Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня - Алена Макоўская, якая другі тэрмін запар ачольвае міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Задзіночаньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.


Штодня спадарыня Макоўская вызначае лепшыя матэрыялы сайту Радыё Свабода, выступае ў якасьці экспэрта, а напрыканцы тыдня нашыя журналісты падрыхтуюць тэматычную перадачу на замову чарговага грамадзкага рэдактара. Гэтым разам яна вызначана наступным чынам: чаму звужваецца беларуская прысутнасьць у сьвеце? Цягам пяці дзён у ранішнім эфіры будуць гучаць інтэрвію журналіста Аляксандра Уліцёнка з Аленай Макоўскай, якія закранаюць розныя аспэкты тэмы тыдня.

Сёньня размова пойдзе пра тое, што ўяўляе сабой сучасная беларуская эміграцыя.

Уліцёнак: “Беларуская дыяспара сёньня – гэта адзін, два, тры мільёны?”

Макоўская: “Паводле ацэнак нашых навукоўцаў – гэта два з паловай мільёны беларусаў. Хоць наша эміграцыя можа быць нават большая за пяць мільёнаў. Але менавіта беларуская дыяспара ўключае ў сябе людзей, якія ўсьведамляюць сябе зараз беларусамі. У выніку беларуская эміграцыя прысутнічае сёньня дзесьці ў 70 краінах сьвету, а беларуская дыяспара ёсьць толькі ў 25”.

Уліцёнак: “Пры любым раскладзе, мусіць, варта гаварыць пра скарачэньне беларускай прысутнасьці ў сьвеце?”

Макоўская: “Тут іншая статыстыка. Напрыклад, у самай блізкай да нас Польшчы беларускую нацыянальную меншасьць 10-15 гадоў таму вызначалі ў 250-300 тысяч. А сёньня кажуць толькі пра 50 тысяч”.

Уліцёнак: “І што стаіць за такога роду статыстыкай?”

Макоўская: “Найперш асыміляцыя, якая наўпрост зьвязаная са слабай нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. Па-першае, саміх беларусаў. А па-другое, я лічу, за беларусамі не стаіць, так бы мовіць, нацыянальная Беларусь. То бок мы вельмі ўмоўна можам сказаць, што Беларусь зьяўляецца беларускай. Не выпадкова вельмі часта беларусы замежжа адчуваюць сябе кінутымі на волю лёсу. Вось каб дзяржава беларуская на базе сыстэмнай падтрымкі нейкага закону ці праграмы сапраўды дапамагала беларусам жа, то, напэўна, тэмпы асыміляцыі не былі б такімі моцнымі”.

Уліцёнак: “Найбольш беларусаў, мабыць, сёньня ў Расеі?”

Макоўская: “Так, 810 тысяч чалавек”.

Уліцёнак: “Лічыцца, эміграцыя – люстэрка жыцьця мэтраполіі. Ці не азначае гэта, што ў актыўным жыцьці дыяспары ўдзельнічае невялікая колькасьць эмігрантаў?”

Макоўская: “Натуральна, усе працэсы ў Беларусі знаходзяць свой адбітак ў беларускай эміграцыі. І натуральна, эміграцыя таксама падзеленая на пэўныя палітычныя лягеры. Тут таксама нашая слабасьць. Гэты падзел вельмі моцна адбіваецца на колькасьці беларусаў у суполках”.

Уліцёнак: “У сёньняшняй беларускай эміграцыі пераважаюць людзі, якія зьяжджалі па палітычных матывах, або – эканамічных?”

Макоўская: “Статыстыка ў гэтай галіне разьвітая вельмі слаба. Задужа шмат людзей нідзе не фіксуюць свой выезд за мяжу. Але тым ня менш я магу сказаць: тыя, хто пакідаюць Беларусь, у большасьці сваёй гэта ўсё ж такі эканамічная эміграцыя”.
XS
SM
MD
LG