Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: штраф за распаўсюд ці за перавозку ўлётак?



Ірына перавозіла ў прыватным легкавіку ўлёткі пра мітынг прадпрымальнікаў у Менску. Перад Гомелем яе затрымалі супрацоўнікі ДАІ і правялі дагляд аўтамашыны, патлумачыўшы, што шукаюць нібыта скрадзеныя іконы. Убачыўшы ў салёне ўлёткі, міліцыянты забыліся на іконы. Улёткі сканфіскавалі й перадалі ў мясцовы КДБ на экспэртызу.

11 сьнежня, ужо пасьля сталічнага мітынгу прадпрымальнікаў, участковы лейтэнант міліцыі Зубкоў склаў на спадарыню Камінскую пратакол аб незаконным распаўсюджваньні ўлётак пра мітынг. Гэты пратакол з райаддзелу міліцыі й разглядаўся сёньня ў судзе.

Матывуючы сваё рашэньне пакараць Ірыну Камінскую штрафам, судзьдзя Ксяндзоў публічна заявіў: “Адозвы, праклямацыі, ці як іх там яшчэ, былі прызначаны для распаўсюду”. Адсюль і штраф.

Гаворыць Ірына Камінская:

“Загадзя было вядома. што будзе штраф альбо, як казалі, адміністрацыйны арышт. Напэўна, сумна стала некаторым нашым органам бяз працы, і яны стварылі яе бачнасьць. Улада ня можа зьмірыцца з тым, калі прадпрымальнікі кажуць “Не!” таму ці іншаму ўказу”.

У прадпрымальніка Міхаіла, які прысутнічаў на судзе, сваё меркаваньне наконт пакараньня каляжанкі:

“Паслухалі адных, паслухалі другіх — і як было загадана, так і зрабілі”.

Міліцыянты не змаглі патлумачыць, чаму спынялі аўтамашыну прадпрымальніцы. Старшы лейтэнант Віталь Струкаў казаў: “Марудна ехала”.

Была блытаніна і адносна колькасьці ўлётак. Ірына сьцьвярджае, што ў пратаколе зрабілі дапіску, і замест 280 штук атрымалася 1280.

Лейтэнант Зубкоў наагул заявіў, што ўлётак, якія былі прывезены ў суд, не хапае, іх было болей.

Адвакат прадпрымальніцы Сяргей Красноў лічыць, што Камінскую судзьдзя пакараў з парушэньнем адміністрацыйнага й адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксаў.
XS
SM
MD
LG