Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі на мяжы зьніклі


На памежным пераходзе “Брузгі — Кузьніца Беластоцкая”, што пад Горадняй, ад пачатку тыдня чэргаў няма. Хоць яшчэ на мінулым тыдні чакаць праезду аўтамабіля празь мяжу даводзілася да 10—12 гадзін. Аб прычынах рэзкіх зьменаў перадае зь беларуска-польскай мяжы наш карэспандэнт.


Я за сто мэтраў ад беларускага памежнага КПП у Брузгах. Да Гародні 15 кілямэтраў. Зазвычай тут шмат машын і людзей, а сёньня цішыня, толькі ўздоўж дарогі сноўдаюць пэнсіянэры, каб падсесьці да каго-небудзь у машыну і пераехаць мяжу. Такая паслуга каштуе адзін даляр.

Пытаюся, што здарылася, чаму няма машын?

Спадарыня: “Я і ўчора была тут, і таксама нікога не было”.

Другая спадарыня: “Гэта для кіроўцаў, якія возяць на продаж салярку, зрабілі так, што ім дазваляецца ехаць толькі адзін раз на тры дні. Таму й няма чэргаў”.

Сталага веку спадар кажа, што шмат у каго перад Новым годам скончыліся візы, і пакуль ніхто ня ведае, як іх будуць далей адкрываць — нідзе ніякай інфармацыі. Пытаюся: “Дзеля чаго едзеце ў Польшчу?”

Спадар: “Ды купіць сяго-таго, да прыкладу, алею куплю, бо таньнейшы, чым у нас, рознай драбязы на сьвята. У нас усё дорага”.

Спадарыня: “Хачу чаго-небудзь яшчэ купіць, бо віза сканчаецца, потым не паеду. Алею, пральнага парашку, бо ўсё таньнейшае, чым у нас, ялінку на сьвяты”.

Побач прыпыняюцца дзьве машыны, зь іх выходзяць кіроўцы й пачынаюць даліваць у бак салярку. Іх упрошваюць пэнсіянэры, каб узялі праехаць мяжу. Хлопцы наадрэз адмаўляюць.

“А чаму гэта яны нікога ня хочуць браць?” — пытаюся ў сталых людзей.

Спадарыня: “Сваё вязуць лішняе, наша не патрэбна”.

Другая спадарыня: “Самі нахавалі лішніх цыгарэтаў, дык ня хочуць праблемаў чужых, бо сваіх хапае”.

Зьвяртаюся да аднаго з кіроўцаў і пытаюся, якія цяжкасьці на мяжы ім ствараюць пэнсіянэры, што ніхто ня хоча іх браць, каб перавезьці на той бок?

Спадар: “Ды з-за іх адны праблемы”.

Карэспандэнт: “А якія праблемы?”

Спадар: “Ну што, кантрабанду возяць”.

Карэспандэнт: “А як вы думаеце — калі пасьля новага году падаражэе віза, ці выгадна будзе езьдзіць у Эўразьвяз?”

Спадар: “Справа будзе ня ў кошце візы. Галоўнае, каб яе ўсім выдавалі. А ў Эўразьвяз заўсёды будзе выгадна езьдзіць”.
XS
SM
MD
LG