Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як прайшоў першы дзень без ільготаў?


Беларусы пражылі першы дзень паводле новага закону, які адмяняе льготы для шэрагу катэгорый насельніцтва.

Менскае мэтро 17 сьнежня працавала пад узмоцненай аховай: уваход у падземку пільнавалі па некалькі дзяжурных кантралёраў пад наглядам міліцыянтаў. Як прайшоў дзень – пытаюся ў адной з кантралёраў Веры Асіповіч:

“Па-першае, людзям трэба было тлумачыць. Студэнты, да прыкладу, ня ведалі, як карыстацца кпп-пераходамі. Каб нейкія неспадзяванкі, то не было. Але ганілі прэзыдэнта. Пэнсіянэры”.

У аўтобусе №100, які ходзіць па галоўнаму праспэкту сталіцы, у так званую “гадзіну пік” было амаль бязьлюдна. Кандуктарка Надзея Фурс кажа, што гэта нязвыклая зьява, але ніяк яе не патлумачыла. Пытаюся, ці лёгка спаганяць з пасажыраў аплату за праезд:

“Цяжка. У кожнага свае праблемы: канец месяца, у каго сапраўды грошай няма. А зь дзяцей шкада 600 рублёў спаганяць. Едзе дзіця гэтае ў першы кляс, дык іншы раз і ўвагі не зьвяртаеш. Няхай праедзе – мы ж таксама людзі”.

Фармацэўт менскай аптэкі Ала Вераценьнікава кажа, што першы дзень па адмене ільготаў прайшоў без інцыдэнтаў:

“Вы ведаеце, у мяне сёньня быў ільготны рэцэпт. А паколькі гэтых ільготаў ужо няма, то жанчына пайшла і набыла лекі за поўны кошт. Я нават была зьдзіўленая. Ня ведаю, ці здолеюць пэнсіянэры набываць лекі і надалей. Гэта, пэўна, будзе
Зь дзяцей шкада 600 рублёў спаганяць. Няхай праедзе – мы ж таксама людзі”.
залежыць ад сур’ёзнасьці хвароба і працягласьці лекаваньня”.

Што кажуць пра новаўводзіны самі былыя льготнікі – пытаюся ў аднаго зь іх, які назваўся Пятром Іванавічам:

“Я пэнсіянэр, меў льготы на праезд. Сёньня ўжо набываў талён за 600 рублёў. 300 і 600 – гэта розьніца, і яна адаб’ецца на рацыёне харчаваньня. Давядзецца нешта іншае купляць есьці”.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, да 17 сьнежня ў Беларусі налічвалася каля сямі мільёнаў ільготнікаў. Гэта вымагала перагляду, але ў выніку можа апынуцца так, што ільготаў пазбавяцца якраз тыя, хто сапраўды мае ў іх патрэбу, кажа эканаміст Міхась Залескі:

“Зьнікла лечкамісія? Не. Зьнікла спэцразьмеркаваньне ў шырокім сэнсе? Не. Вось гэты ўвесь былы “парцейны” спэцдоступ, гэтыя дзьмутыя эліты – усё гэта засталося. А з гледжаньня сацыяльнага – ёсьць людзі, якім трэба дапамагаць: хворыя, інваліды і гэтак далей. Сусьветны банк плянаваў, каб так і было. І, нібыта, наш урад на гэта пагадзіўся. А вось што будзе – гэта ўжо іншае пытаньне”.

Ад 17 сьнежня ў Беларусі пачаў дзейнічаць закон “Аб дзяржаўных сацыяльных льготах”. Паводле гэтага дакумэнту, адмененыя ільготы для шэрагу катэгорый грамадзянаў краіны, у тым ліку дзяцей, пэнсіянэраў, інвалідаў. Зараз яны павінны аплачваць поўны кошт праезду ў грамадзкім транспарце, набыцьцё лекаў і камунальныя паслугі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG