Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец патрабуе ад журналістаў 55 млн. рублёў


На здымку: Аляксандар Тамковіч

На здымку: Аляксандар Тамковіч

Чалец Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец зьменшыў суму пазову да газэты “Новы час” і журналіста Аляксандра Тамковіча. Цяпер ён патрабуе як кампэнсацыю за абразу гонару і годнасьці 5 мільёнаў рублёў з Аляксандра Тамковіча і яшчэ 50 мільёнаў — з газэты.


Раней Мікалай Чаргінец прасіў суд спагнаць з Аляксандра Тамковіча 100 мільёнаў, а з газэты — 500 мільёнаў рублёў. Падставай для звароту ў суд стала публікацыя артыкулу А.Тамковіча “Генэрал-сэнатар Чаргінец”. Паводле Мікалая Чаргінца, некаторыя фразы артыкулу абражаюць ягоныя гонар і годнасьць.

"Ці можа ён гэта зразумець, калі ён там ня быў?"

Сярод блізу трох дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі ў суд Першамайскага раёна Менску, асноўную колькасьць складалі журналісты розных выданьняў. Ініцыятар пазову Мікалай Чаргінец сам на суд не прыйшоў. Ягоныя інтарэсы прадстаўлялі юрысты.

Мікалай Чаргінец абурыўся тым, што пры апісаньні ягонай службы ў міліцыі яго імя было згадана ў нэгатыўным кантэксьце. Апроч таго, ён лічыць, што аўтар зьдзекліва апавядаў пра службу Чаргінца ў Аўганістане.

5 сьнежня на папярэднім судовым паседжаньні ў Першамайскім судзе прадстаўнікі Чаргінца не пагадзіліся на прапанову рэдакцыі надрукаваць ягоны аўтарскі тэкст, у якім ён меў бы магчымасьць выказаць сваю пазыцыю і прэтэнзіі да газэты. У той жа дзень Мікалай Чаргінец заявіў Радыё Свабода, што хутчэй за ўсё зьнізіць памер грашовых прэтэнзій і запатрабуе ад Аляксандра Тамковіча сымбалічную суму — адзін рубель.

“Я быў у гарах. Хадзіў на баявыя. У той жа час дачка хадзіла пад абстрэлам Кабула і паказвала ўсім аўганцам, што мы савецкія дзеці і нікога не баімся. Хаця, канечне, было й страшна за яе. А ці можа ён гэта зразумець, калі ён там ня быў? Так, гэта мне непрыемна, таму й назваў такую суму”.

"Гэта проста ўжо на мяжы амаральнасьці”

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна прысутнічала на судовым паседжаньні. Шматмільённыя грашовыя пазовы да журналістаў і недзяржаўных газэт з боку чыноўнікаў яна назвала амаральнымі ўчынкамі.

“Беспрэцэдэнтнасьць гэтага пазову ў тым, што гэтым разам пройдзена мяжа прыстойнасьці. Мы ўжо прызвычаіліся, гэта ўжо стала тэндэнцыяй, калі гонар і годнасьць чыноўніка зусім ня тыя, што ў простага грамадзяніна нашай краіны. Патрабаваньне такой грашовай кампэнсацыі, канечне, яшчэ адно пацьверджаньне — чыноўнік сёньня па-за кантролем. Гэта проста ўжо на мяжы амаральнасьці”.

Аляксандар Тамковіч паведаміў “Свабодзе” ў судовай залі суду Першамайскага раёну Менску:

“Пяць мільёнаў — таксама нямала. Але самае галоўнае, што я ня бачу тут ніякай сваёй віны. Калі гэта палепшыць матэрыяльнае становішча, калі гэта ўратуе беларускую эканоміку, калі ласка”.

Існаваньне газэты ўсё роўна пад пагрозай

Рэдактар газэты Аляксей Кароль лічыць, што калі нават суд яшчэ ў 10 разоў паменшыць суму пазову, то ўсё роўна наступствам будзе ліквідацыя газэты.

“Гэта пропуск у беларускім заканадаўстве, і не адзіны, таму што трэба было прадугледзець, што нельга выстаўляць фантастычныя сумы, а трэба суадносіць іх, прынамсі, з даходамі насельніцтва. Але скажам, што такія высокія пазовы, акрамя чыноўнікаў, у нас ніхто не выстаўляе”.

Прадстаўнік “Новага часу”, намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец паведаміў “Свабодзе”:

“Нават тыя сумы, якія цяпер выстаўленыя, ставяць пад пагрозу існаваньне газэты і вельмі цяжка могуць адбіцца на стане здароўя Аляксандра Тамковіча. У любым выпадку наша пазыцыя застаецца такой, якая й была — мы лічым, што гэты пазоў надуманы і ня мае пад сабой ніякіх падставаў”.

Судовае рашэньне будзе агучана заўтра, 20 сьнежня.
XS
SM
MD
LG