Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельнічае гісторык Натальля Гардзіенка Эфір 20 сьнежня 2007 году


“У розныя часы і па розных прычынах выяжджалі беларусы з Бацькаўшчыны: хто шукаў лепшай долі, хто ўцякаў ад палітычнага націску, хто імкнуўся да прыгодаў і новых уражаньняў. Сяліліся ў розных краінах на Захадзе і Ўсходзе. Зьвесткі аб беларусах можна знайсьці і ў Аўстраліі, і ў Аргентыне, і ў Вялікай Брытаніі, і ў ЗША, і ў Канадзе, і шмат у якіх іншых краінах, нават у такіх экзатычных, як Танзанія ці Новая Зэляндыя...

Найбольш нацыянальна сьвядомая эміграцыя была справакавана падзеямі Другой усясьветнай вайны, калі на Захадзе апынуліся больш за 100 тысяч беларусаў. Менавіта яны і сталі стваральнікамі таго асаблівага беларускага сьвету нацыянальнай дыяспары. Яны ладзілі беларускія фэстывалі, выдавалі кнігі, будавалі свае цэрквы і грамадзкія дамы, ставілі помнікі беларускім героям.

Менавіта беларускія будынкі і помнікі, таксама як і раскіданыя па розных краінах могілкі нашых суайчыньнікаў сёньня могуць быць яскравым сьведчаньнем беларускай прысутнасьці ў сьвеце. Некаторыя зь іх склалі гэты каляндар.

Алег і Натальля Гардзіенкі, укладальнікі насьценнага календара “Беларускія мясьціны ў сьвеце” на 2008 год.”


Вячаслаў Ракіцкі: “І зараз у менскай студыі адна з укладальнікаў календара – гісторык Натальля Гардзіенка. Вы выбралі 12 фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць важныя мясьціны беларускай прысутнасьці ў сьвеце. Гэта – помнікі, беларускія дамы, цэрквы, мэмарыялы. Геаграфія даволі шырокая: Чэхія, Англія, ЗША, Аўстралія, Канада. Пра што найперш гавораць гэтыя здымкі?”

Натальля Гардзіенка: “Беларусы пазначалі і пазначаюць сваю прысутнасьць у сьвеце розным чынам: і нематэрыяльным (праз стварэньне цікавасьці да сябе ў пісьменьнікаў, мастакоў, палітыкаў), і матэрыяльным (разнастайныя пабудовы). Менавіта па гэтых матэрыяльных рэчах можна добра прасачыць месцы, куды закідваў лёс нашых суайчыньнікаў, характар і мэты іх дзейнасьці, асаблівасьці жыцьцёвых абставінаў. Такія знакавыя месцы ў розных краінах сьвету мы і абіралі для календара”.

Ракіцкі: “Якая з хваляў эміграцыі была найболей стваральнай? Маю на ўвазе і тыя адзнакі, якія яна пасьля сябе пакінула.”

Гардзіенка: “Найбольш такіх адзнакаў пакінула па сабе паваенная беларуская эміграцыя, што была значна больш нацыянальна сьведамай за папярэднія хвалі. Хоць, дзеля справядлівасьці, трэба заўважыць, што і ранейшыя эмігранты зь беларускіх зямель стваралі па сабе памяць у розных краінах: разам з расейцамі і ўкраінцамі будавалі цэрквы, разам з палякамі — касьцёлы. Аднак менавіта паваенныя беларускія эмігранты сталі засноўваць нацыянальныя беларускія месцы ў сьвеце”.

Ракіцкі: “Якіх помнікаў беларускай прысутнасьці ў заходнім сьвеце найболей?”

Гардзіенка: “Найболей, відаць, па сьвеце раскіданыя беларускія цэрквы, што тлумачыцца даволі моцнай рэлігійнай сьвядомасьцю беларусаў (часта мацнейшай за нацыянальную). Праўда, найчасьцей беларусы набывалі ўжо існуючыя будынкі і ўладкоўвалі іх пад свае цэрквы, як гэта было ў Канадзе, ЗША, Аўстраліі. І толькі некалькі цэркваў яны пабудавалі ўласнымі рукамі і іх сапраўды варта назваць знакавымі месцамі. Акрамя таго былі і ёсьць беларускія грамадзкія дамы, помнікі змагарам, разнастайныя шыльды і іншыя знакі”.

Ракіцкі: “А з чаго пачыналі эмігранты? І чаму?”

Гардзіенка: “Акрамя згаданых ужо цэркваў, клопатам беларусаў быў пошук месцаў для наладжваньня грамадзкіх імпрэзаў, для сядзібаў разнастайных арганізацыяў. Сталі зьяўляцца грамадзкія Беларускія дамы. Самы першы зь іх быў набыты Згуртаваньнем беларусаў у Вялікай Брытаніі ў 1948 годзе ў Лёндане. Аналягічныя Беларускія дамы ў наступныя пяць гадоў зьявіліся ў брытанскіх Брадфардзе й Манчэстэры. Свае грамадзкія будынкі мелі і беларусы ў Аўстраліі, Канадзе ды ЗША. Напэўна, найбольш вядомы зь іх Беларуска-амэрыканскі цэнтр ў Саўт-Рывэры -- ці не адзіны, пабудаваны (а не набыты беларусамі) падобны будынак. Наогул трэба заўважыць, што набытая ці збудаваная супольнымі сіламі маёмасьць стала дадатковым цэмэнтуючым фактарам беларускіх грамадаў. Тыя арганізацыі, што мелі ўласныя дамы-сядзібы аказаліся на эміграцыі найбольш трывалымі, прайшлі выпрабаваньне часам. Акрамя грамадзкіх дамоў эмігранты паваеннай хвалі у розных краінах ставілі адмысловыя беларускія помнікі. Самы першы зь іх у гонар Слуцкіх паўстанцаў паставілі беларусы-насельнікі лягеру для перамешчаных асобаў у Лютэнзээ ў Нямеччыне яшчэ ў 1948 годзе”.

Ракіцкі: “Ці былі свае дойліды, свае мастакі? Наколькі і цэрквы, і дамы, збудаваныя беларускімі эмігрантамі, нясуць у сабе беларускія архітэктурныя традыцыі, так бы мовіць, дух Беларусі? А мо яны нічым не вылучаюцца з шэрагу заходніх аналягаў?”

Гардзіенка: “Збудаваных, а не набытых, менавіта беларускіх будынкаў на Захадзе няшмат. Але зразумела, што іх праекты распрацоўвалі найчасьцей самі беларусы. Сярод іх звычайна знаходзіліся здатныя асобы. Так, прыкладам, царкву, грамадзкі цэнтар і помнік змагарам у Саўт-Рывэры спраектаваў беларускі мастак Алег Махнюк. Беларусы у сваіх пабудовах імкнуліся захаваць асаблівасьці нацыянальнай архітэктуры. Дарэчы, аздабленьне інтэр’ераў і збудаваных, і набытых будынкаў звычайна беларуская грамада брала на сябе. Таму тут можна было знайсьці і прыклады традыцыйнага беларускага мастацтва, і творы прафэсійных мастакоў, якіх на эміграцыі было даволі шмат. Мне даводзілася быць у розных беларускіх пабудовах на Захадзе і магу сказаць, што ў іх сапраўды адчуваецца такі непаўторны дух несавецкай беларускасьці”.

Ракіцкі: “Якія падзеі і асобы беларускай гісторыі ўшанаваныя ў помніках на Захадзе?”

Гардзіенка: “Па сьвеце раскідана шмат помнікаў і беларусам, і выхадцам зь Беларусі, якія паставілі без ініцыятывы і ўдзелу саміх беларусаў. Гэта датычыць помнікаў Тадэвушу Касьцюшку ў розных краінах, помніка Ігнату Дамейку ў Чылі, Іосіфу Гашкевічу ў Японіі. Між іншым, нават помнік Янку Купалу (аўтарства Анікейчыка) у Араў Парку ў Нью-Ёрку паставілі не нацыянальныя беларускія суполкі, а арганізацыя выхадцаў з Расіі. Гэтыя, як і іншыя падобнага кшталту памяткі па беларусах у розных краінах абавязаны Беларусі толькі зьместам помнікаў, а не самім фактам іх зьяўленьня.
Разам з тым ёсьць і тыя помнікі, што ставілі беларусы ў гонар беларусаў. Акрамя згаданага помніку Слуцкім паўстанцам у Нямеччыне, у 1970-х гадох у Нью Джэрзі зьявіліся амаль адначасна два іншыя помнікі ў гонар змагароў за незалежную Беларусь: адзін у Саўт-Рывэры, другі – у недалёкім ад яго Іст-Брансьвіку. У 1976 г. свой Крыж памяці ўсіх памерлых за Беларусь паставілі таксама беларусы ў Мэльбурне. А пры канцы 1980-х —пачатку 1990-х гадоў зьявілася цікавае месца ў беларусаў у Канадзе ў Сьвятыні Пакутнікаў у Мілэндзе. Спачатку ў 1988 годзе тут быў усталяваны Памятны крыж тысячагодзьдзя Хрысьціянства ў Беларусі, а пазьней зьявіўся адмысловы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў — адзіны падобны помнік па-за межамі Беларусі”.

Ракіцкі: “Традыцыйна дыяспары гуртуюцца вакол нейкіх сваіх культурных цэнтраў. Утварылі такія асяродкі і беларусы. У якіх зь іх найбольш цікавая, ці знакавая архітэктура?”

Гардзіенка: “Адзін з найбольш вядомых беларускіх цэнтраў на Захадзе знаходзіцца ў Лёндане. Ён складаецца цяпер з трох будынкаў, што стаяць побач (раней было чатыры, адзін прадалі): Марыян Хаўз з грэка-каталіцкай капліцай Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла, Дом Сьвятога Пятра з заляй для грамадзкіх імпрэзаў, дзе адбываюцца сёньня амаль усе беларускія мерапрыемствы ды Бібліятэка імя Францішка Скарыны. Усе будынкі маюць звычайны для Брытаніі зьнешні выгляд. Гэта – тыповыя ангельскія двухпавярховікі, бо былі не збудаваныя, а набытыя для беларускіх патрэбаў.
Беларускія ня толькі паводле зьместу, але й паводле пабудовы беларускі цэнтар ў Саўт-Рывэры, які ўжо згадваўся, а таксама, прыкладам, рэлігійна-грамадзкі цэнтар у заходнеаўстралійскім Пэрце”.

Ракіцкі: “А ці існуюць у заходнім сьвеце беларускія музэі?”

Гардзіенка: “Беларускіх музэяў на Захадзе мала. Самы вядомы — беларускі музэй пры бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Тут сабраныя вельмі разнастайныя экспанаты ад манэтаў часоў Вялікага Княства Літоўскага да цікавых беларускіх папяровых грошай, што друкаваліся пасьля рэвалюцыі ў Гомелі ці Слуцку, ад пярсьцёнкаў-пячатак 17-18 стагодзьдзяў да традыцыйнага беларускага адзеньня пачатку 20 стагодзьдзя. Тут ёсьць крыжы і скрынкі для сьвятых дароў, зь якімі беларускія сьвятары праходзілі праз сталінскія вязьніцы, таксама турэмная кашуля Ларысы Геніюш. У музэі некалькі соцень экспанатаў, частка якіх зьяўляецца выдатнай ілюстрацыяй беларускага жыцьця на чужыне, а іншая можа быць цікавай і для тых, хто вывучае ўласна беларускую гісторыю. Іншы беларускі музэй, ці дакладней беларускую экспазыцыю ў гарадзкім музэі нямецкага Ляймэну стварыў беларускі дзеяч Юры Попка. У іншых краінах адмысловых беларускіх музэяў няма, аднак час ад часу ладзіліся і ладзяцца беларускія выставы ў розных месцах, або асобныя беларускія экспанаты можна ўбачыць у сталых экспазыцыях эміграцыйных музэяў”.

Ракіцкі: “Людзі нявечныя. Яны паміраюць. І іхныя парэшткі знаходзяць спачын на чужыне. Ці ўтварылі беларусы свае нэкропалі? Ці можна казаць пра іх як пра сапраўдныя помнікі нацыянальнай памяці?”

Гардзіенка: “Так, найбольш вядомыя беларускія нэкропалі знаходзяцца ў ЗША (Саўт-Рывэр і Іст-Брансьвік), Аўстраліі (Мэльбурн), Вялікай Брытаніі (Лёнданскае пахаваньне каталіцкіх сьвятароў). Гэта сапраўды важныя, знакавыя месцы для беларусаў. Калі беларусы набывалі адмысловы пляц для сваіх могілак — гэта было першае й найбольш яскравае сьведчаньне ўсьведамленьня, што іх эміграцыя зьява не часовая, што на чужыне яны застануцца назаўсёды. Для палітычнай эміграцыі гэта быў вельмі важны момант”.

Ракіцкі: “Чым адрозьніваюцца беларусы-эмігранты ў сэнсе матэрыяльнага пазначэньня сваёй прысутнасьці ў сьвеце ад эмігрантаў іншых народаў, блізкіх паводле культурных традыцыяў, -- палякаў, украінцаў, расейцаў, летувісаў, чэхаў?”

Гардзіенка: “Беларускія эмігранты ў сэнсе адзначэньня сваёй прысутнасьці ў сьвеце не асабліва адрозьніваліся ад іншых народаў на эміграцыі. Так, украінцаў, палякаў, расейцаў на эміграцыі было ў колькасных адносінах у разы болей за беларусаў, адпаведна і помнікаў, цэркваў, грамадзкіх будынкаў у іх значна больш. Але тым больш каштоўныя памяткі па раскіданых па сьвеце некалькіх сотнях тысяч беларусаў, асабліва тыя, што захаваліся да сёньня”.

Ракіцкі: “Ці сапраўды архітэктурныя комплексы, помнікі, нэкропалі, створаныя беларусамі ў заходнім сьвеце, уяўляюць культурную і мастацкую каштоўнасьць? Ці раўнавартасныя яны культурным здабыткам беларусаў на радзіме?”

Гардзіенка: “Ніхто пакуль не займаўся навуковым вывучэньнем матэрыяльнай культуры беларусаў на Захадзе, ацэнкі яе каштоўнасьці, параўнаньнем з мэтрапольнай. Такія дасьледаваньні яшчэ наперадзе. Варта толькі адзначыць тое, што паваенныя эмігранты зьяўляліся носьбітамі несаветызаванай беларускай культуры, таму ўсе яе праявы вартыя асобнай увагі”.

Ракіцкі: “На завяршэньне – ваш рэйтынг знакавых мясьцінаў прысутнасьці ў сьвеце. Вызначце пяцёрку ці сямёрку найбольш важных”.

Гардзіенка: У якасьці знакавых для беларускай эміграцыі на Захадзе мясьцінаў я б назвала Беларускі дом і Беларускі цэнтр у Паўночным Лёндане, царкву Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, помнікі змагарам за Беларусь у Саўт-Рывэры і Іст-Брансьвіку, беларускія помнікі ў Сьвятыні Пакутнікаў у Мідлэндзе (Канада) ды царкву Сьв. Апосталаў Пятра й Паўла ў Адэляйдзе. Гэта тыя месцы, што аб’ядноўвалі і аб’ядноўваюць беларускія грамады на Захадзе, зьяўляюцца сьведчаньнямі беларускай ахвярнасьці і трываласьці.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG