Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская нацыянальная віза будзе каштаваць 35 эўра


Консул Зоф’я Шмыд, генэральны консул Адам Бернатовіч, ягоны намесьнік Януш Дамброўскі

Консул Зоф’я Шмыд, генэральны консул Адам Бернатовіч, ягоны намесьнік Януш Дамброўскі

21 сьнежня шэраг краінаў Эўразьвязу, у тым ліку і Польшча, далучаюцца да Шэнгенскай зоны. Сёньня ў Горадні ля Генэральнага консульства Польшчы — вялікія чэргі.


Людзі скарыстоўваюць апошнюю магчымасьць атрымаць польскую візу па старых коштах. Пра тое, як ад заўтрашняга дня зьменіцца парадак афармленьня візаў, распавёў на прэсавай канфэрэнцыі новы Генэральны консул Польшчы Адам Бернатовіч.

Шэнгенская віза будзе каштаваць 60 эўра, а польская “нацыянальная” — 35 эўра, яна будзе даваць права знаходжаньня толькі ў гэтай краіне.

Генэральны консул Польшчы ў Горадні Адам Бернатовіч паведаміў, што з заўтрашняга дня пачнецца прыём дакумэнтаў на шэнгенскія візы. Іх разгляд зойме ад пяці да дзесяці дзён. Консул падкрэсьліў:

Бернатовіч: “Напэўна, гэтая новая сытуацыя не палягчае кантактаў і абмену. Але я маю надзею, што яна ня будзе такім чынньнікам, які радыкальна зьменшыць жаданьне і магчымасьць збліжэньня нашых народаў і грамадзтваў”.

Нямала гарадзенцаў маюць польскія візы, тэрмін якіх скончыцца толькі празь некалькі месяцаў — у 2008 годзе. Кіраўнік консульскага аддзелу Януш Дамброўскі патлумачыў:

Дамброўскі: “Польскія візы, якія былі выдадзены дагэтуль, будуць сапраўдныя, але толькі на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Дадаткова кароткатэрміновыя візы даюць права на праезд церазь некалькі новых Шэнгенскіх краінаў транзытам. Доўгатэрміновыя польскія візы даюць права на транзыт цераз усю шэнгенскую зону”.

Аднак будуць ажыцьцяўляцца праверкі: калі нехта заедзе з польскай візай у Нямеччыну, яго дэпартуюць і забароняць яму ўезд у краіны Шэнгенскай зоны ня менш як на тры гады, паведаміў віцэ-консул.

Шмат хто з гарадзенцаў падзарабляў памежным гандлем: вазілі ў Польшчу цыгарэты, гарэлку, паліва, а прывозілі розныя тавары. Януш Дамброўскі зазначыў, што “уезд дзеля гандлю” не прадугледжваецца, і людзі, якія наведвалі Польшчу празь дзень, ня змогуць атрымаць візы. А такім людзям дагэтуль выдавалася прыблізна трыццаць тысячаў візаў за год, падкрэсьліў віцэ-консул.

Перад Генэральным консульствам Польшчы сёньня напружана. Я бачу дзьве групы людзей — на падворку і перад брамай, прыблізна па трыццаць-сорак чалавек. Людзі ведаюць, што сёньня апошні дзень, калі можна яшчэ атрымаць польскую візу, якую лягчэй і таньней атрымаць, чымсьці гэта будзе зь візамі шэнгенскімі.

Спадар: “Мне трэба зайсьці ўзяць блянк, і ўсё”.

Карэспандэнт: “Вы спадзеяцеся, што пасьпееце ўсё аформіць?”

Спадар: “Я спадзяюся на гэта”.

Сталы спадар: “Даюць яшчэ шматразовыя — да Новага году некалькі разоў яшчэ можна зьезьдзіць”.

Малады спадар: “60 эўра за шэнгенскую візу — гэта, канешне, грошы. Для нас у гэтым адны суцэльныя мінусы, у гэтым нічога станоўчага я ня бачу”.

Спадарыня: “Я думаю, што гэта ня вельмі добра. Бо нейкая частка людзей мела магчымасьць хоць неяк падтрымаць свой матэрыяльны стан паездкамі ў Польшчу. За савецкім часам было тое псыхалягічна цяжэй, што правяралі. А цяпер, здаецца, ёсьць магчымасьць ехаць, але дорага атрымліваецца. Усё цяпер ускладняецца”.

Паводле консула, цяпер штодня консульства выдавала 250—320 візаў. Аднаразовая віза каштавала 5 эўра.

XS
SM
MD
LG