Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба дружыць — і візы будуць, як для расейцаў...”


Ад заўтрашняга дня візы ва ўсе краіны Эўразьвязу для грамадзян Беларусі будуць каштаваць 60 эўра, а для ўкраінцаў і расейцаў — 35. Наш карэспандэнт на вуліцах Горадні пытаўся ў мінакоў: чаму, на іх думку, існуе такая розьніца ў коштах?


Спадар: “Думаю, што наш народ не такое вытрымліваў, і візы гэтыя вытрымае. Адзінае, хацелася б ім дапамагчы розуму набрацца, бо яны вельмі перадузята да нас ставяцца”.

Спадар: “Такім макарам яны хочуць даказаць, што зьяўляюцца нейкай эўрапейскай сілай. А насамрэч — “курица не птица, Польша не заграница”.

Хлопец: “Хутчэй за ўсё таму, што прэзыдэнт у нас такі і стаўленьне Эўразьвязу да яго адпаведнае. Таму так і ёсьць”.

Дзяўчына: “Я нават ня ведаю, паколькі за мяжу сама ня ежджу і падобнымі пытаньнямі не цікаўлюся”.

Спадар: “На гэтае пытаньне адказалі самі амбасадары Эўразьвязу, якія працуюць у Менску. У “Свободных новостях” яны выказаліся так, што раз беларусаў задавальняюць варункі, у якіх яны жывуць, то гэта іх справа. Але й стаўленьне з боку краін Эўразьвязу адпаведнае. А калі беларусы надумаюцца наблізіцца да эўрапейскіх стандартаў, то й стаўленьне будзе да іх як да людзей, якія жывуць у Эўразьвязе. А так — маеце тое, што маеце”.

Дзяўчына: “Ня ведаю. Магчыма, ад вялікай любові да беларусаў. Відаць, мы нечым іх не задавальняем”.

Спадарыня: “Я лічу, што гэта зьвязана з палітычнымі прычынамі. Наша палітыка іх не задавальняе. Яны больш любяць расейцаў, бо тыя ім прадаюць газ”.

Спадар: “Аб гэтым трэба запытацца ў нашага прэзыдэнта, няхай ён адкажа, што хоча гэтым нам даказаць”.

Спадар: “Есьць нейкія праблемы зь дзяржаўнай адміністрацыяй. Яны вырашаюць гэтыя праблемы. У нас багацейшая краіна, таму і візы для нас даражэйшыя, а розьніцу яны кладуць сабе ў кішэню”.

Дзяўчына: “Магчыма, Эўразьвяз не жадае прызнаваць нашу самастойнасьць, так, як украінцаў і расейцаў. Але гэта не зьвязана зь нейкай нацыянальнай непрыязьзю, гэта датычыць сфэры палітыкі. Думаю, што нашым палітыкам трэба прыкласьці ўсе намаганьні дзеля таго, каб грамадзяне Беларусі карысталіся нароўні зь іншымі такімі ж самымі правамі”.

Спадар: “Мне здаецца, трэба папросту дружыць з усімі народамі, тады й візы будуць — так, як для расейцаў, украінцаў і іншых”.
XS
SM
MD
LG