Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хведарука пакінулі ў шпіталі да 19 сьнежня


Маладафронтавец Зьміцер Хведарук па-ранейшаму знаходзіцца ў 9 клінічным шпіталі ў Менску. Зьміцер паведаміў, што пачуваецца лепш.


12 сьнежня яго зьбілі спэцназаўцы падчас разгону акцыі “За незалежнасьць”, прымеркаванай да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Мэдыкі зафіксавалі пабоі і чэрапна-мазгавую траўму. Зьміцер Хведарук разьлічвае, што 19 сьнежня яго выпішуць і ён будзе лекавацца дома.

Зь ім увесь час ягоныя сябры. На шпітальным ложку прымацаваны партрэт Зьмітра Дашкевіча, а на сьцяне — бандана з надпісам “Малады фронт”.
Каля ложку Зьмітра шмат падарункаў і пачастункаў, якія прыносяць наведнікі. Зьміцер вельмі ўзрадаваўся лічбаваму прымачу — падарунку ад Радыё Свабода:

“Я з задавальненьнем слухаю ўвесь час Радыё Свабода. Выходзячы з “сутак”, а я ўжо не аднойчы, на жаль, адбываў за кратамі арышты, адразу іду на сайт Радыё Свабода, каб даведацца самую актуальную і важную інфармацыю, каб ведаць што адбылося, пакуль я ня быў на свабодзе”.
Зьміцер Хведарук апавёў пра вынікі абсьледаваньня:
“Пачуваюся лепей, іду на папраўку. Дактары, праўда, яшчэ пакінулі мяне ў шпіталі, нягледзячы на тое, што пару дзён таму хацелі выпісаць датэрмінова. Прыходзіў учора акуліст і знайшоў нейкія рэцыдывы траўмы. Будуць цяпер мяне больш дасканальна абсьледаваць. Пакуль праблема з вачыма. А так спадзяюся, што ў сераду пераеду дадому адпачываць”.
Адразу пасьля таго, як Зьмітра Хведарука “хуткая” прывезла ў шпіталь, туды прыехалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады. Празь некалькі гадзінаў Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў зьбіцьцё ўдзельнікаў акцыі і жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі. Зьмітра Хведарука падчас знаходжаньня ў шпіталі наведалі прадстаўнікі амбасадаў, лідэры апазыцыйных партый і вядомыя грамадзкія дзеячы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG