Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Вось як, таварышы нябожчыкі!”


Пра што пісалі беларускія газэты 19 сьнежня ў розныя гады мінулага.


* “Plotka Wilenska” ў 1907 годзе паведамляе: “У Пецярбургу бавіў час вядомы амэрыканскі імпрэсарыё, які трапіў на пасяджэньне Думы ў час скандалу з Родзічавым. Ён адразу ж зьвярнуўся з прапановай да пана Хамякова, каб узяць Думу ў Амэрыку на некалькі спэктакляў. Імпрэсарыё сьцьвярджае, што зрабіў бы на гэтым добры інтэрас”.

* “Известия Мозырского Совета” ў 1917 годзе іранізуюць: “У Смольным сьпехам распрацоўваецца праект дэкрэту аб сэквэстары і манапалізацыі ўсіх гарадзкіх могілак. Манаполія нябожчыкаў будзе самым прыбытковым і слушным артыкулам, у ёй няма рызыкі. Былі б могілкі, а нябожчык заўсёды адшукаецца. Калі ж ён, контррэвалюцыянэр гэткі, задумае сабатаваць, упарта чапляючыся за сваё дробнабуржуазнае жыцьцё, і не пажадае аказаць матар’яльную падтрымку Леніну-Троцкаму, дык яго можна будзе зьлёгку і гільятынкай “крануць”. Вось як, таварышы нябожчыкі!”

“У Савецкай Беларусі ня толькі зьявіліся неспрыяльныя абставіны дзеля фальклёрных запісаў, але й сама справа губляе сваю традыцыйную глебу, — адзначае на старонках “Бацькаўшчыны” на гэтым тыдні 1957 году Мікола Куліковіч. — Старое пакаленьне вымірае, а маладое ў бальшыні сваёй адстала ад старой беларускай песеннасьці, паколькі яго ўзгадоўваюць на савецкіх штампаваных і трафарэтных узорах масавай песьні. Усё пытаньне фальклёрных запісаў набывае там даволі трагічны характар”.

XS
SM
MD
LG