Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Маскве зьезд партыі «Адзіная Расея» вылучыў кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары першага віцэ-прэм'ера ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева.


Кандыдатуру Мядзьведзева прапанаваў Уладзімер Пуцін. “Яму ня сорамна і ня страшна будзе перадаць лёс Расеі”,– сказаў дзейны прэзыдэнт.
Варта нагадаць, што на мінулым тыдні 4 расейскія партыі, у тым ліку і «Адзіная Расея», прапанавалі падчас сустрэчы з Пуціным кандыдатуру Мядзьведзева на пасаду прэзыдэнта Расеі. Пуцін ужо тады ўхваліў гэтую кандыдатуру, а на наступны дзень сам Мядзьведзеў прапанаваў Пуціну, у выпадку сваёй перамогі на выбарах, заняць пасаду кіраўніка расейскага ўраду.
Сёньня , і гэта другая важная падзея з’езду “Адзінай Расеі”, Пуцін абвясьціў, што прымае прапанову: “Калі грамадзяне Расеі выкажуць давер Дзьмітрыю Мядзьведзеву і абяруць яго прэзыдэнтам, то я буду гатовы ўзначаліць урад”.
Апошнія месяцы Крэмль маскаваў свае намеры і пляны, трымаючы расейскую публіку ў напружаньні. Дастаткова прыгадаць адно дзіўнае прызначэньне прэм’ерам Зубкова. Зараз прынамсі існуе яснасьць: Мядзьведзеў – адзіны кандыдат Крамля, ніякіх запасных ці кандыдатаў апошняй хвіліны. Ведаючы асаблівасьці расейскай палітычнай машыны, яскрава прадэманстраванай на апошніх думскіх выбарах, можна з высокай доляй імавернасьці сказаць, што менавіта Мядзьведзеў стане прэзыдэнтам Расеі.
І ў другім пытаньні – таксама яснасьць, ня будзе Пуцін ні Дэн Сяа Пінам, ні аяталом, ні генсекам «Адзінай Расеі», ён зойме легальную пасаду старшыні ўраду.
Паводле маскоўскага журналіста Вадзіма Дубнова, ужо падчас свайго візыту ў Беларусь Пуцін ўжо быў як бы ў двух якасьцях, яшчэ прэзыдэнт, але як бы ўжо і прэм’ер.
Як будзе функцыянаваць расейская дзяржаўная канструкцыя пры такім разьмеркаваньні роляў, сказаць цяжка. Усё ж паводле Канстытуцыі менавіта прэзыдэнт – цэнтар прыняцьця ўсіх ключавых рашэньняў, і адправіць у адстаўку прэм’ера ён можа простым указам. Але для прэзыдэнта Мядзьведзева, ды і для Расеі ў цэлым, прэм’ер Пуцін будзе крыху большым, чым кіраўнік ураду, прызначаны ўказам. Да таго ж за Пуціным будзе канстытуцыйная большасьць “Адзінай Расеі» ў Думе, якая пры прэзыдэнце Мядзьведзеве можа заняць бок кіраўніка ўраду.
Так што сутыкненьні паміж дзьвюма галовамі расейскага ўладнага арла зусім ня выключаныя.
Цяпер беларускай уладзе не давядзецца разгадваць крамлёўскія выбарчыя рэбусы, усё ясна. Ня выключана, што тэма стасункаў Беларусі з Расеяй пасьля 2 сакавіка была галоўнай падчас перамоваў Лукашэнкі з Пуціным на мінулым тыдні. Магчыма, і крэдыт быў дадзены пад абяцаньні прытрымлівацца пэўнай лініі паводзінаў. Але якая сытуацыя складзецца ў Расеі пры прэзыдэнце Мядзьведзеве і прэм'еры Пуціне, ня ведае ніхто, у тым ліку і яны самі. Але калі паміж імі пачнецца спаборніцтва, то як выглядае, перад афіцыйным Менскам адкрыюцца дадатковы магчымасьці.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG