Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў Кіргізстане прайшлі парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх дадзеных прапрэзыдэнцкая партыя “Ак-Жок” выйграла ўсе месцы ў парлямэнце.

Апазыцыя заяўляе пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў. Паводле назіральнікаў АБСЭ, выбары ў Кіргізтане не адпавядалі дэмакратычным стандартам.
У Кіргізстане на парлямэнцкіх выбарах дзейнічае 5-адсоткавы бар’ер. У выбарах удзельнічалі 12 партый. Партыя “Ак Жок”, якая падтрымлівае прэзыдэнта Бакіева, набрала 46% галасоў, апазыцыйная “Ата Мэкэн” – больш за 9%, яшчэ адна апазыцыйная партыя – Сацыял-дэмакратычная – набрала 4.7%.
Аднак паводле кіргізскага выбарчага заканадаўства партыі, каб патрапіць у парлямэнт, трэба ня толькі набраць прынамсі 5% па ўсёй краіне , але і ня менш як паўадсотка ад агульнага сьпісу выбаршчыкаў у кожным рэгіёне краіны. Апазыцыйныя партыі, у тым ліку і “Ата Мэкэн” , ня здолелі выканаць гэтую ўмову на поўдні краіны, адкуль паходзіць прэзыдэнт Бакіеў.
Пытаньне канстытуцыйнасьці патрабаваньня наконт адсотку галасоў ва ўсіх рэгіёнаў заўтра будзе разглядаць Вярхоўны суд краіны. Калі рашэньне будзе станоўчым, то ў парлямэнт пройдзе толькі адна партыя, тая, якая падтрымлівае прэзыдэнта. Гэтак жа, як у суседнім Казахстане.
Апазыцыя абвінавачвае ўлады ў маштабнай фальсыфікацыі. Гаворыць адзін з лідэраў сацыял-дэмакратычнай партыі Роза Атунбаева.
“Парушэньні законаў былі проста жахлівымі. У Джэлялябадскай і Ошскай абласьцях мясцовыя ўлады фальсыфікавалі вынікі галасаваньня, яны выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс адкрыта і груба, яны дзейнічалі як спэцназ”.
Лідэры апазыцыйных партый кажуць, што не прызнаюць вынікі выбараў, паводле іх Курманбэк Бакіеў усё больш нагадвае Аскара Акаева, якога адхіліла ад улады “цюльпанавая рэвалюцыя” 2005 году, якой кіраваў тады Бакіеў.
Аднак паводле экспэртаў многія выбаршчыкі шчыра галасавалі за прапрэзыдэнцкую “Ак жок”, бачучы ў ёй гарантыю стабільнасьці пасьля некалькіх гадоў палітычных забурэньняў і вулічных пратэстаў.
Назіральнікі АБСЭ канстатавалі, што выбары ў Кіргізстане не адпавядалі дэмакратычным стандартам і сталі крокам назад у параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі 2005 году, на якіх быў абраны Бакіеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG