Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"На лецішчы езьдзіць стане нявыгадна"


Ад сёньня пачаў дзейнічаць Закон аб дзяржаўных сацыяльных ільготах. Пэнсіянэры, школьнікі, студэнты цяпер вымушаны аплочваць поўны кошт праезду ў грамадзкім транспарце. Пэнсіянэраў, старэйшых за 70, донараў, інвалідаў трэцяй групы, былых вязьняў канцлягераў пазбавілі зьніжак на лекі. Як успрынялі гэта тыя людзі, якіх пазбавілі льготаў?


У сталічным мэтро спакойна. Побач зь дзяжурнай па станцыі — міліцыянты, але іхняя дапамога супрацоўнікам мэтрапалітэну не патрэбна, усе законапаслухмяна аплачваюць праезд цалкам. Гутару са студэнтамі:

Карэспандэнтка: “Сёньня скасавалі льготы. Ці адчуваеце вы гэта на сваёй студэнцкай кішэні?”

Дзяўчына: “Вельмі. На вельмі істотную суму павялічыўся праезд, а каму трэба на двух відах транспарту — наагул адчувальна”.

Карэспандэнтка: “А вы зь Менску ці іншагароднія?”

Дзяўчына: “Іншагароднія. Са Слоніму”.

Карэспандэнтка: “А да бацькоў як будзеце езьдзіць?”

Дзяўчына: “А ўжо ніяк, будзем эканоміць”.

Хлопец: “Вельмі дрэнна, што плаціць давядзецца больш. Але што рабіць?”

Карэспандэнтка: “А вы родам зь Менску?”

Хлопец: “Не, з Гомелю”.

Карэспандэнтка: “І ў колькі абыдзецца візыт да бацькоў?”

Хлопец: “10 тысяч у адзін бок без ільготаў”.

Студэнт: “Будзем зайцамі езьдзіць. Праўда, у мэтро і сотым аўтобусе не атрымаецца”.

Хлопец: “А што рабіць? Краіне трэба ж неяк папаўняць казну”.

Дзяўчына: “Як мы можам ставіцца? Канечне, адмоўна. Мне трэба ехаць спачатку на аўтобусе, а потым на мэтро”.

Карэспандэнтка: “А стыпэндыю паднялі?”

Дзяўчына: “Не, нічога наагул ня чула”.

Купка 13-гадовых падлеткаў са спартовымі сумкамі едзе на трэніроўку:

Карэспандэнтка: “Колькі вам зараз каштуе даехаць да спартовай школы?”

Галасы: “Дорага. 2400 рублёў. Спачатку ў школу, потым на трэніроўку і зноў дадому. 2400 — гэта дорага”.

Карэспандэнтка: “Як ставіцеся да таго, што льготы адмянілі?”

Галасы: “Дрэнна, Вельмі кепска. Вярніце назад”.

Пэнсіянэраў пазбавілі льготнага праезду і зьніжкі на лекі. Жанчына сталага веку абураецца:

“Вельмі дрэнна гэта. У мяне інваліднасьць трэцяй групы, плаціла 50% за лекі. А цяпер трэба плаціць цалкам. З пэнсіяй 350 тысяч не пражывеш. А праезд... Што зараз з лецішчам рабіць? Прыйдзецца прадаваць. Да лецішча даехаць проста нявыгадна. Бэнзін даражэе — і на машыне нявыгадна, і на электрычцы нявыгадна. Жах!”

Карэспандэнтка: “Але абяцалі адрасную дапамогу...”

Спадарыня: “Мне яна ня сьвеціць, бо ў мяне пэнсія 350 тысяч. А там трэба 160 тысяч. Так што ніякай сацыяльнай дапамогі ня будзе”.

У аптэцы на праспэкце Незалежнасьці чэргаў, як на мінулым тыдні, няма. Але стаяць яшчэ людзі па старой звычцы з льготнымі карткамі:

Карэспандэнтка: “Вось ад сёньня адмянілі льготы на лекі. Вас гэта закранула?”

Дзядуля: “Канечне, закранула. Я наагул бясплатна атрымліваў лекі як вязень канцлягеру. А цяпер ільготаў няма. Што ж, паводле Някрасава будзем жыць: “Вынесем всё, что Господь ни пошлёт”. А што зробіш?

Гутару з бабулькай, якая стаіць з льготнай карткай.

Карэспандэнтка: “У вас льготы засталіся ці адмянілі?”

Бабуля: “Не, не засталіся, адабралі”.

Карэспандэнтка: “І гэта істотна на кішэні пэнсіянэрскай адаб'ецца?”

Бабуля: “Канечне. Вельмі дрэнна, асабліва для нас, людзей такога сталага веку, якія вайну перажылі”.

Карэспандэнтка: “Але ж давядзецца за поўны кошт купляць. Ці будзеце эканоміць?”

Бабуля: “Не, канечне, на леках не зэканоміш”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG