Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіргіскім парлямэнце могуць апынуцца 4 партыі


За 90 парлямэнцкіх мандатаў змагаліся 12 партый. Паводле кіргіскага закону аб выбарах, партыя, каб патрапіць у парлямэнт , павінна ня толькі набраць больш за 5% галасоў выбаршчыкаў, але і атрымаць прынамсі паўпрацэнта галасоў у кожным рэгіёне краіны.

Паводле першых дадзеных , якія зьявіліся ў панядзелак, выглядала, што кіргіскі парлямэнт будзе аднапартыйным – прапрэзыдэнцкая “Ак Жол” набрала 47% галасоў, пяціадсоткавы барьер пераадолела толькі апазыцыйная “Ата Мекен” , якая аднак ня здолела набраць па паўпрацэнта галасоў на поўдні – у палітычнай вотчыне прэзыдэнта Бакіева.

Апазыцыя вельмі рэзка крытыкавала хаду выбарчай кампаніі, абвінавачваючы ўладу ў маштабных фальсыфікацыях. Назіральнікі АБСЭ канстатавалі, што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам. З крытыкай выбараў выступіў нават чалец Цэнтральнай выбарчай камісіі Адылбэк Сарыеў, які, у прыватнасьці, заявіў:

Сарыеў: “На працягу 3 дзён мы не маглі атрымаць вынікі галасаваньня. Гэта азначае, што ўлады ня мелі дастаткова часу, каб скончыць гэтую працу, якая палягала ў тым, каб фальсыфікаваць вынікі. Цэнтарвыбаркам таксама павінен на працягу двух дзён адказаць на ўсе скаргі, зьвязаныя з выбарамі. Скаргаў вельмі шмат. Тое, што яны не разгледжаныя – таксама парушэньне закону".

Аднак далей пачаліся нечаканасьці. У аўторак Вярхоўны суд разгледзеў палажэньне аб неабходнасьці набраць па паўпрацэнта галасоў у кожным рэгіёне краіны і прызнаў яго незаконным.

Зь іншага боку па меры таго, як падлічвалася ўсё большая колькасьць галасоў, вынікі рабіліся ўсё менш адназначнымі. Паводле падліку 99% галасоў у парлямэнт патраплялі ўжо 4 партыі – прапрэзыдэнцкая “Ак жол” зь пераважнай большасьцю, апазыцыйная “Ата Мэкэн” з 8%, апазыцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя і прапрэзыдэнцкая кампартыя, якія абедзьве набралі крыху болей за 5%.

Чакаецца, што канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя заўтра, дадзеныя з горнага раёну Ошскай вобласьці вязуць у Бішкек на машыне.
Нават калі ўсе 4 партыі пройдуць у парлямэнт, прапрэзыдэнцкая партыя будзе мець 75 мандатаў з 90. Але сытуацыя ўжо ня будзе нагадваць суседні Казахстан, дзе ўсе месцы ў парлямэнце заняла прапрэзыдэнцкая партыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG