка: “Вы думаеце? Наўрад ці”.

Пэнсіянэрка: “Няхай падвысяць нам пэнсію — і ўсё будзе цудоўна. Ніякія нам ільготы і не патрэбныя будуць”.

Пэнсіянэр: “Добра — нам, а дзецям? Дзецям бацькі павінны дадатковыя пяць тысячаў даваць на праезд некалькімі відамі транспарту! Мама дарагая, ну!”

Спадарыня: “Проста нашыя людзі прывыклі — такія памяркоўныя — усе маўчаць. У нас тут хоць... Ня ведаю, што трэба зрабіць, каб людзі не маўчалі”.





Начальнік Управы сацыяльнай абароны Галіна Грыб кажа, што яшчэ больш пытаньняў людзі задаюць праз тэлефон. Але дапамогу сапраўды ў асноўным будуць атрымліваць не пэнсіянэры, а дзеці-інваліды і адзінокія маці. Агулам — ня больш за 800 жыхароў раёну:

“Бюджэт пражытковага мінімуму сёньня складае 185 тысяч 670 рублёў. І зьвяртацца могуць толькі тыя, у каго даход ніжэйшы на кожнага чальца сям’і. Але тут таксама шмат розных акалічнасьцяў. Да прыкладу, калі чалавек здае кватэру ці гараж, калі вучыць дзіця за грошы, то ні пра якую адрасную дапамогу і гаворкі ня можа быць. Нават калі ягоны бюджэт у гэтых вось межах. Будзе вельмі строгі падыход. Кожнага заяўніка дома наведае камісія ў складзе трох чалавек, і гэтая камісія будзе вырашаць, даваць гэтую адрасную дапамогу ці не даваць”.
Бюджэт пражытковага мінімуму сёньня складае 185 тысяч 670 рублёў. І зьвяртацца могуць толькі тыя, у каго даход ніжэйшы на кожнага чальца сям’і

Як паведамілі супрацоўнікі Ўправы, студэнты цяпер будуць лічыцца чальцамі сям’і і даплату да малых стыпэндыяў змогуць атрымаць, толькі калі агульны даход сям’і будзе дастаткова нізкі. Але невядома, як гэта будзе вырашацца адносна іншагародніх навучэнцаў. Маламаёмныя грамадзяне павінны будуць сабраць пакет дакумэнтаў, але шмат якія даведкі зараз выдаюцца за грошы. Гэтыя і іншыя абставіны — толькі малая частка нявырашаных пытаньняў, кажа спэцыяліст Управы Вольга Вялік:

“Пытаньняў вельмі шмат. І ўсе спэцыялісты Ўправы сацыяльнай абароны будуць яшчэ зьбірацца разам, каб абмеркаваць усе аспэкты. Бо вельмі шмат пытаньняў, якія і для нас, для спэцыялістаў, яшчэ не зразумелыя да канца. І па студэнтах іншагародніх, і па новых тэрмінах прызначэньня выплатаў у выключных выпадках. Пакуль толькі кансультаваньне ідзе”.

Як паведамляюць спэцыялісты Ўправы, у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам цяпер сацыяльная адрасная дапамога будзе выплачвацца цягам трох месяцаў пасьля адпаведнай заявы грамадзяніна. Пры гэтым маламаёмны чалавек мае права зьвяртацца па такую дапамогу ня больш чым двойчы на год. Разавая дапамога будзе выплачвацца, калі здарыцца няшчасны выпадак або калі матэрыяльнае становішча просьбіта надзвычай цяжкое.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG