Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі КДБ адзначае 90-годзе ЧК


Будынак КДБ Беларусі ў Менску

Будынак КДБ Беларусі ў Менску

У Беларусі адзначаецца прафэсійнае сьвята Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, якое сёлета прыпадае на 90-годзьдзе ўтварэньня ЧК. Ці пазбавіўся беларускі КДБ горшай спадчыны карнага органа бальшавіцкай рэвалюцыі?


У праграме сёньняшняга сьвяткаваньня Дня супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі — урачыстае паседжаньне з канцэртам ды ўскладаньне кветак да помніку супрацоўнікам спэцслужбаў. У абавязковым сьвяточным наборы і віншаваньне кіраўніка дзяржавы. “Гісторыя Камітэта дзяржаўнай бясьпекі — гераічны летапіс самаахвярнага і адданага служэньня Айчыне шматлікіх пакаленьняў лепшых сыноў і дачок Радзімы”, — так, паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, зазначана ў ягоным віншаваньні для супрацоўнікаў і вэтэранаў КДБ.


Ці адмовіўся беларускі КДБ ад злачыннай спадчыны ЧК?

70 гадоў таму 20 сьнежня быў расстраляны выбітны беларускі навуковец, дырэктар Інстытуту беларускай культуры Сьцяпан Некрашэвіч. У 1937 годзе у махавік рэпрэсій траплялі дзясяткі тысяч людзей, бывала, што за адзін дзень расстрэльвалі да ста дзеячаў культуры. Ці адказаў хто за гэтыя беззаконьні?

Гісторык Ігар Кузьняцоў цытуе кнігу “Щит и меч Отечества», якую нядаўна выдаў КДБ Беларусі. Паводле выданьня, болей за 1700 супрацоўнікаў спэцслужбаў у 30-я гады былі абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Але спробы гісторыка высьветліць прозьвішчы гэтых людзей і тое, хто зь іх і якім чынам удзельнічаў у рэпрэсіях, не даюць плёну. “Дагэтуль гэта застаецца тайнай”, — кажа Ігар Кузьняцоў.
З дзейнасьцю ЧК, ГПУ, ОГПУ, МГБ, КГБ зьвязаны ўсе злачынствы, якія рабіліся ў 20 стагодзьдзі на нашай тэрыторыі

“Такім чынам, ацэнка гэтага пэрыяду насамрэч не дадзеная да сёньняшняга дня. Сёньня сьвяткуюць дзень, які для гісторыі нашага народу з’яўляецца чорным днём. Бо менавіта з дзейнасьцю ЧК, ГПУ, ОГПУ, МГБ, КГБ зьвязаны ўсе злачынствы, якія рабіліся ў 20 стагодзьдзі на нашай тэрыторыі”.

Напярэдадні ў КДБ Беларусі ўрачыста адкрылі Гісторыка-дэманстрацыйны цэнтар, прысьвечаны гісторыі органаў бясьпекі. Паводле кіраўніка прэсавай службы КДБ Валера Надтачаева, у складзе экспазыцыі ёсьць разьдзел пра рэпрэсіі.

“Што да пэрыяду рэпрэсій, так, тут ніхто галаву ў пясок не хавае. Мы заўсёды агучвалі лічбы і казалі пра тую працу, якую рабілі ў справе рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій. Таму там таксама такія дакумэнты ёсьць”.


Ці стаў сучасны беларускі КДБ больш адкрытым і дэмакратычным?

“Гэта не зусім карэктнае пытаньне. Беларускі КДБ кіруецца Канстытуцыяй і законамі, прынятымі ў пэўнай краіне і ў пэўны час”, — адказаў Валер Надтачаеў.

Пісьменьнік Валер Маракоў ужо шмат гадоў дасьледуе гісторыю рэпрэсій.

“Два гады таму мне нехта пазваніў і папярэдзіў, што “я хаджу па лязу брытвы”. Але з таго часу пакуль ціха. Спакойна працую, выходзяць мае кнігі”.

Паводле Валера Маракова, стаўленьне дзяржавы да рэпрэсій відаць з таго, што ў Беларусі так і не зьявіўся дзяржаўны помнік ахвярам рэпрэсій.

Нагадаем, на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі старшыня КДБ Юры Жадобін назваў колькасьць “дэструктыўных элемэнтаў” у краіне. Іх нібыта 1767. “Мы іх усіх ведаем пайменна”, — сказаў Юры Жадобін.

XS
SM
MD
LG