Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась у ліпені і сёлета ў лютым на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.



Сьнежань 2007-га
Cкрозь краты камэры нумар 306 на Валадарцы праглядваўся кавалачак неба, далікатна разрэзанага крыжамі Чырвонага касьцёлу. Калі 46-гадовы Рыгор падыходзіў да акна і бачыў крыжы, яму станавілася лягчэй дыхаць, нібыта глыток сьвежага паветра разганяў смурод душнай камэры. Вялікай Боскай ласкай лічыў Рыгор Кійко вяртаньне беларусам дзяржаўнай незалежнасьці. А яе трэба было бараніць, за што сатанінская ўлада, так называў яе Рыгор, кідала людзей за краты.

Адразу ж, як патыхнула свабодай, мастак-кераміст Рыгор Кійко разам зь іншымі людзьмі культуры кінуўся ў змаганьне. Спачатку -- за гістарычныя памяць і годнасьць. На Дзяды 1988 годзе разам зь Зянонам Пазьняком прайшоў першым крыжовым шляхам на Курапаты. Затым ён, сябра БНФ, браў удзел ці не ва ўсіх мітынгах, шэсьцях, маршах, пікетах за незалежную і дэмакратычную Беларусь.

Знаёмства з Акрэсьціна

Першы раз патрапіў за краты ўвесну 1996-га, празь некалькі дзён пасьля крывавага Чарнобыльскага шляху. Шмат людзей выйшла тады на пікет ля сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску ў падтрымку зьняволеных там украінскіх сяброў, якія прыехалі на Чарнобыльскі шлях падтрымаць беларусаў. Пікет жорстка разагналі, а ля будынкаў ГУМу і Нацбанку Рыгора Кійка і яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек закінулі ў аўтазак. Тады Рыгор упершыню атрымаў дубінкай па галаве і пазнаёміўся зь вязьніцай на Акрэсьціна.

На ўсё жыцьцё запомніў цёмную камэру, смурод нямытых целаў, лыжку-чарпачок з адрэзанай ручкай, хлебныя катлеты і нейкае цеста, якое называлі хлебам. Інакш як катаваньнем і сёньня тыя ўмовы Кійко не называе. Празь некалькі дзён адбыўся суд. Усім затрыманым давалі па 4-5 сутак, мастака ж упяклі на восем, як ён лічыць, напэўна, за тое, што адказваў у судзе на беларускай мове. Зрабілі здымкі і адбіткі пальцаў...

У сьледчы ізалятар на Валадарцы патрапіў Кійко праз год. Сьвяткаваньне Дня Волі 23 сакавіка 1997 году вылілася ў жорсткае супрацьстаяньне міліцыі, спэцназу і апазыцыйнай грамадзкасьці. Міліцыя не прапускала калёну на плошчу Якуба Коласа, некалькі разоў спыняла шэсьце. Рыгор Кійко і яшчэ некалькі чалавек, зь якімі ён пазнаёміцца толькі ў судзе, далі адпор міліцыі. Кійко абвінавацяць сярод іншага ў тым, што ён ударыў некалькі разоў амапаўца Бухаўца дрэўкам ад сьцяга. Увечары Рыгора затрымалі, завезьлі ў пастарунак, склалі пратакол і адпусьцілі.

У Валадарцы зь відам на крыжы Чырвонага касьцёла...

А арыштавалі яго толькі 1 красавіка людзі ў цывільным. Тады ж быў арыштаваны яшчэ адзін удзельнік тых падзеяў Алесь Бондараў. Некалькі дзён правялі ў турме-разьмеркавальніку. А затым іх, абвінавачаных у хуліганскіх дзеяньнях, перавялі на Валадарку. Так мастак і сябра БНФ Рыгор Кійко патрапіў у гэтую 306 камэру зь відам на крыжы Чырвонага касьцёла...

З жонкай Аленай, дочкамі Аленай і Натальляй у часе пілігрымкі ў Будслаў

Першы месяц адседкі быў асабліва цяжкім. Не вялося ніякіх сьледчых дзеяньняў, цяжка было паразумецца з сукамэрнікамі – забойцамі, рабаўнікамі, алімэнтшчыкамі. Замест ежы – баланда, замест ложка – нары, на якіх у перапоўненай камэры спалі па чарзе, замест унітазу – параша. Мастак адчуваў сябе нібы леў у клетцы. На свабодзе заставаліся нерэалізаваныя творчыя задумы, любімая сям’я. Аднойчы яму прысьнілася, як прытулілася да яго малодшая, дзесяцігадовая дачка Аленка.

Празь месяц пачалі цягаць на допыты. Калі вялі да сьледчага, перакрывалі калідоры, каб крый Божа, зь кім не сустрэўся, успамінае мастак. Па ўнутранай турэмнай пошце даведаўся, што на Валадарку даставілі і іншых удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі – Уладзімера Лыска, Анатоля Сароку, Алеся Коваля. Раней ужо сядзеў там Алесь Бондараў. Неўзабаве справу перакваліфікавалі. Цяпер яго ўжо абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў актыўным удзеле ў іх.

Суд у Дзень палітзьняволеных

Праз тры месяцы выйшаў на волю з падпіскай пра нявыезд. Суд адклалі на восень. Толькі ў судзе пазнаёміўся Рыгор Кійко з тымі, зь кім праходзіў па адной справе. Ім прызначылі дзяржаўных адвакатаў (на момант суду ўжо быў ліквідаваны інстытут прыватных адвакатаў), ад якіх падсудныя адмовіліся.

У часе сьледзтва падсудны Кійко занатоўваў прозьвішчы судзьдзяў і падсудных

У першы ж дзень суду, які пачаўся ў Дзень палітвязьняў 30 кастрычніка, яны запатрабавалі, каб працэс адбываўся на беларускай мове.

А паколькі судзьдзі не валодалі беларускай мовай, запатрабавалі перакладчыка.

Судзілі іх два тыдні. Расейскія тэлеканалы здымалі сюжэты. Беларуская дзяржаўная прэса абзывала іх п’яніцамі, хуліганамі, адмарозкамі.

Рыгор Кійко і Ўладзімер Лыско атрымалі самы суровы на той час вырак – два гады “хіміі”. Алеся Бондарава, Анатоля Сарокіна і Алеся Коваля асудзілі да папраўчых працаў па месцы працы з утрыманьнем 20 працэнтаў заробку на карысьць дзяржавы.

На зоне мастак Кійко кідаў гной...

На пачатку зімы Рыгор Кійко прыехаў на хімію у Зэмбінскую камэндатуру, што недалёка ад Барысава. Яго паслалі працаваць у суседні калгас. У першы працоўны дзень мастак Кійко кідаў гной... Тры месяцы ён пражыў разам зь яшчэ 50 “хімікамі” ў старой школе. А затым на просьбу Барысаўскага мастацкага камбінату яму дазволілі працаваць і жыць там. Аднак, штотыдзень трэба было ехаць у Зэмбін адзначацца ў камэндатуры і штодня адзначацца ў барысаўскай міліцыі. Пазьней часам дазвалялі езьдзіць у Менск да сям’і таксама з абавязковым адзначэньнем у міліцыі. А ў дні масавых апазыцыйных акцыяў у Менску Кійко кідаўся ў самаволку.

Самым цяжкім у няволі было жыцьцё безь сям’і. Жонка Алена (таксама мастачка) разумела мужа, падтрымлівала яго. Старэйшая дачка Натальля пайшла сьлядамі бацькі ня толькі ў выбары прафэсіі. Студэнтка мастацкага факультэту Беларускай акадэміі мастацтва яна была адной з актывістак “Маладога фронту”. Натальля брала ўдзел у апазыцыйных акцыях моладзі, аздабляла іх плякатамі і транспарантамі, ладзіла выставы альтэрнатыўнага мастацтва. Натуральна, адчувала ціск з боку кіраўніцтва навучальнай установы.

Крыжы ў Курапатах

Цяпер у Акадэміі мастацтваў, дзе колісь Рыгор Кійко гады акрамя прафэсіі атрымліваў урокі нацыянальнай сьвядомасьці ад знанага выкладчыка Міхася Раманюка, вучыцца і ягоная малодшая дачка Алена. Моцна перажывала за сына і маці Рыгора. Цяжка хворая, яна баялася, што не дачакаецца вызваленьня сына. Дачакалася. Гэта адбылося пры канцы 1999 году, незадоўга да яе сьмерці.

Насуперак усім выпрабаваньням Рыгор Кійко не зламаўся, захаваў імпэт да барацьбы. І на Дзень Волі ў 2000 годзе выйшаў ужо з сям’ёй. Зноў полем бітвы стала сталічная плошча імя Якуба Коласа. Той Дзень Волі вызначыўся выведзенымі на вуліцы Менску БТРамі і сабакамі. І масавымі затрыманьнямі. Рыгора, жонку Алену і дачку Натальлю закінулі ў міліцэйскі варанок. Дзень правялі яны ў спартовай зале вайсковай базы, а ўвечары адпусьцілі.

І ў 2001 годзе, калі ўлады вырашылі пашырыць Менскую кальцавую дарогу, і на тэрыторыю ўрочышча Курапаты, Рыгор Кійко разам са сваімі паплечнікам з партыі КХП-БНФ браў удзел у абароне нацыянальнага нэкропалю.

Позна ўвечары 8 лістапада спэцназаўцы напалі на лягер абаронцаў Курапатаў. Рыгор дагэтуль памятае, як яго зьбілі з ног, кінулі тварам у разьмяклы ад восеньскіх дажджоў жвір. Зь ягоных вуснаў вырваўся стогн: “Божа, дапамажы, гіну!” Нейкі спэцназавец яго груба падняў зь зямлі і моцна ткнуў дубінкай наўпрост у тое месца, дзе знаходзіцца сэрца.

Дзікі боль працяў цела, ачуняў Рыгор толькі ў пастарунку. Але яшчэ зь месяц на грудзях заставалася чорная гематома, балелі рэбры. Рыгор Кійко зьвяртаўся са скаргай у пракуратуру. Дарэмна. “Гэтая ўлада сваіх ня судзіць“, -- кажа мастак.

Курапаты, Дзяды-2004

Увосень 2001-га Рыгор рабіў крыжы з паваленых будаўнікамі курапацкіх дрэваў. Большасьць з усталяваных ім крыжоў вывезьлі спэцназаўцы 8 лістапада. Цяпер ў Курапатах больш за паўтысячы крыжоў, якія былі ўсталяваныя намаганьнямі Рыгора і ягоных паплечнікаў з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.

Мастак ганарыцца тым, што талакою за кароткі прамежак часу яны стварылі па-сутнасьці Народны мэмарыял -- мэмарыял крыжоў ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

Вэтэрану беларускага нацыянальна-вызвольнага руху канца 20 -- пачатку 21 стагодзьдзя -- 57 гадоў. Ён не згубіў рамантычнай веры ў дэмакратычную будучыню незалежнай Беларускай дзяржавы, толькі крыху стаў большым рэалістам. Ён цьвёрда перакананы, што калі б не было тых вулічных змаганьняў, мітынгаў, шэсьцяў, не было б сёньня і Беларусі.

Рыгор Кійко не шкадуе, што на алтар перамогі клаў і сваё здароўе, і дабрабыт сям’і. Пэрспэктыву краіны ён зьвязвае з моладзьдзю, якая ідзе тым жа шляхам, якім ішло ягонае пакаленьне ў 1990-я гады. Таму разам зь сям’ёй у сакавіку 2006-га прыходзіў Рыгор Кійко на Плошчу Каліноўскага падтрымаць юных змагароў. Прыходзіць маральна падтрымаць іх і тады, калі яны на лавах падсудных. І натуральна майструе, усталёўвае, рамантуе Крыжы памяці ў Курапатах.


Рыгор Кійко нарадзіўся 27 чэрвеня 1951 году ў вёсцы Цалуйкава Луганскай вобласьці Ўкраіны ў настаўніцкай сям’і. Неўзабаве сям’я Кійко пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Мастак-кераміст. Сябра Беларускага саюзу мастакоў, удзельнічае ў працы суполкі “Пагоня”. Жанаты, мае дваіх дачок.

У Беларускім Народным Фронце ад моманту ўтварэньня руху і партыі. Пасьля расколу БНФ у 1999 годзе – сябра КХП-БНФ. Удзельнік шматлікіх вулічных акцыяў. Неаднойчы затрымліваўся міліцыяй.

У 1997 годзе асуджаны Менскім гарадзкім судом на два гады пазбаўленьня волі з прымусовымі працамі, гэтак званая хіміі. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў касацыйнай скаргі. Адбываў пакараньне ў Зэмбінскай спэцкамэндатуры.

Цяпер займаецца творчай і выкладчыцкай працай.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG