Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Сёньня КДБ Беларусі адзначае 90-годзьдзе ад дня ўтварэньня. Беларусь — адзіная краіна на пасьлясавецкай прасторы, дзе гэтая спэцслужба захавала свой назоў.

Спадар: “Мэтады працы КДБ Лукашэнка цалкам пераняў і завучыў з часоў Цанавы і Берыі. Вечным нічога не бывае. Час прыйдзе. Бог бачыць усё. І вынік гэтых дзеяньняў будзе ясны”.

Камэнтар падпалкоўніка ў адстаўцы, колішняга кіраўніка інфармацыйна-аналітычнага аддзелу вайсковай контарвыведкі Беларусі Сяргея Аніські:

Аніцька: “Пытаньне вельмі складанае і балючае. Ня хочацца верыць, што можа паўтарыцца тое, што было ў часы Цанавы і Берыі. Але ёсьць моманты ў дзейнасьці спэцслужбы, якія насьцярожваюць. Спэцслужба маўчыць пра зьнікненьне палітыкаў і журналіста Зьмітра Завадзкага. У нашага КДБ ёсьць інфармацыя на гэты конт. Ён маўчыць, гэта гаворыць пра тое, што спэцслужба ня можа дзейнічаць у межах закону, а ўлічвае кан’юктуру. Вось гэты ўлік кан’юктуры, гаворыць, што яна працуе з парушэньнем закону. Тыя, хто зараз парушаюць законы, будуць за гэта адказваць”

19 сьнежня ў Беларусі адбыўся аднадзённы страйк прадпрымальнікаў. Лідэр рэспубліканскага аб'яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заявіў, што ў страйку ўдзельнічала каля 80 тысяч чалавек.

Спадар: “Лукашэнка цісьне прадпрымальнікаў, відаць, таму, што хоча, каб яны перайшлі працаваць на заводы, фабрыкі і ў калгасы. Але ў дзяржавы няма грошай, каб заплаціць нармальны заробак нават тым, хто цяпер працуе на вытворчасьці. Дзяржаўныя прадпрыемствы існуюць коштам датацыяў, якія дзяржава зьдзірае з тых самых прадпрымальнікаў”.

Слухачы Свабоды працягваюць выказваць сваё стаўленьне да скасаваньня льготаў. 17 сьнежня пачаў дзейнічаць Закон аб упарадкаваньні льготаў. Розныя віды льготаў страцілі каля трох мільёнаў чалавек — гэта траціна насельніцтва Беларусі.

Спадар: “Даражэнькія пэнсіянэры! Я ведаю, куды Лукашэнка падзеў нашыя льготы. Трэба ўсім ехаць у Менск на плошчу Кастуся Каліноўскага. Там нашыя льготы. І трэба сабраць там “майдан” і сядзець да перамогі. Іначай будзем сядзець у сваім берлагу, як мядзьведзь, і смактаць лапу”.

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу сказаць па пытаньні адмены льготаў пэнсіянэрам, студэнтам, навучэнцам і іншым. Гэтыя льготы трэба сабраць і аддаць Чаргінцу ды Лукашэнку. Гэта па-першае. Па-другое, я прывяду вам такі прыклад. Тэхнічная ВНУ, гэта мястэчка. Туды прыехалі студэнты, заплацілі за праезд адзін раз. І пераходзяць з аўдыторыі ў аўдыторыю. А вы вазьміце Мэдыцынскую Акадэмію. Яе катэдры раскіданыя па ўсім Менску. Сёньня псыхіятрыя — Навінкі, заўтра — Бараўляны, пасьлязаўтра... і гэтак далей. Карацей, у адзін дзень яны могуць праезьдзіць ня толькі сваю стыпэндыю, а яшчэ і грошы бацькоў”.

Скончым праграму такім тэлефанаваньнем:

Пётр Сьцяпанавіч, пэнсіянэр: “Для Радыё Свабода я склаў маленькі вершык. Прабачце, калі што ня так. Я не паэт.

Для беларускага народа
Працуе Радыё Свабода.
І ўсе, хто слухае яе,
Трымаюць розум у галаве.
Пакуль “Свабода” з намі,
Ды ўсе мы зь ёй,
Гэта наш аптымізм,
Гэта добры настрой.
Жадаем посьпехаў мы вам,
Віншуем з Новым годам,
Заўжды даносьце праўду нам,
І будзьце, як былі, — з народам.
XS
SM
MD
LG