Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чавусах судзяцца крычаўскія журналісты


У Чавускім раённым судзе пачаўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазову рэдактаркі газэты Крычаўскага райвыканкаму Тацяны Іўкінай. Яна вінаваціць выдаўца крычаўскай незалежнай газэты “Вольны горад” Уладзімера Кудраўцава й аўтара гэтага выданьня Валера Бысава ў зьнявазе свайго гонару, годнасьці ды дзелавой рэпутацыі.


Рэдактарка Т.Іўкіна і выдавец У.Кудраўцаў у судзе
Праз суд рэдактарка намагаецца спагнаць з выдаўца і аўтара “Вольнага гораду” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў. Спагнаныя сродкі яна зьбіраецца пералічыць на рахунак Бельскага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтру. Спадарыня Іўкіна таксама патрабуе пісьмовага абвяржэньня фактаў, выкладзеных у артыкулах, праз газэты “Ленінскі кліч” ды “Вольны горад”.

Нагодай для суду сталася сэрыя артыкулаў “Шэсьць год у рэдакцыйным ГУЛАГУ”, якая была надрукавана ў жніўні — верасьні 2004 году ў незалежнай газэце “Вольны горад”. Былы супрацоўнік рэдакцыі “Ленінскі кліч” Валер Бысаў апісваў у іх мэтады кіраўніцтва Тацяны Іўкінай.

Сёньня суд заслухаў тлумачэньні бакоў і сьведкаў абароны. Судзьдзя Вольга Палуян задаволіла хадайніцтвы Ўладзімера Кудраўцава ды Валера Бысава пра допуск на працэс адваката і грамадзкага прадстаўніка.

У судзе Тацяна Іўкіна пацьвердзіла свой пазоў. Яна зазначыла, што публікацыі Бысава выклікалі вялікі розгалас ня толькі ў Крычаве, але і ў суседніх мясьцінах, і гэта выклікала ў яе маральныя перажываньні і нанесла шкоду дзелавой рэпутацыі.

Уладзімер Кудраўцаў ды Валер Бысаў пазову не прызналі.
У судзе выступае В.Бысаў

Валер Бысаў назваў сэрыю сваіх публікацыяў аповесьцю. “У ёй я выклаў сваё суб’ектыўнае бачаньне і ацэнку атмасфэры, у якой мне давялося працаваць”, — заявіў ён у судзе. Бысаў зьвінаваціў рэдактара дзяржаўнага выданьня ў непрафэсіяналізьме.

Грамадзкі абаронца інтарэсаў адказчыкаў Сяргей Няроўны назваў пазоў Тацяны Іўкінай палітычна матываваным. “Праз суд яна хоча расправіцца з газэтай-канкурэнткай. Іўкіна ня ўмее весьці дыскусіі”, — заявіў на судзе Сяргей Няроўны.

“Гэта быў звычайны артыкул пра тое, якія норавы пануюць у рэдакцыі. Тое, што ведаюць людзі, увесь Крычаў. Бысаў толькі гэта апісаў”, — паведаміў “Свабодзе” Сяргей Няроўны.

Тацяна Іўкіна лічыць, што рэдактарскі калектыў “Ленінскага клічу” і сама яна асабіста працуюць прафэсійна. Гаворыць спадарыня Іўкіна:

“Наша адзіная раённая газэта, якая выходзіць тры разы на тыдзень. Вы ўяўляеце сабе, што такое перачытаць матэрыялы журналістаў? Я пішу свае матэрыялы, толькі я пішу ня нарысы, раманы. Я пішу карэспандэнцыі, артыкулы, інфармацыйнага пляну матэрыялы, усё, што трэба для газэты. Мы найперш арыентуем творчых работнікаў на насычанасьць інфармацыі”.

Тацяна Іўкіна лічыць, што “Вольны горад” — не канкурэнт “Ленінскаму клічу”, і ў яе пазове няма палітыкі.

Заўтра судзьдзя Вольга Палуян зачытае свой вырак.
XS
SM
MD
LG