Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print


У кулюарах расказваюць пра апэратыўную нараду, падчас якой кіраўніцтва “Нафтану” абвясьціла аб акцыянаваньні заводу больш чым на 50% расейскай нафтавай кампаніяй “ЛУКОЙЛ”. Сума магчымай угоды пры гэтым не агучваецца. Аднак адмыслоўцы сумняюцца, што беларускі ўрад хутка адважыцца на продаж “Нафтану”, бо ён прыносіць у бюджэт значную долю валютнага прыбытку.

Нафтаперапрацоўка заўважна прабуксоўвае

Спроба ўдакладніць акалічнасьці магчымай зьдзелкі ў тэлефоннай размове з намесьнікам генэральнага дырэктара “Нафтана” Мікалаем Калбасенкам плёну не дала:

“Праз тэлефон мы ніякіх інтэрвію на гэтую тэму не даём. Прыяжджайце, калі ласка, будзем весьці размову. Пішыце на імя генэральнага дырэктара паперу, што вас цікавяць такія і такія пытаньні, просім узгадніць дату нашага прыезду... А ўжо калі прыедзеце, будзем да адурэньня гаварыць пра сытуацыю і ўсё астатняе”.

Паводле эканаміста Тацяны Манёнак, перамовы паміж зацікаўленымі беларускімі і расейскімі структурамі наконт акцыянаваньня “Нафтану” вяліся, і ня раз. Самі кіраўнікі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у канцэрн “Белнафтахім”, раз-пораз уздымаюць тэму прыцягненьня інвэстыцый на тэхнічнае ўдасканаленьне нафтаперапрацоўкі. Сёлета такая неабходнасьць матывуецца адставаньнем ад акрэсьленых урадам плянаў рэнтабэльнасьці галіны.

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, за 10 месяцаў 2007 году “Белнафтахім” атрымаў чыстага прыбытку на 33% меней, чым за такі ж пэрыяд летась. У прыватнасьці, НПЗ вырабілі ўсяго 2,9 мільёна тонаў аўтамабільнага бэнзіну, што амаль на 8% не дацягвае да леташніх паказьнікаў. Аднак момант рэструктурызацыі важных прадпрыемстваў чыноўнікі імкнуцца адтэрмінаваць, каб ня страціць стратэгічную вытворчасьць — дзяржаве ў “Нафтане” належыць 99,8% акцыяў.

На інтэрнэт-сайце кампаніі “ЛУКОЙЛ” нічога пра магчымы прыход расейцаў у Наваполацак не паведамляецца. У прэсавай службе адказалі прыблізна тое ж, што і на “Нафтане”: як зьдзелка адбудзецца, тады і абмяркуем.

"Прадаваць давядзецца нават безь вялікага жаданьня"

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка перакананы, што з улікам сыравіннай залежнасьці ад Расеі прадаваць стратэгічныя прадпрыемствы Беларусі ўсё роўна давядзецца. Хоць бы з улікам неабходнасьці рэгулярна плаціць за імпартаваныя энэргарэсурсы:

“Беларусі не ўдалося адседзецца ў сацыялістычных лясах, як партызанам. Адрозна ад іншых краінаў, у нас на 132 мільярды даляраў прамысловай уласнасьці, таму раней ці пазьней беларуская намэнклятура будзе ўсё гэта прысабечваць, прыватызаваць. З чыёй дапамогай? Натуральна, што з дапамогай сваіх сяброў з суседніх краінаў, у тым ліку і з Расеі. Нічога дзіўнага тут няма. Усе гэтыя візыты на вышэйшым узроўні — не самі па сабе, ім папярэднічалі разнастайныя перамовы, вывучэньне сытуацыі. А цяпер штурхаюць у сьпіну. Расея зрабіла пралічаны ход: падвысіла кошты на газ, зьменшыла магчымасьці зарабляць на нафце — і 2007 год стаў, як я звычайна кажу, годам перадпродажнай падрыхтоўкі Беларусі”.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што ў цяперашнім стане сытуацыю можна параўнаць з той, калі і аддаць маёмасьць камусьці шкада, але і карыстацца былымі выгодамі ад звышпрыбытковай дзейнасьці НПЗ з маўклівай згоды Расеі ўжо таксама не выпадае:

“Тут трэба калі і казаць, то казаць пра тое, што мы страчваем высокарэнтабэльную і досыць чыстую ад запазычанасьцяў галіну (у параўнаньні з астатнімі). Бо ў залежнасьці ад таго, як будзе ўзрастаць кошт саляркі і бэнзіну — ці хутчэй за нафту, ці павальней за нафту — на гэтым і будзе грунтавацца ўся спэкуляцыя. Вось схема: я купляю нафту, няхай сабе па 200, 400 ці нават па 500 даляраў. Калі тэмп у мяне ідзе вышэйшы, то схема мае сэнс, бо я ж бэнзін прадаю адразу. І ў нас “плячо” пастаўкі невялікае, мы можам даваць і немцам, і палякам, куды хочаш. І сабе прадаваць. Вось на гэтым асноўны заробак”.

Сёлета дзяржава ўжо прадавала свае долі ў некаторых буйных прадпрыемствах. Перадусім гэта завод “Мотавела”, які набылі аўстрыйскія бізнэсоўцы. Сёньня міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей удакладніў, што дзярждолю апэратара мабільнай сувязі VELCOM нядаўна прадалі, прычым нашмат даражэй, чым за паўмільярда даляраў. Дарэчы, ён назваў мэтазгодным прыцягненьне замежнага інвэстара ў склад іншага, падкантрольнага дзяржаве апэратара мабільнай сувязі — “БеСТ”. Цяпер расейскія прамысловыя групы ГАЗ і КамАЗ выказваюць цікавасьць да прыватызацыі Менскага аўтазаводу.

XS
SM
MD
LG