Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі падводзіць вынікі візыту расейскага прэзыдэнта, то высьвятляецца, што Дзед Мароз Пуцін прывёз Беларусі два навагоднія падарункі. Першы падарунак было лёгка спрагназаваць. Крэдыт на 1,5 мільярда даляраў абяцалі даўно. Умовы, на якіх Менск яго атрымаў, выявіліся дастаткова спрыяльнымі. Крэдыт выдзелены на 15 гадоў зь пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжоў. Цалкам верагодна, што вяртаць яго будзе ўжо не Лукашэнка, а іншы прэзыдэнт Беларусі.

А вось другі падарунак цягне на сэнсацыю. Кошт газу на першы квартал наступнага году складзе 119 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. Прычым усе расейскія афіцыйныя асобы, пачынаючы з Пуціна, у адзін голас цьвердзяць, што гэтая цана наўпрост вынікае з формулы, зафіксаванай у навагоднім кантракце на 2007—2011 гады. Як вядома, паводле гэтага дакумэнта кошт газу для Беларусі наступным годам павінен складаць 67% ад сярэднеэўрапейскай цаны газу мінус транспартныя выдаткі. Большасьць экспэртаў прыходзіць да высновы, што паводле гэтай формулы газ для Беларусі павінен каштаваць больш за 160 даляраў. 119 даляраў ніяк не атрымліваецца, як ні лічы.
Разумеючы ўсю двухсэнсоўнасьць сытуацыі, афіцыйныя асобы спрабуюць неяк растлумачыць гэты матэматычны фэномэн. Напрыклад, зьявілася інфармацыя, што ад выніковай цаны трэба адмінусаваць мыта ў памеры 30%, якое плацяць расейскія кампаніі. Але калі мы вымяраем паводле сярэднеэўрапейскай цаны, то расейскае мыта тут ні пры чым, бо ў Эўразьвяз пастаўляюць газ і іншыя краіны, ня толькі Расея.
Вось учора на нашым сайце зьявілася паведамленьне, што нібыта ў кантракце ёсьць пункт, паводле якога цана на газ з 1 студзеня 2008 году не павінна павышацца больш чым на 19%. Усё гэта выглядае вельмі дзіўным. Па-першае, калі такі пункт сапраўды быў, то навошта бакі цэлы год яго хавалі? Па-другое, яшчэ ў кастрычніку амбасадар Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў і намесьнік міністра прамысловасьці і энэргетыкі Расеі І.Мацераў заяўлялі, што гэты кошт будзе ў памеры 125 даляраў. Дык што, няўжо гэтыя людзі ня ведалі пра гэты пункт у кантракце? Па-трэцяе, у дзяржбюджэце Беларусі на наступны год была папярэдне закладзена цана 128 даляраў. Канцы з канцамі тут відавочна не сыходзяцца.
Насамрэч мы тут маем фэномэн не матэматычны, а палітычны. На наш погляд, інфармацыя пра загадкавы пункт у дакумэнце, якая зьявілася ў апошні момант, павінна прыхаваць скандальны факт: Беларусь і Расея фактычна адрынулі кантракт, падпісаны 31 сьнежня 2006 г., і прынялі адносна цэнаў на газ палітычнае рашэньне, якое ніяк не вынікае з формулы, узгодненай год таму.
З гэтага факту можна зрабіць некалькі высноваў. Найперш узьнікае лягічнае пытаньне: перагледжана толькі газавае пагадненьне — або і нафтавае таксама? Увогуле ў беларуска-расейскіх дачыненьнях падпісаныя дамовы маюць невялікае значэньне. Абодва бакі лёгка мяняюць іх пад ціскам палітычнай кан’юнктуры.
Усе расейскія экспэрты ў адзін голас цьвердзілі, што Крэмль прыняў стратэгічнае рашэньне перайсьці зь Беларусьсю на рынкавыя дачыненьні, і яно перагляду не падлягае. Цяпер яны ўсе апынуліся ў лужыне. (Дарэчы, апошнім часам ніхто з расейскіх экспэртаў ня змог спрагназаваць хады Пуціна, што лішні раз сьведчыць пра ўзровень гэтых экспэртаў).
Ад пачатку году, пасьля нафтагазавай вайны, беларускія эканамісты, грунтуючыся на падпісаных пагадненьнях паміж Мінскам і Масквою, патрацілі шмат высілкаў, ацэньваючы страты беларускай эканомікі ад штогадовага падвышэньня цэнаў на энэргарэсурсы да 2011 г., спрабавалі аналізаваць магчымыя дзеяньні беларускіх уладаў, сацыяльныя наступствы. Да гэтай справы падключыліся і міжнародныя фінансавыя інстытуты. Апазыцыя ўжо складала палітычныя пляны ў разьліку на сацыяльна-эканамічны крызыс. І вось прыяжджае Пуцін — і пасьля гэтага “Газпром” абвяшчае, што цана на газ будзе ўсяго толькі 119 даляраў. І ўсе ацэнкі трэба перарабляць ад пачатку.
Год таму Расея прапхнула падпісаньне доўгатэрміновага (на пяць гадоў) пагадненьня з Беларусьсю дзеля таго, каб кожны год не распачынаць з нашай краінай чарговай нафтавай і газавай вайны. Маўляў, формула выпрацавана, цяпер толькі падстаўляй лічбавыя значэньні сусьветных цэнаў — і ўсё.
І вось цяпер Расея пагадзілася дэ-факта не прытрымлівацца гэтага пагадненьня. І калі праз тры месяцы Масква паспрабуе вярнуцца да гэтых дакумэнтаў, то Менск, спасылаючыся на прэцэдэнтнае права, цалкам справядліва будзе даводзіць: калі можна адзін раз адступіць ад дамоваў, то чаму нельга другі, трэці і г.д.? У выніку ня выключана, што газавыя войны пачнуць здарацца кожны квартал. Чаго Крэмль імкнуўся пазьбегнуць, да таго ён прыйшоў.
Застаецца галоўнае пытаньне: за што Беларусь атрымала падарунак ад Дзеда Мароза?
Тут, хутчэй за ўсё, прычына не адна, а некалькі. Магчыма, Лукашэнка паабяцаў ня ўлазіць у расейскую перадвыбарчую кампанію, не пачынаць газавай вайны (яе перанесьлі на пасьлявыбарны час), падгульваць Маскве ў яе піярнай палітыка-псыхалягічнай гульні супраць ЗША ў зьвязку з плянамі разьмяшчэньня ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў супрацьракетнай абароны.
Што тычыцца апошняга. Заява віце-прэм’ера Расеі Іванова наконт расейскага адказу ЗША з дапамогаю Беларусі выглядае даволі небясьпечна. Але пакуль што гэта псыхалягічны ціск на Вашынгтон. Наўрад ці Масква адважыцца на разьмяшчэньне ў Беларусі ракет зь ядзернымі боегалоўкамі — са шмат якіх прычын. Адна зь іх палягае ў тым, што паміж саюзьнікамі няма даверу. Лукашэнка – некіраваны палітык. І што ён можа з гэтым ракетамі нарабіць, нікому не вядома. Напрыклад, падчас чарговай спрэчкі за газ беларускі лідэр паставіць ракеты на ўсход ад Оршы і скажа: вось цяпер давайце таргавацца.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG