Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу сказаць тым, хто адабраў льготы: "Сорамна…”


Швэдзкі тэлефон 1896 году.
Швэдзкі тэлефон 1896 году.

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 17 сьнежня, панядзелак.

Ад сёньня ў Беларусі скасаваныя льготы для шэрагу катэгорыяў грамадзянаў: дзяцей, інвалідаў, пэнсіянэраў, донараў. Камэнтары слухачоў:
Уладзімер, Магілёў: “Добры дзень, паважанае спадарства. У свой час бальшавікі паказвалі праз тэлевізар амэрыканскіх беспрытульных, якія корпаліся ў сьметніках. Цяпер у нашай краіне ніхто не зьдзіўляецца, калі бачыць ня толькі бамжоў, але і пэнсіянэраў, якія корпаюцца ў баках са сьмецьцем. Выходзіць, што мы ўжо дасягнулі ўзроўню жыцьця амэрыканцаў. Дык чым жа незадаволена наша апазыцыя? Народ маўчыць. Значыць, задаволены”.
Міхаіл, Менск: “Я беларус, нарадзіўся ў Беларусі, інвалід дзяцінства трэцяй групы, пэнсіянэр. У мяне больш як 45 гадоў стажу, працаваў на шкоднай спэцыяльнасьці, зьвязанай са сьвінцом, волавам і кіслотамі. Цяпер 70 гадоў, пэнсіянэр. Бацьку рэпрэсавалі і забілі, я перажыў голад і холад, але выжыў. Маю хранічны атыт, зроблена апэрацыя на вушах, дрэнна чую. Хай такі лёс, які выпаў на маю долю, чакае ўсіх тых і іх нашчадкаў, хто адмяніў інвалідам ільготы і хто галасаваў за іх адмену”.
Спадарыня: “Я хачу сказаць людзям, якія паздымалі льготы ў пэнсіянэраў і інвалідаў: гэта сорамна, гэта непрыгожа. Хай яны паздымаюць са сваіх рахункаў грошы, якія яны панакладалі за 12 гадоў. Вось так”.
“На сустрэчы з Лукашэнкам у Пуціна відавочна была пазыцыя гаспадара над Лукашэнкам. За крэдыты Лукашэнка будзе рабіць усё, што загадае Крэмль”, — піша ў СМС-лісьце слухачка Галіна з Магілёву. У працяг тэмы наступныя тэлефанаваньні:
Спадар: “Пуцін падараваў Лукашэнку стабілізацыйны крэдыт дзеля стабілізацыі ягонага рэжыму перад парлямэнцкімі выбарамі, бо ўжо цяпер стала бачна, як гэтая ўлада страчвае давер грамадзянаў у сувязі з адменай ільготаў, бязьмежным падвышэньнем цэнаў і адабранымі правамі прафсаюзаў”.
Спадар: “Паважанае Радыё Свабода! Ці перадасі маю думку наконт няўцямнага прызямленьня на Беларусі Пуціна? Пуцін і Лукашэнка нафта-газавую вайну схітравалі з-за шапкі Манамаха. Яна вельмі прывабная для іх абодвух. І кожны зь іх хоча насіць яе пажыцьцёва!”
Тэрэза Роўба, Ліда: “Наконт выказваньня аднаго са слухачоў, які сказаў, каб апазыцыя не пратэставала супраць візыту Пуціна і “нашага саюзу,” як ён выказаўся. Дык вось што хачу сказаць вам, шаноўны слухач: гэта быў не саюз, а турма народаў. Гарбачоў ледзь-ледзь прачыніў дзьверцы — і далі ўсе дзёру хто куды! А Беларусь не пасьпела. Яе за хвост – і назад. І сталі мы на паўдарозе — і ні туды, і ні сюды. А калі вы хочаце саюзу з Расеяй, дык бярыце свайго Лукашэнку і туды, на расейскія прасторы! У Сыбір! Будуйце сабе саюз, калгасы, што хочаце. А мы як-небудзь бяз вас пражывем. І будзем жыць так, як нам захочацца. Дзякую”.
Валеры, Барысаў: “Можа, Радыё Свабода ведае? Не магу зразумець палітычныя гульні нашага прэзыдэнта. Якая можа быць гутарка пра саюзную дзяржаву, калі Беларусь разьмяшчае супраць амэрыканскай проціракетнай абароны расейскія ракеты “Іскандэр”? А Расея падвышае беларусам цану на энэрганосьбіты амаль да эўрапейскай”.
Спадар: “Высокапастаўлены дэсант з Расеі ў Беларусь высадзіўся дзеля таго, каб падтрымаць фінансава і маральна рэжым Лукашэнкі, які абапіраецца на згубную калгасную сыстэму. Рэжымы Расеі і Беларусі не клапоцяцца пра насельніцтва”.
На рэплікі слухачоў адказвае палітоляг Аляксандр Класкоўскі:
“Ніякія вайсковыя гульні Беларусі сапраўды не патрэбныя. Тут адзіная надзея на тое, што ў Расеі гэта можа быць зьвязана зь перадвыбарнай кампаніяй. І пакрысе гэты антызаходні імпэт зьменшыцца”.
Наступнае выказваньне на адрас партыі БНФ:
Спадарыня: “Ня цешце сябе ілюзіямі пра прыход БНФ да ўлады ў Беларусі. У іх жа няма ніводнай ідэі, ніводнай праграмы разьвіцьця нашай краіны. Яны не паважаюць ні законаў, ні традыцыяў сваёй дзяржавы”.
Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“З такім камэнтаром спрачацца не выпадае. Бальшыня людзей апошнія 13 гадоў жывуць у татальным інфармацыйным вакуўме. І многія ня ведаюць таго, што якраз БНФ праводзіць пасьлядоўную палітыку за стварэньне беларускай незалежнай дзяржавы, за яе ўмацаваньне і выратаваньне ад усялякіх небясьпек”.
На заканчэньне — творчасьць нашых слухачоў.
Спадар:
Эх, Фэміда, ты Фэміда.
За цябе-та нам абідна.
Акажы такую ласку
Ды здымі з вачэй павязку.
Думаю, што будуць сьлёзы
Ад усялякай нам пагрозы.
Бравых парней за рашотку,
Могуць там закрыць і цётку.
Нічога сьвятога нету,
І зжывуць цябе са сьвету.
Адмарозкамі нас шчытаюць,
Быццам, мы нічыво ня знаем.
Вешаюць табе лапшу,
А ты маўчыш і ні шу-шу.
Так, мы прастыя Сьцёпкі і Іваны,
Ня нейкія там дэбілы-хуліганы.
Гэта ж трэба так сказаць, ну і ну.
За кошт нас папраўляюць жабрачую казну.
Вось такія тут парадкі:
Штрафы лепяць, як на штаны заплаткі.
Што тварыцца тут у нас,
Дзе парадак, дзе закон.
Поўная неразьбярыха.
Усё запужаны і сядзяць дома, ціха-ціха.
Добрыя словы ў Ларысы Геніюш:
“Веру, братцы, час настаў.
Пара прачнуцца. Выйдзем з хат…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG