Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле ацэнак лідэра грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, у сёньняшнім страйку ўдзельнічала каля 80 тысяч чалавек.


У Менску не працавалі гандлёвыя пункты на рынках “Ждановічы”, “Люстэрка”, “Паркінг”, “Уручча”. Страйкавалі прадпрымальнікі і ў абласных цэнтрах. Галоўная мэта акцыі – дамагчыся адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760, які забараняе наймаць на працу несваякоў, а таксама выказаць салідарнасьць з арыштаванымі ўдзельнікамі мітынгу 10 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка 14 сьнежня паведаміў на прэс-канфэрэнцыі аб тым, што 19 сьнежня адбудзецца агульнанацыянальная забастоўка прадпрымальнікаў. Ён запэўніў журналістаў, што арганізатарам акцыі хопіць трох дзён, каб страйк адбыўся ў сталіцы і абласных цэнтрах.

Сёньняшняя акцыя прайшла пад лёзунгам салідарнасьці з тымі прадпрымальнікамі, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Прадпрымальнікі адмовіліся ўдзельнічаць у перамовах з чыноўнікамі на знак пратэсту супраць арыштаў актывістаў прадпрымальніцкага руху.

Сёньня, падсумоўваючы колькасьць удзельнікаў акцыі, Анатоль Шумчанка патлумачыў, як удалося падрыхтаваць акцыю за такі кароткі тэрмін:

“Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, які напал жарсьцяў пануе ў прадпрымальніцкім асяродку. Гэта сьведчыць аб тым, што прадпрымальнікі гатовыя да актыўных дзеяньняў і будуць падтрымліваць любыя актыўныя дзеяньні, накіраваныя на абарону іх правоў і інтарэсаў”.

Гаворыць прадпрымальніца Аксана, удзельніца акцыі:
Ад пачатку году працаваць немагчыма... Часу застаецца мала, а праблема ня вырашаная


“Ад пачатку году працаваць немагчыма. Трэба ў падатковую ці па тавар, а графік працы рынкаў не дазваляе адсутнічаць. Прадпрымальнікі сёньня гатовыя выйсьці на мітынг, на страйк, на іншую актыўную акцыю, бо часу застаецца мала, а праблема ня вырашаная”.

Анатоль Шумчанка ўпэўнены, што найбліжэйшым часам прадпрымальнікі могуць правесьці яшчэ некалькі акцыяў пратэсту:

“У выпадку, калі ўлады ня будуць рэагаваць на такія мерапрыемствы, то на пачатку наступнага году можна будзе арганізаваць марш прадпрымальнікаў. Ня выключаная і цяпер абмяркоўваецца забастоўка зь нявыплатай падаткаў”.

Акцыя прадпрымальнікаў абышлася без затрыманьняў удзельнікаў. Нікога не выклікалі ў адміністрацыі рынкаў на размовы. Прадпрымальнікі абмяркоўвалі свае праблемы на кароткіх сходах. У выніку было прынятае рашэньне – дабівацца адмены ўказу №760, сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, а таксама прымусіць улады прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з нормамі міжнароднага права і стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця малога бізнэсу ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG