Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Аўрамчык піша кнігу “Як ствараўся “Сказ пра Лысую гару”


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 15 сьнежня)

ЛІТПРАЦЭС

АЛЕГ МІНКІН: “МАЕ “ПЕНАТЫ” – КНІГА ПА-ЗА ЧАСАМ”


У недзяржаўным менскім выдавецтве “Логвінаў” выйшла кніга Алега Мінкіна “Пенаты”. Гэта трэцяя кніга аўтара, які гучна заявіў пра сябе ў беларускай паэзіі ў сярэдзіне васьмідзесятых. Выдаўшы два зборнікі – “Сурму” ў 85-м і “Расколіну” ў 91-м – ён потым надоўга зьнік з друку. І вось новая кніга паэта, якая пацешыць тых яго прыхільнікаў, хто даўно і шчыра любіць яго вершы, і адкрые іх тым, хто разьмінуўся зь першымі яго кнігамі. Апошнія паўтары дзесяцігодзьдзі Алег Мінкін жыве ў Вільні. Зь ім па тэлефоне размаўляла наша менская карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Пачну з палешчанага карпаратыўнага самалюбства. Нам прыемна было ўбачыць, што назву вашай новай кнізе даў верш “Пенаты”, які ў 2001 годзе гучаў у праграме нашага радыё “Верш на Свабоду”. І натуральна, хацелася б думаць, што гэта не выпадковае супадзеньне...”

Алег Мінкін: “Тое, што гэты верш даў назву цэлай кнізе – гэта ня проста так. Прынамсі, тыя вершы, якія канцэнтруюцца вакол верша “Пенаты”, - гэта той новы абсалютна матыў, які зьявіўся ў маім творчым жыцьці. І таму, мусіць,ён такі важны для мяне, і таму, мусіць, гэты верш і даў назву ўсёй кнізе”.

Аксак: “Першае знаёмства з “Пенатамі” – як вяртаньне ў маладосьць – вашу і сваю, калі вы пісалі сваю “Сурму”, якая ўжо даўно стала бібліяграфічнаю рэдкасьцю, а мы яе – спачатку ў літаратурных пэрыёдыках, а потым кніжкаю – з захапленьнем чыталі. Мы знаходзім любімыя радкі ператасаванымі з новымі, невядомымі. Чаму вы так ператасавалі новае з ранейшым?”

Мінкін: “Падыход да складаньня гэтай кнігі – пазачасны. Яна цыклічная. Вершы, ня гледзячы на тое, калі яны пісаліся, тэматычна аб’яднаныя і тэма ў тэму пераходзіць паступова. Я ўзяў прынцып ста вершаў, вядомы яшчэ з японскай паэзіі. У нечым я, магчыма, пераймаў канструкцыю “Vade mecum” Цыпрыяна Норвіда. Гэта структура нагадвае прынцып даміно. Пра яе шмат можна гаварыць, але галоўнае ў тым, што яна пазачасная. Там побач вершы, напісаныя зусім нядаўна, і вершы, напісаныя вельмі і вельмі даўно”.

Аксак: “А чаму тое, што напісалася пасьля “Расколіны”, якая выйшла ў далёкім ужо 1991 годзе, вы не выдавалі асобнаю кнігай?”

Мінкін: “Гэта пытаньне не да мяне. Відаць, выдаўцоў гэта не цікавіла. І вось калі зацікавіўся канкрэтны выдавец, кніга была надрукаваная. А сам я ня вельмі й клапачуся пра тое, каб быць надрукаваным. І чым больш набіраю гадоў, тым менш пра тое клопат мой”.

Аксак: “Некаторыя з вашых вершаў у “Пенатах” сустракаліся ў друку пры канцы 90-х пад аўтарствам Хведара Ніцкі. Дзеля чаго выбітнаму аўтару “Сурмы” і “Расколіны” спатрэбіўся тады псэўданім?”

Мінкін: “Гэта такі творчы прыём. Я калі пішу ад трэцяй асобы, то мне лягчэй тады пішацца. Я тады супрацоўнічаў з тыднёвікам “Наша Ніва” і ў мяне ўзьнікла жаданьне стварыць яшчэ аднаго паэта ў іншай асабовасьці, чым Алег Мінкін, закруціць вакол новага імя ня толькі вершы, але і розныя водгукі на іх, літаратурную крытыку, стварыць нешта такое мітычнае. Былі спробы напісаць кнігу неіснуючага Хведара Ніцкі “Шарая гадзіна”. Кнігі не напісалася, а вершы Хведара Ніцкі арганічна леглі ў кнігу Алега Мінкіна. Але Ніцка і я – гэта людзі розныя”.

Аксак: “Ізноў хочацца вярнуцца да верша, які даў назву кнізе. У ім адчуваецца туга чалавека, які даўнавата зьехаў з родных мясьцін. Вы не зьбіраецеся вярнуцца ў Беларусь?”

Мінкін: “Цяпер я даволі камфортна жыву ў Вільні, але, напэўна, вярнуўся б і ў Беларусь жыць, асабліва ў тыя мясьціны, дзе нарадзіўся. Наогул, што такое настальгія па радзіме? У мяне, напэўна, гэта настальгія па тых мясьцінах, дзе нарадзіўся, і па тым часе, калі малы там жыў, рос там. Я спрабаваў туды прыяжджаць, але ва ўспамінах усё куды прыгажэйшае, а тое, што бачыш цяпер, зусім не такое. А як зьяжджаю адтуль, то зноў хочацца вярнуцца. Можа гэта ў дзяцінства хочацца вярнуцца. А так у прынцыпе я не адчуваю сябе адарваным ад Беларусі, бо Вільня ад Менску блізка. Тутака ўсялякія, груба кажучы, тусоўкі беларускія адбываюцца, сустрэчы. Таму няма такога пачуцьця аддаленасьці, адарванасьці”.

Аксак: “Ці будзе прэзэнтацыя вашай новае кнігі ў Менску з удзелам аўтара?”

Мінкін: “Рэдактар кнігі абяцаў, што будзе прэзэнтацыя ў Менску пасьля 15 студзеня”.


АЎТАР І ТВОР

МІКОЛА АЎРАМЧЫК: “УСЕ КРОПКІ НАД “І” Я РАССТАЎЛЮ Ў КНІЗЕ “ЯК ПІСАЎСЯ “СКАЗ ПРА ЛЫСУЮ ГАРУ”


На творчым рахунку Міколы Аўрамчыка каля двух дзясяткаў кніг паэзіі, выдадзеных за амаль паўстагодзьдзя актыўнага жыцьця ў літаратуры. І толькі нядаўна 87-гадовы паэт пачаў пісаць мэмуары – у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыла сьвет кніга ўспамінаў “Знаёмыя постаці”. А кнігу аналягічнага жанру пад назвай “Бывальшчына” ён піша “ў стол”, не спадзеючыся на публікацыю ў бліжэйшы час. Паэта на ягонай менскай кватэры наведаў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Мікола Якаўлевіч, я ведаю, што вы сталы слухач радыё “Свабода”. А калі ўпершыню вы пачулі яго пазыўныя?”

Мікола Аўрамчык: “О, гэта было вельмі даўно, у 1965-м, здаецца, годзе. Зь іншаземных галасоў я спачатку слухаў “Нямецкую хвалю” і “Бі-бі-сі”, асабліва літаратурныя перадачы. І аднойчы неяк злавіў нашу беларускую “Свабоду”. І ўжо з тае пары я яе слухаў заўсёды. Але тады “Свабода” моцна глушылася, і я хадзіў з прымачом па пакоі з кута ў кут, паварочваў туды-сюды антэну. Часам у нейкім кутку хвалі лепш лавіліся. Як пачаў “Свабоду” слухаць, то перастаў ужо іншыя станцыі”.

Скобла: “Ці слухалі “Свабоду” вашы сябры-пісьменьнікі? Ці абмяркоўвалі паміж сабой пачутае?”

Аўрамчык: “Пра пачутае па “Свабодзе” мы гаварылі толькі зь Янкам Брылём і Аркадзем Марціновічам. Я ведаў, што яны таксама слухаюць. Па некаторых перадачах мы нават спрачаліся”.

Скобла: “А “Свабода” ўспрымалася вамі, як “варожы голас”, ці ўсё ж як крыніца аб’ектыўнай інфармацыі?”

Аўрамчык: “Свабода” не была для мяне “варожым голасам”, таму што я ведаў многіх пісьменьнікаў з даваеннага часу. Я яшчэ памятаю суды над “ворагамі народу”. Зразумела, па вайне, як пачалі вяртацца людзі зь лягераў, я разумеў, што натварыла савецкая ўлада. Перадачы па “Свабодзе” я ўспрымаў, як сьвятую праўду”.

Скобла: “У сваёй нядаўна выдадзенай кнізе ўспамінаў “Знаёмыя постаці” вы пішаце, як з вашай дапамогай улады хацелі вярнуць у Беларусь паэта Алеся Салаўя. Што б яго тут чакала?”

Аўрамчык: “Чакала б тое, што і астатніх, якія вярнуліся. Рэпрэсіі чакалі б. Хоць Алесь Салавей быў чысты лірык. Але самі яго паводзіны падчас вайны (праца ў рэдакцыі часопісу “Новы шлях”, у цывільнай адміністрацыі мястэчка Ільля) савецкімі ўладамі адназначна былі б расцэненыя як варожыя. А тады, памятаю, прыйшоў да мяне рэдактар газэты “За вяртаньне на Радзіму” (пазьней – “Голас Радзімы”) Леанід Прокша. Маўляў, ты ведаў Алеся Салаўя, трэба зьвярнуцца да яго зь лістом, папрасіць вярнуцца ў Беларусь, будзе жыць тут і працаваць. Я зьдзівіўся, кажу: а чаму я павінен ліст пісаць? Салаўя многія ведалі. Давайце хіба калектыўны ліст напішам. А Прокша сваё гне: не, трэба, каб ты. (Потым я зразумеў: да мяне зьвярнуліся, бо я ў палоне быў, і мяне ў выпадку чаго лёгка было арыштаваць.) Я нібыта згадзіўся й кажу: “Прынясіце мне пачытаць вершы Салаўя ваеннага часу, я ж іх ня бачыў”. “Добра, прынясу.” Але больш Прокша са мной пра Салаўя гаворкі не заводзіў”.

Скобла: “А ці будзе працяг кнігі “Знаёмыя постаці”?”

Аўрамчык: “Я ўжо шмат гадоў працую над кнігай “Бывальшчына” – жыцьцёвыя розныя падзеі, здарэньні, розыгрышы, сустрэчы зь пісьменьнікамі, знаёмствы, роспаведы пісьменьнікаў, якія мала каму знаёмыя. Ну, і тое-сёе зьвязанае з вайной, занатаванае адразу па вяртаньні з вайны. Бо на фронце, пры “кацюшах”, нам запісваць нічога не дазвалялі”.

Скобла: “У многіх на памяці скандал, зьвязаны з аўтарствам паэмы “Сказ пра Лысую гару”. За прамінулы з той пары час Ніл Гілевіч двойчы выдаў паэму пад сваім прозьвішчам. Ці зьбіраецеся вы, як і раней, дамагацца суаўтарства гэтага славутага твору?”

Аўрамчык: “Я цяпер працую над кнігай “Як пісаўся “Сказ пра Лысую гару”, дзе ўсё падрабязна расказваецца. Там будуць многія невядомыя рэчы. Пісалі то мы ўдвух, удвух – ад пачатку да канца. І няма чаго тут прыдумляць. Навошта я рэгулярна расказваў бы сюжэты Гілевічу? Цягам пяці гадоў пісалася паэма, і што, я пяць гадоў хадзіў “на споведзь” да Гілевіча? Навошта? Я б сам пісаў. Навошта б я друкаваў паэму на машынцы, як ён піша? Каб атрымаць тры гады за распаўсюд самвыдату? Ён думае, што ён піша? Ахінею нейкую...”

Скобла: “Звычайна, аўтар добрай думкі пра свае творы. А вы прэтэндуеце на суаўтарства і адначасова лічыце “Сказ пра Лысую гару” слабым творам...”

Аўрамчык: “Гэта звычайная псыхалёгія творчасьці. Калі пішаш, здаецца – шэдэўр. А праходзіць час, і ты бачыш, што напісаў пасрэдную, слабую рэч. Так і з паэмай гэтай здарылася. Я да яе адношуся, як да раешніка. У “Сказе...” сёньня шмат што можна скараціць. Але кнігу “Як пісаўся “Сказ пра Лысую гару” я зраблю абавязкова. І расстаўлю ўсе кропкі над “і”.


МІКОЛА АЎРАМЧЫК. З БУДУЧАЙ КНІГІ “БЫВАЛЬШЧЫНА”

* * *
Калі ў мяне дома перашкаджалі працаваць малыя дзеці, я штодня, нават у выходны дзень, з самае раніцы прыходзіў у рэдакцыю “Маладосьці”. Зь сярэдзіны замыкаўся ў кабінэце і пісаў вершы. Адмыкаў дзьверы толькі апоўдні, калі на службу прыходзілі астатнія супрацоўнікі.

У сьцяне кабінэту былі наглуха замкнутыя дзьверы, застаўленыя канапаю. За імі знаходзілася рэдакцыя “Вясёлкі”. Яе супрацоўнікі таксама прыходзілі на службу апоўдні.

Аднаго разу я прыйшоў у рэдакцыю яшчэ да дзевяці гадзінаў раніцы. Не пасьпеў узяцца за працу, як чую, што ў “Вясёлку” пратупала адразу некалькі чалавек. Я сядзеў моўчкі. Але пасьля таго, як яны гучна, наперабой адзін перад адным, пачалі дыктаваць тэкст нейкай заявы або ліста, не варухнуўся, каб ня выдаць сваёй прысутнасьці, бо мне было няёмка быць пабочным сьведкаю іхняй таямніцы.

Але вушэй не затыкаў, бо цікавасьць адольвала таксама. Тым больш, я пазнаваў галасы сваіх сяброў, прыяцеляў і калегаў.

“Паважаны таварыш Мазураў”, -- прапанаваў Алесь Звонак.

“А, можа, лепей больш інтымна – дарагі Кірыла Трафімавіч”, -- нясьмела падказаў яму Мікола Хведаровіч.

“Не, усё-такі лепей афіцыйна – шаноўны таварыш Мазураў”, -- падтрымаў Звонака Сяргей Грахоўскі.

Пасьля я выразна пазнаў яшчэ галасы Алеся Пальчэўскага і Ўладзімера Мяжэвіча.

Карацей кажучы, за сьцяною добра знаёмыя мне людзі, уголас абмяркоўваючы, як будзе лепей, пісалі заяву першаму сакратару ЦК КПБ. У ёй яны паведамлялі яму, што ў Акадэміі навук Беларусі працуе нейкі Карпік, які актыўна ўдзельнічаў у судовых паседжаньнях і ў вынясеньні суровых прыгавораў некаторым дзяржаўным дзеячам, вядомым пісьменьнікам і асабіста ім, што пацьвярджаюць яны самі і могуць пацьвердзіць некаторыя з тых, хто ацалеў і вярнуўся з высылкі.

Так міма сваёй волі я стаў сьведкаю іх калектыўнай заявы, пра што, вядома, не гаварыў ніколму.

Мінуў час. Аднойчы мы з Алесем Пальчэўскім вярталіся разам з працы дадому. Ён распавядаў мне пра жудасныя выпадкі са свайго жыцьця ў астрогах.

Я не ўстрымаўся і спытаўся, чым скончылася справа зь іхнім лістом да Мазурава. Алесь зьбянтэжыўся і зьдзівіўся, адкуль я ведаю пра гэта.

Я шчыра прызнаўся. Ён неахвотна распавёў мне пра тое, як іх па адным выклікалі ў ЦК шараговыя інструктары і “выкручвалі” рукі, чаго яны хочуць. Маўляў, вы вярнуліся з высылкі, але ж не даказана, што вы нявінныя.
Нявінных не пратрымалі б ў Сібіры ці на Калыме пятнаццаць-дваццаць гадоў.

Я зразумеў, што пытаньне, якое яны ўзьнімалі ў сваёй заяве Мазураву, ня будзе вырашана да таго часу, пакуль не перамрэ некалькі пакаленьняў нашых людзей.

А Карпік, як распавядалі некаторыя, яшчэ абараніў доктарскую дысэртацыю і спакойна працаваў у савецкай юрыспрыдэнцыі.


КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА. ЧАС ЗЬБІРАЦЬ КАМЯНІ


Анатоль Кудравец. За дальнім прычалам: Літаратурныя партрэты. — Менск: “Медысонт”, 2007. Бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”. — С.224.

У бібліятэчцы часопісу “Дзеяслоў” выйшла ў сьвет кніга Анатоля Кудраўца пад назвай “За дальнім прычалам”. У яе ўвайшлі эсэ пра Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Янку Брыля, Уладзімера Караткевіча ды іншых слынных беларускіх пісьменьнікаў, зь якімі аўтар быў у сяброўскіх адносінах. Кніга літаратурных партрэтаў Анатоля Кудраўца – у полі зроку крытыка Міхася Тычыны.

І прыходзіць час зьбіраць камяні і час пісаць успаміны. У Анатоля Кудраўца гэта адбывалася і адбываецца вельмі натуральна і проста — адна з асаблівасьцяў ягонага творчага дару. Быў зьнешні штуршок — Падзея. У адным выпадку — юбілей калегі па пісьменьніцкім цэху, літаратурнага настаўніка, блізкага сябра, проста таленавітага чалавека. У другім — зыход у іншы, паралельны, віртуальны, сьвет Пісьменьніка зь вялікай літары, цану якому добра ведаеш. У любым выпадку ўсё вырашае абвостранае адчуваньне сябе ў гісторыі літаратуры, гісторыі народу, унікальнае адчуваньне гістарызму моманту, яго незваротнасьці і зьмястоўнасьці.

Незваротнасьць часу — адна з галоўных умоваў існаваньня зямной цывілізацыі. Незваротнасьць як фэномэн стварае парадак з хаосу, дапамагае паставіць усё на сваё месца. У выніку адбываецца пераадкрыцьцё часу, актуалізацыя мінулага, захаваньне ў памяці нашчадкаў поўных сэнсу падрабязнасьцяў і самой духоўнай атмасфэры.

Выдатны празаік Ян Скрыган, творчы партрэт якога створаны ў эсэ “Вузлы” (“вузлы” памяці, жыцьця і лёсу, самой гісторыі), давяраючы А.Кудраўцу свой літаратурны архіў, лісты, паштоўкі, надпісаў на пакунку: “Анатолю Паўлавічу. На сховань”. Не “на схоў”, не “на сховы”, не “на захаваньне” — “на сховань”. “Мовавед і мовалюб, і моватворца Скрыган, — заключае аўтар, — заставаўся верным сабе”. Час мінуў, і ёсьць патрэба расчыніць “сховань”.

У дачыненьні да Я. Скрыгана — гэта гісторыя каханьня да жанчыны, пра якую, не ўнікаючы ў дэталі інтымных стасункаў, расказаў аўтару сам пісьменьнік, сустрэча з гэтай жанчынай тады, калі Івана Аляксеевіча ўжо ня стала. У яе сямейным архіве захоўваецца болей за тысячу лістоў перапіскі, дзе згадваюцца імёны і прозьвішчы Дубоўкі, Звонака, Пальчэўскага, Хведаровіча, Шушкевіча, Грахоўскага і іншых, “каго сталінізм кінуў у лядовыя высылкі, на пакуты і ізаляцыю” і “каму пашчасьлівіла выжыць і вярнуцца на Радзіму” (“Яны выйшлі на сьцяжыну беларускага нацыянальнага адраджэньня ў дваццатыя гады і засталіся ёй вернымі да канца. Іх надламалі, але не зламалі”). Так творчы партрэт аднаго пісьменьніка ператвараецца ў калектыўны партрэт эпохі.

Той жа працэс пільнага ўзіраньня ў партрэт чалавека, які быў, жыў, тварыў, якога ведаеш, помніш, адбываецца і ў іншых тэкстах кнігі. Паняцьце “першаадкрыцьцё часу” знаходзіць свой пункт апоры і ў іншых сфэрах жыцьця.

У эсэ “Падарожжы Алеся Адамовіча”, які адкрывае кнігу, створаны ўражлівы псыхалягічны абрыс пісьменьніка: “Хто быў блізка знаёмы зь ім, той добра ведаў, які гэта быў маторны чалавек. Ні хвіліны бяз працы, ня працы — то ідэі працы, ідэі часьцей за ўсё нечаканай, ні на што непадобнай, магчыма, нават практычна нерэальнай, але заўсёды прыцягальнай, узрыўной, эфэктнай... Ідэя распальвала спачатку яго самога, а пасьля ўсіх, хто быў блізка да яго і прымаў ідэю. Стаяць каля агню і не пагрэцца? Занялося полымя, ляцяць іскры, гатовы разгуляцца калі не пажар, то добры агонь... Азірнуліся: а дзе ж Адамовіч? А Адамовіча ўжо няма, ён некуды панёсься, хутчэй за ўсё шукаць новую ідэю і яе прыхільнікаў”.

А. Адамовіч, як мала хто з ягоных сучасьнікаў, разумеў стан душы ў сьвеце, дзе парушылася сымэтрыя паміж мінулым і будучыняй, і спадзяваўся на тое, што незваротныя працэсы (славутае “Працэс пайшоў”!) урэшце прывядуць сьвет да раўнавагі. Аб гэтым сьведчаць ягоныя запісныя кніжкі (185 кніжак, блякнотаў за 40 гадоў сьвядомага жыцьця!), — паводле вызначэньня А. Кудраўца, “трапяткія рэнтгенаграмы душэўнага стану яго ў той ці іншы момант, знакі, якімі ён памячаў павароты жыцьцёвай дарогі... І адначасова гэта скандэнсаваная рэнтгенаграма часу, эпохі”. Так, мы ўступаем — з дапамогай аўтара і яго герояў — у вялікі сьвет змаганьня і паразаў, трыюмфаў і катастроф, у сьвет, які становіцца.

Залежнасьць аўтара ад яго герояў дастаткова відавочная і зразумелая. Як не перахапіць лірычна-роздумную інтанацыю Янкі Брыля, ягонае колішняе рэцэнзіі на першую кніжку А. Кудраўца “На зялёнай дарозе”, якую можна было адназначна ацаніць як прызнаньне ў захапленьні новым талентам. І на гэты раз перад намі праніклівая псыхаграма Я. Брыля: “Ён ня з тых “добранькіх”, што ніколі ня скажуць заробленага строгага слова ні сябру, ні ворагу. Ён добры той справядлівай актыўнай дабратой, якая разумее, што зло — гэта тое ж пустазельле, і калі зь ім не ваяваць, калі яго не выполваць, яно зьесьць, заглушыць усё кругом”. У згадках пра Я. Брыля, да якога ў “хату над Нёманам” едуць пісьменьнікі, ёсьць момантны “лічбавы” фотаздымак: “І раптам ля аднаго дому на вышыні, як бусел, стаіць высокі мужчына і ўзіраецца ў наш бок. “Хлопцы, дык гэта ж Іван Антонавіч!” Такім і бачыцца, і помніцца Я. Брыль: узіраецца, выглядае, сустракае новыя таленты, радуецца людзям і жыцьцю.

Ва ўспамінах пра Васіля Быкава міжволі зьвяртаеш увагу на старонку, дзе вачыма маладога літаратара ўбачана, як на трыбуну V зьезду СПБ узыходзіць Васіль Уладзімеравіч, пачынае гаварыць пра тое, што “наша літаратура перажывае крызіс”, “яе закіравалі, заняньчылі”, і як “у прэзідыюме раптам адбыўся не прадугледжаны рытуалам рух: Машэраў дэманстрацыйна ўстаў, хуткім крокам перасек сцэну і зьнік за кулісамі. Быццам уцёк... Усе зразумелі: “гаспадар” злуецца, “гаспадару” нешта вельмі не спадабалася”. Ва ўспамінах пра В. Быкава арыгінальна паказана ня толькі, што такое “слова” Быкава, але і што такое “маўчаньне” Быкава. Тэкст завяршаецца высновай: “Вечнасьць ня ведае ні грантаў, ні мэдалёў. У яе ёсьць толькі адна ўзнагарода — Памяць. Яна выдаецца пасьмяротна”.

Менавіта Памяць выхоплівае на “дальнім прычале” (і ў гэтым сэнс назвы кнігі) постаці І. Мележа зь ягоным апошнім шматзначным пытаньнем-адказам: “Сьпяшаецеся? Сьпяшайцеся...”, У. Караткевіча ў ролі “чорнага рэцэнзэнта” аповесьці К. Тарасава “Пагоня на Грунвальд” (зроблена 241 заўвага, якія самі па сабе ўспрымаюцца як нарыс па гісторыі Старой Беларусі), М. Стральцова, “паэта самоты”, “аднаго з самых аўтарытэтных заканадаўцаў паэтычна-літаратурнага клімату”, “увасабленьне пакутнага духу, адрынутага паводле нейкай незразумелай прычыны ад самога жыцьця і асуджанага трапятацца ў вечнай прозе зьліцьця з ім”, І. Чыгрынава, які, пэўна ж, застанецца ў гісторыі літаратуры ня толькі аўтарам мудраслоўя-назвы апошняга рамана “Ня ўсе мы згінем” і з якім аўтар мог сябе лічыць сябрам па духу, “па разуменьні сур’ёзнасьці факту паралельнага існаваньня на гэтай зямлі і важнасьці таго, што кожны рабіў у сваю меру на сваёй дзялянцы”, В. Бечыка, у згадках пра якога ёсьць выснова: “Мы жывём у сьвеце людзей — жывых і памерлых. Памерлыя таксама жывуць разам з намі, і цяжка сказаць, хто ўзьдзейнічае на нас болей — жывыя жывыя ці памерлыя жывыя”, У. Верамейчыка, які “вучыў дзяцей любіць родную зямлю і свой народ” і які незадоўга да сьмерці сказаў жонцы: “Хачу, каб несьлі зь бел-чырвона-белым сьцягам, і хачу, каб сьцягам укрылі маю дамавіну”.

Заключнае эсэ “Справа № 33556” узнаўляе на дакумэнтальнай аснове гісторыю жыцьця і ўзьнясеньня Паўлоўскага Аляксея Мартынавіча, селяніна, сваяка А. Кудраўца, яшчэ адной ахвяры таталітарнага рэжыму, які, у адрозьненьне ад “сьведкаў” (імёны і прозьвішчы іх названыя ў тэксьце), трымаўся годна, ні па адным пункце абвінавачанняў не прызнаў сваёй віны і загінуў, як многія, многія, многія. Гэтыя людзі таксама зьяўляюцца неад’емнай часткай нашай гісторыі і дапамагаюць нам пераадкрываць час і лепш разумець саміх сябе.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG