Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаранілі рэкляму беларускамоўных садкоў


У гарадзенскіх тралейбусах некалькі дзён гучала рэкляма пра магчымасьць аддаць сваіх дзяцей у дашкольную групу зь беларускай мовай навучаньня. Аднак празь некалькі дзён рэкляму зьнялі. Пасьля гэтага аднаго з ініцыятараў стварэньня беларускамоўных групаў Ігара Кузьмініча выклікалі на размову да загадчыка аддзелу адукацыі гарвыканкаму Сяргея Блажэя.

Мы пацікавіліся ў загадчыка аддзелу адукацыі Сяргея Блажэя: што здарылася, чаму забаранілі рэкляму ў тралейбусах і чаму выклікалі спадара Кузьмініча, які, дарэчы, працуе выкладчыкам Унівэрсытэту імя Янкі Купалы? Сяргей Блажэй патлумачыў наступнае:

Блажэй: “Перад намі паставілі пытаньне: “мы хочам рэкляму”. Добра, мы з вамі сустрэнемся, абмяркуем, якая рэкляма павінна пайсьці, і па тэксьце зробім усё. А атрымалася так, што не ўзгаднілі, сёньня толькі сустракаемся, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Яны самавольна запусьцілі гэтую рэкляму”.

Сам Ігар Кузьмініч паведаміў нам:

Кузьмініч: “Мы пачалі рэклямную кампанію, але гукавую рэкляму ў тралейбусах зьнялі. Мне сказалі: асноўная прычына тая, што яна не была ўзгоднена з гарадзкім аддзелам адукацыі. У выніку ў пятніцу яе забаранілі”.

Бацькі загаварылі пра тое, што рэкляму беларускамоўнай групы магла забараніць ідэалягічная служба. Аднак загадчык аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму Сяргей Дубавец зазначыў, што яны да гэтага ня маюць ніякага дачыненьня. “Гэта проста чуткі”, — сказаў ён. Тады мы зьвярнуліся ў тралейбуснае ўпраўленьне — і вось што даведаліся:

Карэспандэнт: “Я хацеў бы ўдакладніць наконт рэклямы дзіцячых садкоў на беларускай мове, якая была зьнятая”.

Спадар: “Гэта было на запісе? Гэта несанкцыянаваны запіс. Усе павінны прадставіць сюды, паказаць тэкст, а потым запісваць”.

Карэспандэнт: “Дык там жа прадпрымальнік рабіў, які пастаянна гэтым займаецца, няўжо ён ня ведаў?”

Спадар: “Ну, ня знаю, як убачаць грошы, дык гатовы праглынуць, падавіцца імі”.

Карэспандэнт: “Дык мне сказалі, што ён бясплатна зрабіў гэта”.

Спадар: “Ну, ня знаю, гэта ролі не адыгрывае. Усе тэксты, улёткі — ці на гукавым носьбіце, ці на папяровым — сьпярша павінны прадставіць нам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG