Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна зь іншадумцамі ў Баранавіцкім унівэрсытэце


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 16 сьнежня)


З Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту звольнены выкладчык кафедры гісторыі й філязофіі, кандыдат гістарычных навук Анатоль Трафімчык. Неафіцыйная прычына звальненьня – удзел гісторыка ў замежных навуковых канфэрэнцыях, а таксама ягоныя публікацыі ў недзяржаўных выданьнях.

“За паездку ў Вільню я атрымаў вымову, і гэта сталася пачаткам майго звальненьня”

Міхась Скобла: “Анатоль, я ведаю, што ў Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце бракуе кваліфікаваных спэцыялістаў. І часам выкладаць той ці іншы курс запрашаюцца выкладчыкі зь Менску. Як жа так сталася, што вы, малады кандыдат навук, аказаліся непатрэбнымі гэтай навучальнай установе?”

Анатоль Трафімчык:
“Ня я адзін апынуўся ў гэткай сытуацыі. У Баранавіцкім унівэрсытэце сапраўды не хапае навуковых кадраў, абароненых спэцыялістаў. І часам запрашаюць, што называецца, для галачкі, выкладчыкаў зь іншых унівэрсытэтаў. Таму што неўзабаве наш унівэрсытэт чакае атэстацыя. Што да мяне, то сытуацыя яшчэ больш ускладняецца тым, што я абараняўся ва Ўкраінскай Акадэміі навук. І маю ўкраінскі дыплём, а таксама дадатак да яго міжнароднага ўзору, які прызнаецца ва ўсіх краінах Эўропы, якія падпісалі канвэнцыю ў Балёньі. Я спачатку прымаўся на працу на пасаду дацэнта, прайшоў конкурс на пяць гадоў. Затым мяне прымусілі перапісаць заяву на пасаду старэйшага выкладчыка і прымусілі пазачарговым разам ісьці на конкурс”.

Скобла: “Чым жа вы так не спадабаліся ўнівэрсытэцкаму начальству?”

Унівэрсытэцкае начальства афіцыйна гаварыла мне, што да мяне як да выкладчыка прэтэнзій няма
Трафімчык:
“Унівэрсытэцкае начальства афіцыйна гаварыла мне, што да мяне як да выкладчыка прэтэнзій няма. Навукоўцаў майго ўзроўню ў Баранавічах мала. Але палітыка, якая вядзецца ў Баранавіцкім унівэрсытэце, не накіраваная на павышэньне адукацыйнага ўзроўню. Яна скіраваная больш на схалястычны парадак. Пачалося ўсё з таго, што год таму я зьезьдзіў на навуковую канфэрэнцыю ў Вільню. Прыехаў дахаты, а мяне ва ўнівэрсытэце вінавацяць, што я нібыта быў на нейкім апазыцыйным мерапрыемстве, якое ладзілася за два-тры дні да канфэрэнцыі. Я тлумачыў рэктару і спрабаваў даказаць яму, што нелягічна зьвязваць гэтыя дзьве падзеі. Але рэктар быў непахісны і прапанаваў мне сысьці. За паездку ў Вільню я атрымаў вымову, і гэта сталася пачаткам майго звальненьня”.

“Калі расцэньваць паездкі за мяжу як апазыцыйныя акцыі, то самым вялікім апазыцыянэрам будзе рэктар Васіль Качурка”

Скобла: “Унівэрсытэцкі выкладчык наўрад ці можа абысьціся без удзелу ў навуковых канфэрэнцыях. Чаму ўсё ж вашы паездкі на канфэрэнцыі расцэньваліся як апазыцыйная дзейнасьць?”

Калі расцэньваць паездкі за мяжу, як апазыцыйныя акцыі, то самымі вялікімі апазыцыянэрамі будуць тыя, хто езьдзіў і езьдзіць часьцей за мяне
Трафімчык:
“Калі расцэньваць паездкі за мяжу, як апазыцыйныя акцыі, то самымі вялікімі апазыцыянэрамі будуць тыя, хто езьдзіў і езьдзіць часьцей за мяне. У першую чаргу гэта сам рэктар, а таксама начальнік навучальнага аддзелу Зуеў. Гэта ўвогуле фігура вельмі цікавая. Спачатку ён быў у складзе сацыял-дэмакратычнай партыі, аднак пайшоў зь яе і знайшоў больш цёплае месца ў дзяржаўным унівэрсытэце. Аднак ніякіх грахоў за ім ня бачаць. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту не задаволенае тым, што я ўдзельнічаю ў міжнародных канфэрэнцыях, і што маё прозьвішча вядомае за межамі Беларусі. Відаць, я прыцягваю лішнюю ўвагу да ўнівэрсытэту, а ім гэтая ўвага непатрэбная. Хоць пра Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт у краіне і за межамі часта даведваліся ад мяне. Выказваліся нават прапановы пра супрацоўніцтва, і я пра іх гаварыў асабіста рэктару. Але яму супрацоўніцтва ня трэба. А яшчэ ў віну мне ставіліся публікацыі ў недзяржаўных выданьнях. Прычым публікацыі мелі не палітычны характар, а былі выключна на тэмы гісторыі і культуры”.

Скобла: “Наконт публікацый у недзяржаўнай прэсе... Я чытаў вашы навуковыя артыкулы і ў дзяржаўных часопісах “Роднае слова” і “Беларуская думка”. Апошні, дарэчы, зьяўляецца афіцыйным органам Адміністрацыі прэзыдэнта. Дык хіба кіраўніцтва ўнівэрсытэту толькі недзяржаўныя выданьні чытае?”

Трафімчык: “Атрымліваецца, што сапраўды, унівэрсытэцкае кіраўніцтва чытае недзяржаўную прэсу, а на афіцыйныя часопісы не зьвяртае ўвагі. Я – чалавек апалітычны, я гісторык, і публікуюся ў спэцыялізаваных выданьнях, не зважаючы на тое, дзяржаўныя яны ці недзяржаўныя. Для мяне самае галоўнае – разьвіваць нацыянальную навуку і культуру”.

Скобла:
“Здаецца, рэктар вашага ўнівэрсытэту Васіль Качурка – аграрый па спэцыяльнасьці. Можа, яму і ня трэба бываць на міжнародных форумах, дастаткова наведвацца на Дажынкі. Вы дасьледуеце Заходнюю Беларусь, як вам абысьціся, напрыклад, без кантактаў з вашымі польскімі калегамі?”

Трафімчык: Без кантактаў сапраўды не абысьціся. А што да рэктара...
На жаль, ён у сваіх публічных выступах неаднойчы паказваў сваю слабую абазнанасьць у гуманітарных навуках. Прывяду толькі адзін прыклад. Спадар Качурка неаднойчы гаварыў, што ён жыве і працуе ў Беларусі (з націскам на апошнім складзе). Што гэта за дзяржава – Беларуся, я ня ведаю. Ён нават ня ўмее правільна вымаўляць назву сваёй дзяржавы!”

Скобла: “Прычыны звальненьня Анатоля Трафімчыка мы паспрабавалі высьветліць у рэктара Васіля Качуркі”.

Васіль Качурка: “Трафімчык – кандыдат навук, які не прайшоў тарыфікацыю. Таму для ўмоваў Рэспублікі Беларусь ён не кандыдат навук. Гэта па-першае. А па-другое, абірае калектыў. Ён не прайшоў па конкурсе. Калектыў яго не абраў, таму тут ніякае валявое рашэньне не магло быць прынятае. Яго абіраў Савет, большасьцю галасоў ён не абраны на гэтую пасаду, і я тут нічога ня мог зрабіць. Так запісана ў палажэньні”.

Скобла: “А як да спэцыяліста-гісторыка ў вас да яго былі прэтэнзіі?”

Качурка:
“Давайце мы на гэтую тэму ня будзем разважаць. Я разумею... Вы задалі пытаньне – я адказаў. Пра тое, што датычыць звальненьня Трафімчыка. Астатняе – гэта доўгія пытаньні”.

“Трэцяя частка Навуковага савету прагаласавала за мяне, гэта праява мужнасьці выкладчыкаў”

Скобла: “Анатоль, а як аднесьліся да звальненьня вашыя калегі?”

У той сытуацыі, якая была арганізаваная кіраўніцтвам унівэрсытэту, выкладчыкі апынуліся ў закладніках.
Трафімчык:
“У той сытуацыі, якая была арганізаваная кіраўніцтвам унівэрсытэту, выкладчыкі апынуліся ў закладніках. І я ім папросту сказаў, паколькі мне ўсё роўна не дадуць тут працаваць, паступайце так, як вам выгодна. Я не пакрыўджуся. Тым ня менш, на Савеце ўнівэрсытэту многія да мяне падыходзілі і гаварылі: “Калі будзе голас “за”, ведай – гэта мой”. І паціскалі мне руку. Дзіва – 17 чалавек (гэта трэцяя частка Савету) прагаласавалі за маю кандыдатуру. У той сытуацыі, у сытуацыі запалохваньня, гэта праява мужнасьці выкладчыкаў Баранавіцкага ўнівэрсытэту”.

Скобла: “А ці былі раней праявы нецярпімасьці да іншадумцаў у Баранавіцкім унівэрсытэце?”

Трафімчык: “Былі. Памятаеце выступ баранавіцкай каманды ў Клюбе вясёлых і кемлівых? Там быў жарт пра Аляксандра Рыгоравіча. Дык вось, пасьля таго выступу “паляцела” са сваёй пасады прарэктар па выхавальнай працы Вэнцаль. Як бачым, любое лішняе слова можа стацца прычынай для звальненьня з унівэрсытэту. І такіх звольненых, як я, у Баранавіцкім унівэрсытэце шмат, лік ідзе ўжо на дзясяткі чалавек”.

Выпускнікі Баранавіцкага ўнівэрсытэту на рынку працы не карыстаюцца папулярнасьцю”

Скобла: “Тэма вашай кандыдацкай дысэртацыі – “Сыстэма адукацыі ў Заходняй Беларусі”. А параўнайце сыстэмы адукацыі – тагачасную і цяперашнюю, на прыкладзе Баранавічаў”.

Трафімчык: “Тут вельмі шмат можна ўбачыць паралеляў. Кіраўніцтва Баранавіцкага ўнівэрсытэту, ня ведаючы гісторыі, паўтарае тыя самыя памылкі па разьвіцьці навучальнай установы. У Заходняй Беларусі пасьля 1939 году таксама адчыняліся вышэйшыя навучальныя ўстановы, напрыклад, Настаўніцкі інстытут у Беластоку. Ні выкладчыцкі склад, ні матэрыяльна-тэхнічная база гэтых ВНУ не адпавядалі належнаму ўзроўню. Паступіць у тыя інстытуты было дастаткова проста, прымаліся нават з пачатковай адукацыяй. Ды і выкладчыкаў туды прысылалі ня вельмі кваліфікаваных. Усё гэта прыходзіць на памяць, калі думаеш пра Баранавіцкі ўнівэрсытэт. Паказальна, што ягоныя выпускнікі на рынку працы не карыстаюцца папулярнасьцю”.

Скобла: “Перад Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэтам усталяваная шыльда, зь якой можна даведацца, што ўнівэрсытэт у 2004 годзе адкрыў сам Аляксандар Лукашэнка. Дык ці адчулі сябе Баранавічы ўнівэрсытэцкім горадам?”

Трафімчык: “Думаю, што яшчэ не пасьпелі, прайшло ўсяго тры гады... Мне здаецца, што варта Менску зьвярнуць больш пільную ўвагу на Баранавіцкі ўнівэрсытэт. Трэба павялічыць кантроль перш за ўсё над унівэрсытэцкім кіраўніцтвам. Таму што адбываецца дыскрэдытацыя ўнівэрсытэту, які прынята называць прэзыдэнцкім. А гэта не на карысьць прэзыдэнту”.

Скобла: “Вы сутыкнуліся з камандна-адміністрацыйнай сыстэмай і – пацярпелі паразу. Што падтрымлівае вашы сілы, што не дазваляе апусьціць рукі як навукоўцу?”

Трафімчык: “Цікавасьць да навукі. Увесь час займацца навукай – гэта стыль майго жыцьця апошніх гадоў. Больш за тры-чатыры дні адпачынку я не вытрымліваю. Мне абавязкова трэба мець пад рукой свае матэрыялы і працаваць. І я задаволены такім жыцьцём”.

Скобла: “З 1 сьнежня вы беспрацоўны. Ці маеце нейкія акрэсьленыя пляны на будучыню?”

Трафімчык: “Увогуле, хацелася б месяц не задумвацца пра новае месца працы. Проста заглыбіцца ў свае навуковыя пошукі і рэфлексіі, гэта для мяне быў бы найлепшы адпачынак. Мне паступаюць розныя прапановы, у тым ліку і з Польшчы, і зь Літвы, яны будуць разглядацца мною пасьля Новага году. Калі гэтыя прапановы акажуцца для мяне не прымальнымі, то я маю намер паехаць ва Ўкраіну, аднавіць там навуковыя кантакты і пісаць доктарскую дысэртацыю. Тут праблемаў якраз ня будзе. Аднак хацелася б працаваць на ніве беларушчыны і для Беларусі”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG