Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць Артура Фінькевіча


Фінькевіча асудзілі на паўтара году. Ён будзе адбываць пакараньне ў турме агульнага рэжыму.


Каб ня гэтая крымінальная справа, Артур выйшаў бы на волю 10 дзён таму. Два гады таму Артур Фінькевіч быў арыштаваны і пакараны абмежаваньнем волі за палітычныя графіці. Падчас адбыцьця пакараньня на юнака некалькі разоў накладалі спагнаньні за парушэньні рэжыму, зь якімі ён ня быў згодны, але абскардзіць гэтыя пакараньні яму не ўдалося.

19.20 Фінькевіча асудзілі на паўтара году. Ён будзе адбываць пакараньне ў турме агульнага рэжыму. Рашэньне суду паплечнікі моладзевага актывіста, якія знаходзіліся ў залі, сустрэлі воклікамі “Ганьба!”

17.20 Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня запатрабавала пакараць Артура Фінькевіча на 2 гады зьняволеньня.

16.35 У судзе над Артурам Фінкевічам абвешчаны кароткі перапынак. Судзьдзя апытала сьведкаў па справе. Усе яны былі супрацоўнікамі калёніі. Пасьля перапынку павінны пачацца спрэчкі бакоў.

14.00 Пачаўся допыт сьведкаў.

13.45
У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілінаў. Пасьля мэдычнага агляду судзьдзя заявіла, што Артур Фінькеівч можа ўдзельнічаць у судовым працэсе.Суд заслухаў дзяржаўнага абвінаваўцу і паказаньні А.Фінькевіча. Паводле абвінаваўцы, за час зьняволеньня А.Фінькевіч ня стаў на шлях выпраўленьня. Яна спаслалася на неаднаразовыя парушэньні Артурам парадку знаходжаньня ў спэцкамэндатуры і вынесеныя спагнаньні. Яму вынесьлі чатыры вымовы і два афіцыйныя папярэджаньні. 22 кастрычніка на А.Фінькевіча заявлі крымінальную справу, а потым зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар.

А.Фінькевіч часткова прызнаў факты абвінавачаньня, але сказаў, што на тое былі прычыны. Ён заявіў, што гэта справа палітычная. У спэцкамэндатуры на яго аказваўся беспрэцэдэнтны ціск. Намесьнік начальніка па выхаваўчай працы казаў, што А.Фінькевіча ўсё роўна перавядуць у турму, а супрацоўнікі КДБ спрабавалі яго завэрбаваць. Паводле А.Фінькевіча, адміністрацыю раздражнялі наведваньні палітыкаў і замежных дыпляматаў. Ён кажа, што зьвяртаўся, каб яму скасавалі вымовы, але яму адмаўлялі, нягледзячы на актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці спэцкамэндатуры. А.Фінькевіч сказаў, што за час зьняволеньня ў яго пагоршыўся стан здароўя. "У дзень, калі мяне зьвінавацілі ў алькагольным ап'яненьні, а потым завялі крымінальную справу, я выпіў настойкі глоху і мэдычны прэпарат "Новапасіт". Спэцыяліст-нарколяг дапусьціў, што ўжытыя прэпараты маглі выклікаць ап'яненьне.

13.30
Сябры і прыхільнікі Артура Фінькевіча не пакідаюць пляцоўку ля будынка суду Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Паводле Вячаслава Сіўчыка, міліцыянты імкнуцца запалохаць юнакоў і дзяўчат, якія апранулі майкі з партрэтам Артура Фінькевіча. Моладзь скандуе: “Свабоду Дашкевічу!” , “Жыве Беларусь!”.

11.50 Суд прадоўжыў разгляд справы. Мэдыкі сказалі, што працэс можа працягвацца, бо ў падсуднага высокага ціску няма. У залю зноў прывялі А.Фінькевіча.

11.40 Аляксандар Мілінкевіч, які прысутнічае на судовым працэсе, у інтэрвію “Свабодзе” сказаў:

“Галоўнае тут сёньня – салідарнасьць. Вельмі шмат людзей, асабліва моладзі. Вельмі важна маральна падтрымаць Артура і выявіць несправядлівасьць гэтага суду.

Артур, на жаль, выглядае кепска. Напачатку я меркаваў, што гэта адбітак псыхалягічнага кшталту, але цяпер усім відавочна, што ў хлопца дрэнны фізычны стан. Відавочна, што турма падкошвае здароўе юнака, ён пакутуе ад рэзкіх перападаў артэрыяльнага ціску”.

11.30 Маці Артура Фінькевіча, якая прысутнічае ў залі суду, заявіла “Свабодзе” пра дрэнны фізычны стан сына.

“Калі мы сустракаліся апошнім разам у лістападзе, то сын выглядаў значна лепш. Цяпер ён зусім слабы, – кажа спадарыня Марыя, – відавочна, што ў яго павышаны ціск. Гэта здараецца ў экстрэмальных сытуацыях. Баюся, што ў перапынку суда мэдыкі напампуюць сына ўколамі і судзьдзя прадоўжыць яго дапытваць”.

11.15 Ля будынка суду Кастрычніцкага раёна Магілёва, дзе разглядаецца справа супраць актывіста Маладога фронту Артура Фінькевіча, сьпяваюць гімн “Магутны Божа”. Тут сабраліся больш як трыццаць актывістаў апазыцыі.

Як паведаміў “Свабодзе” праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, грамадзкіх актывістаў з Менска, Салігорска, Баранавічаў і іншых рэгіёнаў Беларусі не пусьцілі ў залю суду.

“Дзьверы ў суд ахоўваюць міліцыянты, – гаворыць Вячаслаў Сіўчык, – а да нас не стамляюцца зьвяртацца іншыя супрацоўнікі Магілёўскай управы ўнутраных спраў, якія загадваюць неадкладна разысьціся і пагражаюць затрыманьнямі”.

10.50 У працэсе над Артурам Фінькевічам аб’яўлены перапынак. А.Фінькевіч заявіў, што яму дрэнна, у яго падвышаны ціск. Міліцыянты выклікалі “хуткую” дапамогу. Мэдыкі вырашаюць ці будзе сёньня працягнуты разгляд справы ў судзе.

У залі суду прысутнічаюць прадстаўнікі амбасады ЗША і менскага офісу АБСЭ.

Супраць Фінькевіча сьведчаць каля 10 сьведкаў з боку абвінавачаньня.

Працэс вядзецца на беларускай мове. У суд выкліканы перакладчык.

У залі суду былі чуваць воклічы з вуліцы “Свабоду Дашекевічу!”, “Жыве Беларусь!” Каля будынку суду сабралася каля трыццаці актывістаў з плякатамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Справу Артура Фінькевіча разглядае судзьдзя Натальля Крашкіна. Абараняць яго будзе мясцовы адвакат Ганна Рыбалка.

Падтрымаць А.Фінькевіча прыехалі каля пяцідзесяці актывістаў, а таксама Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей і бацька палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Таксама на працэс прыехалі журналісты, сярод якіх здымачныя групы беларускага і польскага тэлебачаньняў. Аднак тэлежурналістаў у залю не прапусьцілі. Рабіць відэа і фотаздымкі ў залі забаронена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG