Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады тармозяць закон аб беларусах замежжа”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Алена Макоўская скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры Савеце міністраў (цяпер – пры прэзыдэнце РБ), на трэцім зьезьдзе у 2001 годзе абраная на пасаду старшыні рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, пераабраная на наступным зьезьдзе ў 2005.


Уліцёнак:
“Ці прынятая новая Праграма па супрацоўніцтву зь беларусамі замежжа, гэтаксама як і адпаведны закон? Для слухачоў нагадаю: ранейшая “працавала” ад 1993 году, калі прайшоў Першы зьезд беларусаў сьвету. Чаму ўлады гадамі тармазілі дапрацоўку гэтых дакумэнтаў?”

Макоўская:
“Да гэтага часу тармозяцца. Яны ўсё яшчэ знаходзяцца ў стадыі “дапрацоўкі”.

Уліцёнак: “Зноў жа: чаму праект не ўзгаднялі з вамі?”

Макоўская: “Мы свае прапановы накіравалі яшчэ ў 2001 годзе. І тады ж атрымалі адказ, што праграму прымуць недзе паміж 2002 і 2010 гадамі”.

Уліцёнак
: “Ці прымалі ўдзел у яе падрыхтоўцы прадстаўнікі замежнай дыяспары?”

Макоўская: “Дзесьці год таму ім разаслалі нейкі праект, але ўсе наракалі, што дакумэнт папярэдне ні зь кім не абмяркоўваўся. Што датычна закону, то нас увялі ў рабочую групу, але на яе паседжаньне запрасілі ўсяго адзін толькі раз. І сёньня праект закону нам абсалютна невядомы”.

Уліцёнак: “То бок гэта ня спроба знайсьці стасункі з вамі, а нейкая дэкарацыя?”

У нас няма навуковага цэнтру, які б вывучаў праблемы дыяспары, эміграцыі...
Макоўская:
“Тут ня тое важна, што “Бацькаўшчыну” абмінаюць. Рэч у іншым: мы рэгулярна праводзім маніторынг праблемаў беларускай дыяспары. Таму нашыя прапановы грунтаваліся на рэальным досьведзе. А яго веданьня афіцыйным структурам не хапае ўжо хоць бы таму, што ў адрозьненьне ад суседзяў у нас няма навуковага цэнтру, які б вывучаў праблемы дыяспары, эміграцыі”.

Уліцёнак: “За 15 год існаваньня “Бацькаўшчыны” вы набылі нейкую ўласнасьць – напрыклад, уласны офіс?”

Макоўская: “У адпаведнасьці з законам мелі права арэнды памяшканьня ў якім знаходзімся на аж 25 гадоў – то бок да 2018 году ўключна. Аднак летась там пачаўся рамонт, і нам наагул не прапанавалі аніякага памяшканьня. Зараз па вельмі высокіх коштах здымаем офіс у камэрцыйнай структуры.

Цягам году ўсе звароты ва ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь не далі ніякага плёну. Між тым яшчэ ў 2002 годзе Саўмін прымаў спэцыяльную пастанову, якая давала нам вельмі вялікія перавагі і правы”.


XS
SM
MD
LG