Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная праца небясьпечная для здароўя жанчыны


Міжнароднае агенцтва ў пытаньнях дасьледаваньня раку (IARC), якое ўваходзіць у структуру Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, мае намер уключыць працу ў начную зьмену ў сьпіс “верагодных” канцэрагенных фактараў.


Паводле навуковых досьледаў, у жанчын, якія працуюць у начную зьмену, рызыка захворваньня на рак малочнай залозы павялічваецца ўдвая. Як ставяцца да вынікаў гэтых досьледаў беларускія спэцыялісты-мэдыкі?

Галоўнага мамоляга Міністэрства аховы здароўя прафэсара Леаніда Путырскага вынікі досьледу не зьдзівілі:

“Я не дасьледаваў, як другая і трэцяя зьмены ўплываюць на захворваньне на рак малочнай залозы, але нэрвы і гармоны – гэта асноўнае, што ўплывае на гэтыя хваробы. То бок, уплывае стан нэрвовай сыстэмы і гарманальны стан. Натуральна, тое, што жанчына п’е, есьць, чым яна дыхае, уплывае таксама, але ж не найперш. І вось другая і трэцяя зьмены ўплываюць нэгатыўна на гэтыя дзьве асноўныя прычыны. Вядома ж, у чалавека рытм жыцьцёвы запраграмаваны. Калі ён мае ўначы спаць, то гармоны пэўным чынам недзе паніжаюцца, недзе падвышаюцца. А калі замест таго, каб спаць, чалавек працуе, то ў яго гэтыя рытмы парушаюцца”.

Для Мікалая Конаха, намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, інфармацыя пра сувязь хваробаў з начным рэжымам працы таксама навіной ня стала:

“Магу сказаць па досьведзе працы ў Менскам мэтрапалітэне. Там абслуговы пэрсанал – жанчыны. Цяпер няма, а раней быў там штатны лекар, якраз на квартал рабіў справаздачу па захворваньнях. Дык, паводле ягоных справаздачаў, працэнт колькасьці захворваньняў жанчын быў нашмат больш высокі, чым мужчынаў. І зьвязана гэта было менавіта з тым, што жанчынам працаваць уначы і пад зямлёю было проціпаказана”.

20 ліпеня быў прыняты закон “Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь”. Ён уступіць у сілу праз 6 месяцаў пасьля апублікаваньня. Паводле артыкулу 70 гэтага закону, начной лічыцца зьмена, калі больш за 50% часу прыпадае на начны час.

Апроч таго, артыкул 117 Працоўнага кодэксу дапоўнены нормай аб тым, што інваліды і жанчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў, могуць працаваць у начны час пры ўмове іх пісьмовай згоды, а таксама, калі гэта не забаронена мэдычнымі паказьнікамі. Раней гэтым катэгорыям грамадзянаў не дазвалялася працаваць уначы.

Гэткім чынам, кажа начальнік галоўнага прававога ўпраўленьня апарату савету Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Валеры Булгакаў, кодэкс пашырыў магчымасьць выбару:

“З аднаго боку, выглядае, што гэта шкодна для жанчыны. Але калі яна сама гэтак вырашыла, калі яна зацікаўленая, калі яе цікавасьць і цікавасьць працадаўцы супалі, то закон дазваляе”.

Начная праца аплачваецца лепей, чым дзённая. Паводле заканадаўства, за кожную гадзіну начной працы мае быць даплата ў памеры, ня меншым за 20% ад гадзіннай тарыфнай стаўкі супрацоўніка. Менавіта гэта і штурхае на шкодную для здароўя працу маладых мамаў. А берагуць здароўе тыя, хто можа сабе гэта дазволіць.

Марына Рулько сёньня працуе ў рэклямным агенцтве дызайнэрам. Спэцыфіка працы такая, што час ад часу ўзьнікае патрэба працы ўначы. Але яна ніколі не пагаджаецца на гэта:

“Калі я была студэнткай, я пасьля трэцяга курсу езьдзіла на вакацыях у ЗША, каб зарабіць грошай. Там я часта працавала ў начную зьмену ў бары. Гэта вельмі цяжка. Але ж тады я была студэнткай, маладзейшая, чым цяпер, дый туды ж я ехала на заробкі – а плата за начную працу была вельмі прывабная. Але тут, у гэтай краіне, я не згаджуся на гэта – бо ўласнае здароўе даражэйшае...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG