Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашыя сябры – наша люстэрка

  • Пётра Садоўскі

У сваёй першай нататцы “Мой шыбалет” (17. 12. 07) я спрабаваў справакаваць сяброў “Свабоды” заглянуць у сваю хатнюю душу: хто мы і што ёсьць наша мова? Сёньня прапаную аглянуцца далёка вакол -- на зямную кулю, на сваіх стратэгічных партнёраў. Іх у нас тры (паводле афіцыйных заяваў): Расея, Кітай, Вэнэсуэла. Пра першых двух мы ведаем, бадай, ня менш, чым пра саміх сябе. А вось пра трэцяга – пакуль мала. З заходніх мэдыяў вядома: Уго Чавэс – bad boy. Нашыя пішуць, што якраз наадварот. А што пішуць вэнэсалянскія ды эўрапейскія медыі пра Беларусь і Чавэса?



Празь першыя ключавыя словы ў сеціве пападаю на сьвежы блог за 17. 12. 07, зь якога вынікае, што Уго – good guy і што ў Вэнэсуэле Беларусь любяць. Блог, які майструе аўтар зь нікам “krasnykeltiber”, называецца Салідарнасьць з Рэспублікай Беларусь. У анатацыі да блогу: Беларусь змагаецца супраць “эўрапейскай глябалізацыі” і будуе “стабільную будучыню, свабодную ад заходняга ўмяшальніцтва (libre de las inherencias occidentales)”. Аўтар заклікае стварыць “Камітэт салідарнасьці зь Беларусяй” у ейным супраціве глябалізму (resistencia al mundialismo).

Нямецкая “Die Zeit” за апошні паўгод тройчы пісала пра Чавэса і Беларусь, а 31.10.07 са спасылкай на вэнэсалянскую крыніцу інфармацыі паведаміла ў артыкуле “Ураган Уго і вось дабрыні”, што Чавэс “пераслаў Лукашэнку 450 мільёнаў даляраў, каб ён пагасіў пуцінскі газавы рахунак”. Аўтар не тлумачыць, што значыць “пераслаў”. Аднак у кантэксьце выглядае, што падараваў. Бо тут жа паведамляецца, што Кубе Чавэс дае бэнзін за нулявы тарыф у абмен за 40 000 дактароў і настаўнікаў-індактрынёраў, а агулам перадаў “як Хрыстос” падчас 43 замежных паездак дзяржавам і арганізацыям больш за 23 мільярды даляраў. У тым ліку беднякам Лондану і Вашынгтону. Пра гэта сам Чавэс расказаў у сэрыі ток-шоў “Alo Presidente”. У кастрычніку ішло шоў №289. Госьці шоў – міністры ў чырвоных кашулях, як і сам Чавес, і замежныя аплочаныя сымпатызанты, сёй-той таксама ў чырвоных кашулях. Уго выказваецца па ўсіх пытаньнях, Буша называе гнілым трупам, Кандалізу Райс – “Кандаміза”. Госьці ў чырвоных кашулях рагочуць і пляскаюць у ладкі… Рэкорд прамога ток-шоў – 9 гадзін.

Са старонак апазыцыйнай Tal Cual (назва вельмі ёмкая, можна перакласьці як “Усё як ёсьць”) даведваемся шмат цікавага. Так, рэдакцыю аштрафавалі на 50 000 даляраў за жарт пра дачку прэзыдэнта, якая просіць: “Тата, загадай парляманту, каб памяняў дзяржаўны герб. Няхай конь скача ня ўправа, а ўлева!”. Або: Парлямант закляйміў 33 журналістаў ворагамі нацыі за тое, што яны прынялі стыпендыі ад ЗША, а Чавэс даў амэрыканскай NGO Citizens Energy для 224 000 бедных амэрыканскіх сем’яў з 23 штатаў топачнага мазуту на 100 мільёнаў даляраў за 20%-ны тарыф. Ці: са сьнежня 2003 года па краіне папоўз антысэмітызм, калі Чавэс у чарговых тэлеразвагах даў сігнал: мы паважаем жыдоў, у нас у Каракасе аж 14 сінагогаў, але ж мы не павінны забывацца, што яны забілі Хрыста… Чавэс пра свайго галоўнага палітычнага суперніка, губернатара Росалеса, правінцыя якога мяжуе з Калюмбіяй: “Я не зьдзіўлюся, калі мы знойдзем гэтага губэрнатара аднойчы забітым наркамафіяй, зь якой ён хаўрусуецца”. Жаўнер памежнай аховы ананімна карэспандэнту: “Мы атрымліваем неафіцыйныя інструкцыі зьверху правакаваць напады калюмбійскіх мафіозо на ранчо губэрнатара”. Пасьля грунтоўнай вайсковай санацыі афіцэры атрымалі дабаўку да зарплаты і дарагія джыпы. Статутнае ўрачыстае вітаньне цяпер гучыць: “Socialismo, Patria o muerte!”.

“Die Zeit” пра беларускую шматвэктарнасьць: “У той час, як кубінскія дарадцы гібеюць у танных гатэлях, беларусы, якіх можна пазнаць па скураных пінжаках, як колішніх штазі па шэра-блакітных куртках, прызначаюць спатканьне іранскім мулам і арабскім нафтавым шэйхам у Grandotel Melia …



XS
SM
MD
LG