Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіна зацьвердзіла прэм’ер-міністрам краіны Юлію Цімашэнку. Абраньне адбылося зь перавагай у адзін голас.


На мінулым тыдні два электронныя галасаваньні па кандыдатуры прэм’ера не далі станоўчага выніку, абодва разы не хапіла аднаго голасу. Прыхільнікі Цімашэнкі казалі тады пра збоі ў сыстэме падліку галасоў, сёньняшняе галасаваньне праводзілася ўручную, яно было адкрытым і пайменным. Канчатковы вынік 226 “за” з 450-ці.

“Наша каманда выканае кожнае абяцаньне, узятае падчас перадвыбарчай кампаніі. Ні бруд, ні карупцыя, ніякія фальсыфікацыі нас не напалохаюць,” – заявіла Юлія Цімашэнка і выклікала воплескі сваіх прыхільнікаў.

Фракцыі Партыі рэгіёнаў, камуністаў і Блёку Літвіна ў галасаваньні ня ўдзельнічалі.

Урад Віктара Януковіча, які кіраваў краінай з леташняга ліпеня па сёньняшні дзень, сышоў у адстаўку. Сам лідэр Партыі рэгіёнаў ацаніў сёньняшняе галасаваньне наступным чынам:

Януковіч: "Сёньня адбылася падзея, якая на мой погляд, паглыбіць палітычную нестабільнасьць і будзе спрыяць канфрантацыйным працэсам у грамадзтве".

Януковіч абвясьціў, што Партыя рэгіёнаў пераходзіць у апазыцыю.

“...потым вам давядзецца ўсё вярнуць да апошняй кроплі”

Якімі будуць першыя крокі ўраду Юліі Цімашэнкі? Сама яна сказала сёньня пра гэта так:

Цімашэнка: “Ну магчыма, яшчэ некалькі месяцаў урвяце некалькі шматкоў з украінскіх рэсурсаў. Але ўсё роўна потым вам давядзецца ўсё вярнуць да апошняй кроплі. Запомніце мае словы”.

А вось адказ на пытаньне пра першыя крокі кабінэту Цімашэнкі рэдактара ўкраінскай газэты “Экономические известия” Юрыя Сьвірко.

Сьвірко: "Юлія Цімашэнка перш за ўсё будзе займацца пытаньнямі паставак энэрганосьбітаў ва Ўкраіну. Яна даўно абяцала ліквідаваць "Росукрэнэрга" як пасярэдніка, аднак шмат хто ў Кіеве мяркуе, што наўрад ці ў яе гэта атрымаецца. Украіна павінна плаціць у наступным годзе за газ на 60 даляраў болей, чым Беларусь. Цімашэнка мае вельмі мала часу, каб дамагчыся перагляду кантракту, да Новага году засталося мала часу. Акрамя энэргарэсурсаў яна будзе займацца, як тут пабойваюцца некаторыя прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў, рэпрыватызацыі. Цімашэнка перад выбарамі заявіла, што забярэ адно з прадпрыемстваў у аднаго з найбагацейшых людзей Украіны Рэната Ахмэтава, які нядаўна купіў "Днэпраэнэрга".

“...канструкцыя ўраду Цімашэнкі не выглядае надта ўстойлівай”

Наколькі ўстойлівым будзе ўрад Цімашэнкі? Сёньня яна перамагла з мінімальнай перавагай, у яе шмат нядобразычліўцаў ня толькі ў апазыцыі, але і ў адміністрацыі прэзыдэнта Юшчанкі. Гаворыць экспэрт кіеўскага цэнтру імя Разумкова Аляксандар Літвіненка:

Літвіненка: "Мае асьцярожныя прагнозы палягаюць у тым, што канструкцыя ўраду Цімашэнкі не выглядае надта ўстойлівай. Тут і мінімальная перавага, і тое, што гэта кааліцыйны кабінэт, а ня ўрад, які фармавала асабіста Цімашэнка. Зь іншага боку, я мяркую, што і яна зрабіла высновы з памылак мінулага, і іншы бок "аранжавай" кааліцыі таксама высновы з гэтага зрабіў. Некаторыя лічаць, што кабінэт Цімашэнкі будзе адпраўлены ў адстаўку праз некалькі месяцаў. Але, па-першае, трэба мець важкія падставы для звальненьня, а па-другое, а якая ёсьць альтэрнатыва ўраду Цімашэнкі? Прынамсі, зараз такую альтэрнатыву ўбачыць цяжка. Таму я ня думаю, што кабінэт Цімашэнкі будзе існаваць нядоўгі час".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG